Падала прадаўшчыцы грошы, з талеркай i шклянкай кефіру пайшла да свабоднага століка. Кава! Яшчэ трэба ўзяць каву!
— Ваша рэшта i кава,— мужчына ў кепцы паставіў на столік шклянку з кавай, паклаў побач рэшіу, пайшоў да стойкі. Праз хвіліну вярнуўся ca шклянкай мінеральнай вады.
— Вы не супраць? Дарэмна адмовіліся ад мінералкі...
Патхнула тытунём. Яна зрэдку i сама была не супраць узяць цыгарэту, але тут быў нейкі асаблівы непрыемна рэзкі пах. Моўчкі адглынула ca шклянкі з кефірам.
— Значыцца, не супраць?
Ёй хацелася абурыцца: нельга ж быць такім неадчэпным! Падняла вочы. Мужчына шырока ўсміхаўся. Зубы былі пракураныя ці мелі жаўтаваты колер ад прыроды.
— А вам пасуе!
— Што пасуе?
Яна не хавала раздражнення. Узяць i перайсці за іншы столік? Столікі ўсе занятыя... Зноў падняла вочы на мужчыну. Што яму трэба ад яе?
— Пасуе плямка ад кефіру вось тут... Ды не нервуйцеся вы! Проста не люблю вакзалаў. Быў няўдалы дзень...
— Дык надумалі прычапіцца да мяне? Нібыта ад гэтага ў вас з'явіцца любоў да вакзалаў!
Яна адставіла кефір, хутка праглынула сухі бутэрброд, запіваючы кавай з малаком, якая сапраўды была халодная i нясмачная. Эклер загарнула ў сурвэтку.
— Спяшаецеся? Пойдзеце на паветра ці ў залу чакання?
— Куды-куды? — ёй хацелася крыкнуць: якая зала чакання, да чаго тут зала, калі насупраць ейны дом, ейная кватэра! Але стрымала сябе, павярнулася i пайшла. Ненармальны! Абы прычапіцца!
Ён дагнаў яе ля переходу, кепку яшчэ глыбей нацягнуў на вочы.
— Адной не сумна?
Спынілася. Паглядзела па яго зверху ўніз. Святло ад ліхтара нібыта выхоплівала мужчыну з цемры. Божа! Куртка расшпілена, шалік з паабрыванымі кутасамі i гумовікі! Зялёныя гумоныя боты з шырокімі халявамі. Прайдзісвет! Напэўпа, п’е... ў адзіноце... во-о i твар непаголены! Толькі цяпер звярнула на гэта ўвагу. Ёй чамусьці падумалася, што да яе заўжды чапляліся менавіта такія, да непрыстойнасці абыякавыя да сваёй знешнасці i, як выяўлялася пасля, без выключэння амаль усе алкаголікі. Наліў — выпіў, выпіў — наліў!.. Гэтага яшчэ не хапала!
— Доўга будзем стаяць?
Божа, ён пасміхаецца! Спрабуе зрабіць надзвычай лагодны выгляд. I тут яе як прарвала:
— Ды што вам трэба ад мяне?! Ідзіце прэч! Мне непрыемна вас бачыць! Я спяшаюся. Спяшаюся дадому... Я хачу адпачыць! У мяне сёння дзень нараджэння. Вы сапсавалі мне вечар!..
Ён нахіліўся да яе.
— А-а?! У такім разе вечар толькі пачынаецца. Хм-м, дзень нараджэння са шклянкай кефіру...— i ціха, ля самага твару: — Як хочацца кавы... сапраўднай гарачай кавы... без цукру!
...Яны падыходзілі да яе дома. «А зрэшты, што ж у тым кепскага, калі я i запрашу яго на каву,— думала яна,— Ну паабрываныя кутасы на шаліку, ну гумовікі з шырокімі халявамі, на джынсах латка на калене,— гэта яна заўважыла ў падземным пераходзе пад плошчай,— а так i нічога сабе... Нават залішне далікатны. На злодзея не падобны, ды i ўвогуле, што ён можа зрабіць мне ў маёй кватэры?! Суседзі, тэлефон... У любы момант можа патэлефанаваць маці альбо сястра. Не замуж жа за яго ісці, ды i пры чым тут паабрываныя кутасы на шаліку, латка на джынсах, можа, ён i вельмі добры чалавек».
— Мы прыйшлі.
Двор, куды яны заварочвалі, быў цёмны, змрочны.
— Жыццё... Дзіўна, многае забываецца,— казаў ён,— а вось гэты будынак я добра запомніў яшчэ ў дзяцінстве, не думаючы, што буду запрошаны сюды на каву. Можа, таму, што на ім гадзіннік? Я ж сам мінчанін. Кватэра ў Зялёным Лузе. А жыву ў вёсцы... А вы тут, пад гадзіннікам. Цік-так, цік-так... Не цікае?
«Яшчэ як цікае! — хацелася адказаць ёй,— Трыццаць пяць націкала,— Але маўчала. Думала: — Кватэра ў Зялёным Лузе. Мінчанін. Жыве ў вёсцы. Можа, хворых бацькоў даглядае? Можа, так... На дачы! А работа? Дзе ж ён працуе? Доктар? Настаўнік? Не падобна!»
Моцна грукнулі дзверы.
— От д'ябал, не прытрымаў!
Ён узяў яе за локаць, горача задыхаў у патыліцу.
— Чаго ж цёмна?! Пад'езд без гаспадара...
Боты ягоныя цяжка тупалі. На хвіліну з'явілася нерашучасць. Ці добра яна робіць, што вядзе яго? Зрэшты, кавы мог бы выпіць i дома, калі мінчанін. Навошта напрасіўся да яе? Вось i дзверы. Вочы прызвычаіліся да цемры, хутка адамкнула замок i ўвайшла ў кватэру. Уключыла святло, сказала, каб здымаў куртку. Успомніла пра свой хатні халацік
— Даруйце, вы госць неспадзяваны...
Ён толькі пасміхаўся. Сцягнуў кепку, моўчкі зняў куртку. Яна адзначыла, што ў яго прыгожыя вочы i валасы.
— Боты сцягну, не супраць? — нарэшце азваўся ён.
Згодна кіўнула. Каб не замінаць яму ў цесным пярэднім пакоі, пайшла на кухню. Кубачкі! Хутчэй трэба памыць кубачкі i кававарку! Пачала мыць. Чула, як ён прайшоў у пакой. Затрымаўся хвіліну. Ідзе да яе...