Глядзі ты, i надвор'е не падвяло — вясёлы i цёплы майскі дзень. Шкада, што чарнабрыўцы яшчэ не цвітуць. Столькі кветак за жыццё прайшло праз рукі, a любімымі засталіся толькі гэтыя. Чыя ж там машына? Ды Аляксей... Аляксей Дудараў з Валяй!.. І навошта абыходзяць клумбу?
— Не абыходзьце! Прастуйце цераз яе!
А вунь i яшчэ легкавічок збочвае... Вось i пачынаюць збірацца мае госці.
— Усё-ткі абышлі клумбу...
— Ды кінь ты пра яе! — Лёша нібыта i не змяніўся, тыя самыя лёгкія рухі.
— Што ж табе сёння сказаць, Баравікова?!
— Што сказаць?.. Ды каб жа я ведала, Лёша! Чарнабрыўцы яшчэ не цвітуць. Думаю, ці браты змогуць прыехаць... I ўвогуле... Маладосць наша дзесьці далёка-далёка ззаду, а наперадзе так блізенька дыхае вечнасць. Што ж тут ужо скажаш? Што скажаш?..
1994
ВУШЫ
Апошнім часам ёй часта сніліся кашмары. Сёння таксама быў кашмар. I яна ніяк не магла разагнаць у сабе пачуццё адчаю i бездапаможнасці перад той невядомасцю, якая ўсё бліжэй i бліжэй падступалася да яе i абуджала не радасць, як гэта сцвярджаюць ейная маці, бабуля, Аркадзь, а страх. Самы натуральны страх, падмацаваны гэтай начной жудасцю. Ёй хацелася як мага хутчэй пра ўсё забыцца, мітусіцца, рухацца, а яна ўжо з гадзіну, нібыта скаваная, ляжыць у ложку i няма ніякіх сіл падняцца. Калі б тут, побач з ёю, быў Алег, усё было б іначай, але Алег, ейны муж, ужо другі тыдзень у Лондане, i толькі тры тэлефонныя званкі: «Ні хвіліны вольнай! Паседжанне за паседжаннем...» У чалавецтва ўзніклі касмічныя праблемы, але якое дачыненне да ix можа мець біяфізік? Яна паспрабавала падняцца, i адразу з суседняга пакоя адазвалася бабуля Вера:
— Ніначка, ну нарэшце! — зазірнула ў яе пакой.— Прачнулася? А я тут вычытала рэцепт салаты якраз для цябе. Можа, дапамагчы апрануцца?
Ніна вяла крутнула галавой:
— Не-е... У мяне зноў быў кашмар. Пасядзі трошкі ca мною.
Бабуля села побач на ложак. Ніна прытулілася да яе, уткнулася тварам у цёплае плячо. Да горла падступіў даўкі, гарачы камяк.
— Бабулечка, мне прыснілася, што ўсё... Я разрадзілася.
— Ну то й добра, Ніначка. Хтосьці падае вестачку, што ўжо вось-вось
— Я не хачу!.. Не хачу... Абдымі! Пагладзь мяне! — Ніну душылі слёзы.— Гэта быў кашмар! Як i сказаў доктар, у мяне нарадзіўся хлопчык. Але... Але, бабулечка... Ён быў ненармальны. Не такі, як усе мы. Нейкі страшны мутант. Бабулечка... У яго былі свіныя вушы! — выдыхнула яна праз пакутлівую паўзу.
Бабуля ажно адштурхнула яе ад сябе.
— Ды што ж гэта?! Ты хаця думаеш, што ты такое кажаш?! Пра сваё дзіцятка, якое яшчэ i на свет не зірнула. Паднімайся! Уставай, зараз жа! Я цябе ў царкву адпраўлю! Глядзі, што выдумляе. Табе не са мной, з Маці Божай трэба весці размовы... Ложка не прыбірай! Сама засцялю. Апранайся!
I бабуля Вера выйшла з пакоя, наўмысна моцна ляснуўшы дзвярыма. Як ні дзіўна, гэтыя яе словы падзейнічалі. «А чаму б i сапраўды мне не пайсці ў царкву,— падумала Ніна.— Вось i голас Аркадзя чуецца з пярэдняга пакоя. Ён можа мяне падвезці». Хутка пачала апранацца. Думкі міжволі перакінуліся на Аркадзя. Што ні кажы, а ён хвалюецца за яе больш, чым маці. Не-не ды i заскочыць дадому, а раптам? Раптам ужо трэба выклікаць «хуткую». Мама во круціцца, займаецца сваім фондам, часам i пазваніць забудзецца, а Аркадзь...
Яна не ведала свайго бацькі, нават гаворак пра яго ніколі не ўзнікала. Гэта была забароненая тэма ў іхнім доме. Колькі ж ёй тады было: два, тры гады? Яна зрэдзь вярталася да таго моманту... Рассыпаныя каляровыя алоўкі на стале. Тоўсты сшытак, але ёй зусім не хочацца маляваць. Яна чакае маму. За акном ужо даўно сцямнела. У суседнім доме насупраць амаль усе вокны цёмныя. Ды вось нарэшце шчоўкае замок. Яна кідаецца насустрач маме i замірае... Побач з маці стаіць незнаёмы малады чалавек. I мама прамаўляе неяк мімаходзь: «Ніначка, гэта Аркадзь... Ён цяпер будзе жыць у нашым доме». Праз колькі часу яна папыталася ў маці: «А як жа ўсё-ткі мне яго называць?» — «Ну не бацькам жа,— адказала тая.— У цябе не ягоная кроў... Гэтак i заві... Аркадзь!» I вось ужо цэлых дваццаць гадоў яна так i заве яго, але за свайго Аркадзя яна змагла б пастаяць перад кім заўгодна. Ён адзін з самых блізкіх ёй людзей, i звычайна не маці, а яму яна давярае свае самыя патаемныя жаданні i думкі...
— Ты апранулася? — у пакой зноў зазірнула бабуля.— Аркадзь прыехаў. Ты яшчэ можаш паспець у царкву пад канец службы, каб асабліва не штурхацца ў натоўпе. Паслухайся мяне... I абавязкова паставіш свечку...
— Ну хіба ж я не ведаю, што трэба паставіць свечку.
— Дык ідзі... перахапі што.
Потым яны ехалі з Аркадзем у машыне. Яму ўжо далека за сорак, a глядзі, як трымаецца! Падцягнуты, фацэтны. Фірму адкрыў па збыту сваіх тэхналогій. Ёй схацелася дакрануцца да ягонай рукі, пяшчота супакойвала.