Выбрать главу

— Э-э, я за рулём! Праз некалькі гадоў во гэтак вазіць буду ўнука. Дык вы не перадумалі? Значыцца, Максім! У нашым родзе ўсе былі Максімы... I прадзед мой, i дзед, i бацька, а я... Аркадзь!

— Дык жа бабуля Лepa — Аркадзеўна!

— Во-во, яна i настаяла. Можа, цябе вечарам у цырк звадзіць? Ты не маці, не бабулю, а мяне слухайся. Табе ў тваім становішчы трэба ўвесь час бачыць вясёлыя, мілыя, добрыя твары. Тады i эмоцыі станоўчыя будуць. Смяюнчыка ўнука нам народзіш.— Аркадзь падміргнуў ёй.— А то Вера Мікітаўна сказала, што ты зусім раскісла! З царквы забраць цябе не змагу... Тут жа дзесьці сяброўка твая паблізу жыве. Да яе зайдзі. Я не ведаю, але здагадваюся, якімі бываюць размовы ў маладзенькіх жанчын!

— У Каці вялікія праблемы.

— Што здарылася? — i спахапіўся: — Ну, калі праблемы, да яе не хадзі. Ніякага хвалявання. Гэта супрацьпаказана. Толькі светлы настрой, i усё будзе о'кей! Я дамовіўся з свяцілам доктарам, у самую фешэнебельную радзільню цябе завязём.

Яна слухала Аркадзя i думала пра Кацю... Сваю самую лепшую сяброўку, што выскачыла замуж адразу пасля школы. Там, у Каціным доме, яна i пазнаёмілася ca сваім Алегам. Божа, які гэта быў дом! Як яе цягнула туды. Кацю нібыта насілі на сваіх крылах анёлы, а яна сама сцвярджала, што гэта носіць яе на руках Валерка, ён пранасіў яе роўна чатыры гады. У ix ужо былі маленькія Лёнік i Леначка. А вось усё ранейшае знікла.

— Я не магу больш цягнуць гэты воз. Элементарна не ў стане! — аднойчы сказаў Каці Валера i знік сам. Пайшоў да нейкай багаценькай бізнесменкі, што старэйшая за яго ледзь не ўдвая. «Хоць бы Алег здагадаўся прывезці Каці што-небудзь з Лондана»,— падумала яна. Алег... Аркадзю яна не адважылася расказаць пра свой начны кашмар, а Алегу ці змагла б?! Божа, свіныя вушы!.. Навісалі над самым лобікам... A носік моршчыўся... Моршчыўся... Калі Алег даведаўся, што ў ix будзе хлопчык, прынёс ёй бярэма белых хрызантэм, усе, колькі было ў кветкавым магазіне. I чырвоным фламастэрам ледзь не на ўсю сцяну напісаў «Сёння я ўпершыню даведаўся пра цябе, Максім. Цалую, тата!» А яна сніць гэты кашмар. А можа, сапраўды пасля царквы пайсці да Каці? Валерка, гад! Як толькі пасмеў пакінуць Кацю без грошай, без працы. Аднекуль здаўна, з мінулага выплыў Валеркаў твар. Ды які там твар — тварык! Вастраносенькі, над нізкім ілбом белабрысая, доўгая, заўсёды тлустая пасмачка. Такія ж белабрысыя бровы... Яна нават лёгенька застагнала. Невядома адкуль з'явіліся тыя самыя свіныя вушы... Яны так трапна ўпісаліся ў гэты Валеркаў партрэт.

— Што, Ніначка, табе кепска?

— Не, усё нармальна, Аркадзь. Спыніся дзе-небудзь тут. Не пад'язджаць жа мне да царквы на машыне.

— Ну, як ведаеш...

