Але мяне не цікавіла агністае вока начнога неба.
Рука міжволі пацягнулася да цёплага ейнага цела, заблыталася ў густых валасах... I яна рванулася, выгнулася, што лазіна, ускочыла, шнурочак на шыі абарваўся, зачапіўшыся за маю руку. Штосьці халоднае кранула далонь, i я заціснуў шнурочак у кулаку. А яе ўжо не было побач. Я таксама ўсхапіўся, каб кінуцца ўслед, за ёю. Ускочыў i ўсё пашэрхла ў мяне. Зводдаль, на ўзвышшы ўздымалася змрочная аграмадзіна замка з вежамі, з байніцамі, абнесеная зубчастай сцяною. Поўня асвятляла яго, i ён выразна паўставаў перада мною ва ўсёй сваей велічы i магутнасці. Высозную браму таксама завяршала вежа. Перад брамаю зрок выхапіў масток, i па гэтым мастку ішлі людзі з паходнямі. Святло ад паходняў гуляла на зубчастай сцяне i асвятляла лугавіну. Там мільгала белая лёгкая постаць, раз-пораз азіраючыся, i, далібог, чуў я залівісты смех, да якога праз нейкі момант далучыўся яшчэ адзін гук — глухі конскі тупат. З супрацьлеглага ад замка боку, ад нечага цёмнага, у чым я адразу пазнаў лес, гэтак блізка ён быў ад мяне (скуль тут i ўзяўся), на кані імчаў вершнік — наперарэз белай постаці. Яна штосьці закрычала яму, i вершнік змяніў накірунак, павярнуў у мой бок. Спрацаваў адвечны інстынкт. Я кінуўся да выратавальнага лесу, i мне ўдалося нырнуць у гушчэчу...
Колькі я бег, не ведаю. Ламалася сучча, голле здзірала скуру, а я, дзе i браліся сілы, бег i бег... Наперадзе ўбачыў прагал. Рынуўся да яго, бег ужо па прагале. I раптам, дайце веры, бы з трубы якой вынырнуў — у вочы ўдарыла святло. Проста перада мною ляжаць Гальшаны. Божа мой літасцівы! Ледзь-ледзь бярэцца на адвячорак, але сонца ўжо за хатамі. Зусім недалёка нейкая цётка заняла i гоніць чародку гусей. Гусакі выгінаюць шыі... Такі звыклы вясковы малюнак. Я ажно задыхнуўся, a ногі ўжо не трымалі. Упаў у траву, ашаломлены i знясілены да крайнасці. Колькі праляжаў, як пасля дабіраўся да Пракопчыкавай сядзібы — не памятаю. Адно помніцца крык ягонай маці, калі зайшоў у хату:
— Або!.. Хто ж гэта вас, Адам Нічыпаравіч?! Пабілі... Ды зірніце ж вы ў люстэрка! Я зараз ёду прынясу.
I я пайшоў да люстэрка, якое вісела на сцяне. Зірнуў, твар сапраўды ўвесь скрываўлены, гэта так сучча скуру ў мяне паздзірала. А люстэрка раптам бы хіснулася, i ўбачыў у ім я яе... Сядзіць, далібог жа, на той самай купіне, дзе сядзеў удзень дзядзька Антон, схілілася, спражку на лёгкай сандалетцы зашпільвае, ды так, бы какетуе з кімсьці. А потым падняла галаву, не паверыце, позіркі нашыя сустрэліся... I адкінулася яна ўся, як тады ля Гальшанкі, той не на гэтым свеце ноччу, выгнулася, валасы наўкола траву ўсю ўслалі, a позірку ад майго не адрывае, толькі смяяцца пачала, адно што не чуў гэтага ейнага смеху... Адвярнуўся я ад люстэрка І... ледзь раніцы дачакаўся. На досвітку, нікому нічога не кажучы, толькі Пракопчыка папрасіў правесці да прыпынку, i — у Мінск! — Абвёў ён усіх нас доўгім позіркам, памаўчаў уздыхнуў цяжка,— Вось вам i стужка Мёбіуса!
Настала працяглая паўза, якую парушыў сваім фальцэтам Глушэц:
— Зусім не юбілейную гісторыю вы тут нам расказалі, прафесар!
A Пінчук палез у кішэню, штосьці выцягнуў з яе, павярнуўся да ўсіх:
— Ну вось i шнурочак той, што быў у яе на шыі. I на шнурочку амулетка ў выглядзе сякеркі. Можаце паглядзець.
На яго далані паблісквала маленечкая металёвая сякерка. Мы ўсе пацягнуліся позіркамі да яе, але ў рукі тую сякерку ніхто не ўзяў, адно дацэнт Кумковіч мармытнуў:
— A ці не абрабаваў ты часам тамтэйшы мясцовы музей, шаноўны Адам Нічыпаравіч!
Ды на гэтую яго спробу пажартаваць ніхто ніяк не адрэагаваў. Паспешліва прамовілі яшчэ некалькі тостаў за здароўе прафесара i разышліся, кожны пры сваіх думках.
Вось i мы з Пашам... Ужо падыходзілі да свайго пад'езда.
— Давай трошкі пасядзім на лавачцы,— прапанаваў Паша.— Не хочацца ў кватэры дыміць перад сном.— Выцягнуў з пачка цыгарэту i засмяяўся,— Гэта ж трэба, якія дзікія фантазіі могуць прыйсці ў галаву чалавеку ў пяцьдзесят гадоў! А яшчэ ж як быццам i не ўзрост, каб у такую неверагоднасць укідвацца!
I я адказала яму:
— А ты заўважыў, што ў прафесарскай кватэры няма аніводнага люстэрка?!
1998
ВЯЧЭРА МАНЕКЕНАЎ
Шыпшыннік пачынаўся адразу ад паваленага i ўрослага ў сакавітае разнатраўе плота, i Вольга спынілася, зразумеўшы, што тут, з гэтага боку, дзе калісьці была сцежка, абсаджаная ружовымі астрамі ды агністымі настуркамі, ёй не прабрацца да дома. Але шыпшыннік раптам перарваўся, адкрыўшы счарнелы, патрэсканы вугал дома. I яна, на момант затрымаўшыся, рынулася ў гэты, нібыта створаны спецыяльна для яе, лаз i спынілася толькі тады, калі позіркам уперлася ў ганак, дакладней, у тое, што засталося ад яго,— груд патрушчанай цэглы, спрэс зарослы павітухай. А калісьці ж было ажно сем прыступак. Яна ўмомант уявіла гэтыя прыступкі, потым дзверы на веранду. Ix цяпер не было, i ў цёмным дзвярным праёме яна пабачыла свой веласіпед, нібы толькі ўчора прыткнула яго да сцяны на верандзе. Ад нясцерпнага пачуцця нейкага даўняга болю, які ніяк не хацеў яе пакідаць, прыкусіла ніжнюю губу. Зрабілася душна, хоць спёкі яна не адчувала. Проста не заўважала яе, як i нейкай незямной, поўнай цяжкога водару разамлеласці наўкол. «Трэба ўзабрацца на цагляны грудок, i тады можна легка ўскочыць у гэты цёмны праём»,— падумала Вольга, не адрываючы вачэй ад веласіпеда,— як ён i ацалеў тут! Цэгла пад нагою абвалілася, i яна ўся сцялася, застыла ад нечаканасці...