— Адразу за каву? — пасміхнуўся: — Аб'яву ў газету яшчэ не давалі?
— Якую аб'яву? — яна не зразумела.
— Звычайную. Маладая жанчына прывабнай знешнасці хоча знайсці партнёра па жыцці, мае сваю кватэру.
— У вас i жарты!
Задумалася. Хм-м... Толькі ўчора думала яна пра гэтую аб'яву. Стрымлівала адно: няма вышэйшай адукацыі, прэстыжнай працы, а гэта, як казала сяброўка, для сучасных мужчын таксама іграе не апошнюю ролю. Калі прагматызм, дык ва ўсім... Прывабнай знешнасці i кватэры мала, проста касірка ў ашчаднай касе не гучыць! Дыплом, як фасад...
— А вы што, цікавіліся аб'явамі ў газеце? — паглядзела на яго.
— Ды не,— ён абапёрся на вушак,— Неяк аднойчы натрапіў. Жанчыны дзіўны народ: усе як адна пішуць: «Маю прывабную знешнасць». А тут трэба зацікавіць. Нешта зусім нязвыклае... Скажам, гатую толькі адну страву — вельмі смачную качку з яблыкамі — альбо: вяжу цудоўныя каптурыкі для нованароджаных...
— Качкі з яблыкамі ў мяне няма, толькі кава...— яна развяла рукамі.— А што гэта вы пра аб'явы? — расцягвала словы.— Скуль вы ўзялі, што я адна... тая самая адзінокая жанчына?
— Трэба быць сляпым, каб гэтага не бачыць. Бр-р-р... ды ў вас кожная рэч у доме крычыць пра адзіноту. Вось сюды, калі ласка!
Ёй здалося, што ён падхапіў яе на рукі, а ён проста ўзяў за руку i пацягнуў у пакой. Спынілася на парозе. Глядзела на сцены, на знаёмую мэблю, потым запытальна на яго.
— Паказаць?— Ён падышоў да шафы.— Божа, якое сіроцтва! Тры створкі, гэты халодны паліраваны бляск... А вы зрабіце вось гэтак!
Павярнуў ключ у шафе, прачыніў дзверцы: «О-о, якое багацце!» Яна ўся сцялася. Што ён робіць?! Навошта?! Ён пацягнуў да сябе край зялёнай сукенкі, стукнуў дзвярамі, зашчаміўшы гэты краёк...
— Ну вось цяпер іншая справа! Я бачу, што ў доме жыве жанчына. Яна, між іншым, прышчаміла край сукенкі, якую вешала ў шафу. Яна некуды спяшалася. Прыгожая сукенка. Вельмі! Жанчына павінна любіць сукенкі. Яны шыюцца для яе. Яны павінны яе ўпрыгожваць, але ix трэба ўмець насіць. А калi яшчэ такі твар, як у вас! Вы паглядзіце! Гэты зялёны краёк як ветразь! Ён вабіць i ляціць... ляціць да свайго берага. Падыдзіце, сядзьце на канапу.
Яна падышла. Села. Ён адгарнуў з яе лба грыўку.
— О-о, ну вядома, я гэтак i думаў! Цудоўны лоб! Незвычайна прыгожы лоб. А вы яго — пад грыўку! Не трэ-э-эба! Усё, што прыгожае, павінна быць навідавоку.
Яна спрабавала адгарнуць грыўку назад, адвяла ягоную руку.
— Разумею. Вам нязвыкла. I дарэмна! Грыўка вас псуе. Палова праспекта ходзіць з грыўкамі, а вам трэба адкрываць лоб. У вас маленькія прыгожыя вушкі. Калі вы не будзеце падводзіць вочы гэтым чорным тлустым алоўкам, a толькі злёгку пакладзяце цені — лепш зялёныя з лёгкім карычневым,— у вас будуць вельмі выразныя вочы. Вам, дарэчы, падабаецца зялёны колер?! Мне надта, гэта мой любімы...
— Кіньце! — Яна падхапілася з канапы,— Вы прасілі напаіць вас кавай. Трэба яе паставіць.
— Чакайце. Пакінем вас. Вернемся да кватэры. Тэлевізар у кутку — усё зразумела, каб можна было ляжаць на канапе! Вельмі зручна. Ляжыш i глядзіш! Не трэба ляжаць, гэта засмоктвае. Трэба стварыць нязручнасць. Значыцца, пераставіць яго вось сюды...— i ён пацягнуў тумбу з тэлевізарам.
«Раскладны стол-кніга. Яму туг не месца!» — далятала да яе. I стол «ехаў» да супрацьлеглай сцяны. «Кветкі, гваздзікі... як пяць алавяных салдацікаў напагатове! Ды не трэба ix разам! Тры пакінем тут, а па адным вось сюды, у гэтую шкляначку i збаночак!» Ён яшчэ нешта перасоўваў, перацягваў, перастаўляў. Пакой на вачах змяняўся, быў яе i не яе. Нарэшце ён спыніўся, выцер лоб рукою.
— У мяне ўсё! Кава гатова?
Яны пілі каву на кухні, так хацелася яму, там больш цяпла. Яна сказала, што не хоча, каб усе размовы круціліся толькі вакол яе, ну а што ж ён?! Ёй гэта цікава.
— Я? Я... нічога! З дзяцінства малюю. Тое-сёе выстаўляў але гэта так... не Эль Грэка! Цяпер у вёсцы. Старшыня знаёмы работу прапанаваў. За тры кавалкі стэнды розныя i залу ў Доме культуры трэба аздобіць. На тры сцяны — палотны! Я, вядома, пагадзіўся i амаль усё выканаў. Прыгожа. А вось тры кавалкі прапанаваў аддаць на вяндлярню. Для калгаса i працоўнага сялянства. Пачнуць біць вепручкоў сваіх, хай вэндзяць каўбасы. Хм-м, не хоча старшыня, у яго іншыя думкі. А як жа харч для насельніцтва?! Колькі можна вяскоўцу ў горад па каўбасу ездзіць? Га-а?
Яна падлівала каву. Вяндлярня... Каўбасы... Ён, аказваецца, малюе з дзяцінства. Ёй шкада было сукенкі, заціснутай дзверцамі, i муляў вочы тэлевізар. Вядома, не на сваім месцы! Гэта раздражняла. Ён дакрануўся да яе рукі.