Аркадзь прыпаркаваўся. Усё астатняе было як забыццё. Яна доўга стаяла ля іконы Божай Маці, удыхаючы водар распаленага воску, гарачага лёгкага паветра. Людзі пакідалі царкву, а яна ўсё ніяк не магла выказацца: «... i пазбаў мяне кашмару, атулі Сваімі далонямі ягоны тварык, не падпускай да яго нічога злога, i хай як мага хутчэй вернецца Алег...» Потым, калі ўжо ішла людным праспектам, пашкадавала, што не ўкленчыла, а раптам яе словы не дойдуць да Маці Божай, i ноччу зноў прысніцца нейкі жудасны кашмар. Але хай што заўгодна, толькі не гэтыя агідныя вушы на галоўцы, якую яна носіць у сабе. А што ж мама? Раптам успомніла, што сёння яна яшчэ не бачылася з маці. Можа, зайсці да яе ў фонд? Ёй не надта імпанаваў гэты заўсёдны матчын імпэт. Маці не магла жыць без руху, без дзейнасці. Калі ёй Бог што i даў надзвычай адметнае, дык гэта энергію, якую яна спачатку ўкладвала ў прафсаюзы, цяпер вось у Фонд дапамогі дзецям-сіротам. Хоць, ca слоў маці, сірот гэтых не так i многа. Ix, як правіла, апякуюць дзядулі, бабулі, нейкія далёкія сваякі, а тут проста няшчасныя дзеці — плады кахання алкаголікаў наркаманаў... Аркадзь нават нядаўна прапаноўваў удачарыць дзяўчынку, якую ейная маці накіроўвала на лячэнне ў Італію. Але не рызыкнулі. Вырашылі дачакацца ўнука. Няшчасныя дзеці... Ёй да гэтага часу не верыцца, што алкагалізм — хвароба! Проста нейкі распад... Але калі ёсць туберкулёзная палачка Коха, чаму б не быць i мікробу дэградацыі. Трапляе таю мікроб у арганізм, i чалавек паступова співаецца. Азірнулася... Вось дом пад нумарам 53. Як жа гэта яна прамінула яго? Можа, вярнуцца? А што гэта дасць? Ужо з год, як Людміла Іванаўна, яе любімая інстытуцкая выкладчыца, не жыве ў ім. З мужам памянялі сваю трохпакаёвую кватэру на аднапакаёўку ў нейкім мікрараёне, а можа, проста такім чынам схаваліся ад суседзяў, сяброў ды знаёмых.

У Людмілы Іванаўны быў незвычайна ціхі голас, але ўся ix студэнцкая аўдыторыя замірала, як толькі яна пачынала чытаць сваю лекцыю. Яна гэта рабіла таленавіта. Любіла запрашаць да сябе сваіх любімых студэнтаў i як толькі пачыналі піць чай, як правіла, заўсёды з'яўляўся яе адзіны сын Шурык. Накідваўся на торт, i Людміла Іванаўна сваім ціхім голасам спыняла яго: «Шурычак, a рукі? Ты зноў забыўся памыць рукі...» Шурык бег у ванны пакой, a Людміла Іванаўна далікатна апраўдвалася: «Ну, вось закончыць школу, можа, пасталее... А пакуль бы дзіця. Але скажу, i рукі заўсёды памые. Яшчэ ніколі не сеў за стол, не памыўшы!» А два гады таму назад гэты самы Шурык сваімі чыстымі рукамі разам з яшчэ адным такім самым шурыкам па суседстве з імі задушыў адну бабулю i ейнага дзесяцігадовага ўнука, каб вынесці з кватэры тысячу даляраў. Яна так i не змагла дазваніцца тады да Людмілы Іванаўны. I ніхто з аднакурснікаў не змог, таму яна i не ведае, чым закончылася следства, што сталася з Шурыкам? Хм-м... Свіныя вушы. Яна зноў была гатова вярнуцца да свайго начнога кашмару. Не-не, толькі не гэта! Спынілася ля нейкай яркай стракатай вітрыны, а потым нацягнула на галаву капюшон лёгенькага плашча i вырашыла ўсё-ткі падацца да маці...