А потым аднекуль зводдаль яна пачула вясёлую гаману. Галасы набліжаліся, i вось ужо яна выразна чуе Аркадзеў голас:
— Ніну не будзі, не трэба! Ночы ў яе неспакойныя былі.
— Ага,— адразу выплыў голас бабулі Веры.— Штосьці найшло на яе. Я нават у царкву ўчора адправіла.
— Дык яна была ў царкве? — адазвалася Марыя Канстанцінаўна.— Бачыш, Алежка, што тут без цябе робіцца!
Алежка... Алег! Ніну бы падкінула ў ложку. Хутка паднялася i, як была ў начной сарочцы, рушыла ў суседні пакой на галасы... I вось ужо яна абхапіла рукамі Алежкаву шыю, падстаўляе шчокі для пацалункаў.
— Ну хопіць вам, хопіць...— пасміхнуўся Аркадзь.— Давайце сядзем за стол! Я ад учарашняга абеду нічога не еў!
Яго прапанову падтрымалі i дружна прамовілі першы тост: за вяртанне! Алежка пяшчотна пагладжваў худзенькае плячо Ніны, зазіраў у вочы, асцярожна датыкаўся да ейнага жывата, маўляў з ім усё нармальна?
— Ну проста як малыя дзеці! — адазвалася Марыя Канстанцінаўна.— Не хвалюйся! Усё ў Нінкі як трэба! Ад сілы тыдзень, i разродзіцца. Будзеш выклікаць «хуткую», стаяць пад дзвярыма радзільні.
Алег апусціў галаву, адпіў з фужэра трошкі шампанскага.
— Марыя Канстанцінаўна, я ўжо казаў Аркадзю Максімавічу. Праз тры дні мне трэба ехаць... Ніну пакіну на вас.
— Куды? Куды ты зноў паедзеш?! — Ніна павярнула да яго ўстрывожаны твар.
— У Маскву... А потым, пасля спецпадрыхтоўкі, відаць, будзе Байканур... Ужо зацверджаны спіс міжнароднага экіпажа.
Маўчанне было працяглым. Алежкавы словы бы аглушылі ўсіх. Нарэшце пачуўся голас Марыі Канстанцінаўны:
— Дык цябе што, у космас адправяць?!
— Што ты чэпішся, Маша! — адазваўся Аркадзь.— Хай лепш раскажа, што было ў Лондане? Не проста ж так ездзіў...
— Вядома,— пацвердзіў Алег,— Прэса пакуль маўчыць, хоць пра Рудыя Карлікі было паведамленне. Дык вось... У мінулым годзе англійскія вучоныя выявілі ў нашай Сонечнай сістэме незразумелыя целы. Іхняе паходжанне пакуль загадка. Далі назву гэтым целам: Рудыя Карлікі. I яшчэ ёсць адна: Свіныя Вушы. Гэтыя Карлікі маюць форму свіных вушэй.
Ніна ўся напялася. Моцна-моцна сціснула Алежкаву руку. Свіныя Вушы... Яе начны кашмар! Пра што гэта ён такое гаворыць? А Марыя Канстанцінаўна засмяялася:
— Ну ты i разумнік! Дагаварыўся! Атрымліваецца проста нейкае свінства... Там... уверсе над намі!
— Не над намі, Марыя Канстанцінаўна, а тут... Сярод нас свінства!
Ніна заплюшчыла вочы, i адразу ўяўленне вымалевала той начны кашмар: маленькая-маленькая галоўка i... Захінулася рукою, папрасіла ціха:
— Алег, падай шклянку з сокам.
— Табе кепска? — ускочыў Аркадзь.— Дык мо пачынаецца?
— Не, усё нармальна...— Ніна неяк вінавата пасміхнулася да Алега.— Ты, Алежка, расказвай, нам усім цікава.
— Асабліва табе... Угу-у...— незадаволена прабурчэла бабуля Вера,— Выкінь з галавы! Цябе гэтыя Свіныя Вушы не тычацца!
— Вядома,— чамусьці ўзвілася Марыя Канстанцінаўна.— Алежка, ты давай працягвай... Якое гэта свінства тут, сярод нас?!
— Я меў на ўвазе ў маштабным сэнсе... У зямным! — Алег нібыта апраўдваўся, што сказаў нешта не тое,— Ну, адкрылі Рудыя Карлікі... I хутка забыліся б пра ix! Але зусім нядаўна ў Іспаніі... У маленькім гарадку Прыега дэ Кордаба археолагі падчас раскопак знайшлі старажытныя тэксты. Там была зоркавая карта i нашай Сонечнай сістэмы, а на ёй контуры тых самых Рудых Карлікаў. Іншымі словамі, Свіных Вушэй. Тэксты ўдалося расшыфраваць... Наша цывілізацыя на Зямлі не першая, праўда? Дык вось, як толькі з'яўляюцца гэтыя Свіныя Вушы, свет з катастрафічнай хуткасцю пачынае набліжацца да свайго канца. Войны, разбой, невылечныя хваробы, ніякай маралі... Трэба выявіць прыроду гэтых вушэй. Ды што я пра космас! — раптам узарваўся ён.— Зірніце за акно... Адно што не бачым! Але колькі там ix, з гэтымі самымі свінымі вушамі?! I вішчаць, i грабуць пад сябе, i адпіхваюць адно аднаго, забіваюць, гвалцяць... Бацькі адмаўляюцца ад дзяцей, дзеці гатовы парваць бацькоў!
I Ніна не вытрывала... Ускочыла, кінулася бегчы, зачапілася за крэсла... Алег ледзь паспеў падхапіць яе, i яна закалацілася, забілася ў ягоных руках:
— Замоўкні! Hi слова... Ты ўсё напрыдумляў! Няма ніякіх Рудых Карлікаў! Ніякіх Свіных Вушэй! Не пушчу! Ты нікуды больш не паедзеш!..
I ўсё ж праз тры дні познім вечарам Алег з Аркадзем стаялі на чыгуначнай платформе. Цягніка яшчэ не падалі, i Аркадзь нерваваўся:
— Мы з табой заблыталіся ў часе... Куды спяшаліся? А там Ніна ўжо можа... Ты адразу раніцай з Масквы пазвані. Далібог, яна мне сёння не падабалася, мо ўжо дзесьці ляціць на «хуткай дапамозе»?