— Што ты стаіш такі пахмурны? — пытаюся.
— Ды праваліся яно ўсё, хачу хоць на тыдзень куды-небудзь з'ехаць! У вёску, у нізкае неба, у дажджы, каб як след адпісацца...
— З'едзь!
— А за які шыш? Без білета не паедзеш, ды i не кулак жа там будзеш грызці!
I тут я ўспомніла... Быў у мяне такі знаёмы Iгap К. Знаёмства наша пачалося дзесьці з сярэдзіны васьмідзесятых. Помню, ці не ў «Маладосці» быў надрукаваны мой верш, які пачынаўся радкамі:
Я з душы сваей вырвала слова
i яго акрыліць не змагла,
за абдымак куплю ў птушкалова
маладога пад восень шчыгла...
I мяне праз нейкі час проста завалілі лістамі, i ледзь не на кожным адваротны адрас: п/с i нумар... Пісалі маладыя людзі, як гаворыцца, з месцаў не надта аддаленых, якія апынуліся там з прычыны самых розных абставін на той ці іншы тэрмін. Iгap быў адным з тых адрасатаў i, як пасля расказваў, прачытаўшы той верш, уявіў сябе маладым шчыглом у клетцы, але справа ўжо не ў гэтым. Дзесьці на пачатку дзевяностых званок у дзверы. Адчыняю. Стаіць яшчэ малады чалавек з «мільёнам пунсовых руж». Гэта i быў Iгap. А бывала, мы сустракаліся выпадкова ў метро ці на вуліцы. Я радавалася за яго. Ён адкрыў нейкі свой бізнес, i ўсё ў яго было проста выдатна. Вось i сказала нашаму міламу Н.:
— Ведаеш, ёсць у мяне адзін чалавек, які, напэўна, табе дапаможа, i з'едзеш ты ў свае дажджы. Пойдзем званіць...
Гэтак яно i здарылася. Iгap не адмовіўся стаць, як тады гаварылі, спонсарам, i Н. надоўга знік.. Потым у яго былі i шумная слава, i грошы, i нават званне ганаровага акадэміка нейкай французскай акадэміі мастацтваў. I вось... Н. у бронзе. Магчыма, прыйдзе да яго i Iгap. Не ведаю, дзесьці згубіліся яго сляды ў часе, як нярэдка губляецца след шчырага, добрага чалавека. I прамовы ля помнікаў пачынаюць гаварыць зусім іншыя людзі.
Зноў званок...
— Алё-ё... Волечка?! Якое палатно?! Мужа? Не турбуйцеся, прымацаваць, вядома, будзе дзе... Прыязджайце з унукам, пабавіцца тут з маёй праўнучкай.
Званіла Вольга Куртаніч. Трэба ж, надумалі... Муж у яе выдатны мастак, дык хочуць цэлае палатно прывезці ў падарунак. I хоць дом у мяне i не надта вялікі, усяго два паверхі на дзевяць пакояў, але сцен дастаткова. Прыладзім палатно на самым кідкім месцы. Усё-ткі добра, што тут, пад Шышчыцамі, я аблюбавала сабе гэты дамок. Ці ж магла калісьці падумаць, што так разрасцецца Мінск i што можна будзе замахнуцца нават на ўласную будыніну? Калі ж гэта я купіла яе? Ды ўжо гадоў з восем... У Англіі тады выдалі майго «Міжпланетнага Пажарніка» для дзетак. Вось i з'явілася магчымасць. I зазірае штодня густое кляновае голле ў вокны, прасейваючы сонечныя промні, замінаючы ім да канца асвятліць гэты пакойчык. А я, дарэчы, i люблю прыцемак. Ён засяроджвае думкі і заўсёды навявае нейкую наразгаданую тугу... Па чым? Ці па кім? Усё імкнуся i імкнуся штосьці ўспомніць, а яно ніяк не даецца, i ці ўвогуле было яно, тое штосьці? Вялікая радасць, каханне, звычайнае простае шчасце... Ды i што яно такое? Хто можа сказаць, што спатоліў душу шчасцем?
— Бабуля... Чуеш, бабуля! Хтосьці ўжо звярнуў да нас... Табе трэба выйсці!
Ну, напэўна... Унучка прачыніла дзверы i адразу знікла. У ix сёння свой клопат, вунь які апетытны дух ідзе з кухні. Трэба ж нешта накінуць на плечы...
I хто ж гэта там палівае кветкі ў пярэднім пакоі? Лена... Лена Папова... А я ж i думала, што яна мелася прыехаць раней...
— Дык ты ўжо тут? А чаго ж адразу не зайшла да мяне?
— Хацела, але Сяргей твой сказаў, што расхвалюешся i, чаго добрага, падскочыць ціск. Ну ідзі, выходзь на ганак... Там ужо нехта прыехаў.