Адварочваюся ад сцяны, i адразу позірк упіраецца ў кніжную паліцу. Я не хачу туды глядзець, а гляджу. Там, за шклом, на паштоўцы з ілюстрацыяй «Летняга вечара на Біч» Петэра Севярына Кроера размашысты аўтограф: «Стывен Спілберг!» Але гэта я ведаю, што там распісаўся Стывен Спілберг. А для таго, хто не ведае,— проста дзве літары «С», адно што англійскія, за якімі штосьці невыразна-хвалістае. З гэтага аўтографа ўсё i пачалося...
Тады таксама было лета. Цёплае навальнічнае лета ў Чыкага. Я гасцюю ў стрыечнай сястры Джойс i ў свайго дзядзькі Сашы. Каб пабачыцца са мной, з Лос-Анджэлеса разам з мужам Эрыкам прыехала Таня. Яна таксама мая стрыечная сястра. А Эрык — славутасць, кінаакцёр, які здымаецца ў Галівудзе. Млосны вечар. Сядзім у гасцёўні вялікага дома
Джойс: родныя i стрыечныя, а лепш, як гаворыць дзядзька Саша, «усім прозвішчам». Да мяне падыходзіць Таня, трэцца шчакою аб маю шчаку, кажа:
— Ра-а, можа, трошкі пройдземся... Тут так тлумна. Не пагаворыш.
I мы выходзім на прыцемненую Woodland. Роўненькі ланцужок прыватных дамоў Роўненькія газоны перад імі. Няяркія ліхтары. Пад адным з ix Таня спыняецца. Бярэ маю руку ў сваю, у голасе — сум.
— Ра-а, заўтра раненька мы з Эрыкам вяртаемся У Лос-Анджэлес. У Эрыка — здымкі. Ён цяпер здымаецца ў Снілберга. Фільм будзе называцца «Каспер». Спілберг не любіць, калі не з'яўляюцца на здымкі. Нам трэба ляцець! — яе голас робіцца зусім ціхім.— Ра, што мы можам для цябе зрабіць? Я... Я чытала ў газетах, што ў вас там... усё безнадзейна кепска,— Яна перахоплівае мой патухлы позірк i замаўкае. Потым зноў адзываецца: — Добра, Ра. Я не буду пра тое, што ў вас там... I ўсё ж! Усё ж, што мы можам для цябе зрабіць?
Цёплая хваля абдае мой твар. Ну што можа зрабіць жонка галівудскага мільянера, хай сабе i сваячка, для вядомай беларускай пісьменніцы? Выключна нічога. Тут трэба альбо доўга смяяцца, альбо горка плакаць. I раптам мне штосьці цюкнула, нейкае хвіліннае жаданне.
— Таня, калi ты ўжо намерылася... Калі сапраўды хочаш штосьці зрабіць для мяне... Дык, ведаеш!.. А што? Папрасі i прышлі аўтограф Спілберга. Чаму б i не? Цікава... Сусветна вядомы кінарэжысёр!
— Ра-а,— Таня сціскае маю руку.— Я хацела як лепш. Ну, a аўтограф... Вядома... Я папрашу ў Стыва. Ніякіх праблем. О'кей! Ты атрымаеш ягоны аўтограф.
I я атрымала яго праз некалькі тыдняў ужо ў Мінску.
Гэты ўспамін расслабіў. Хочацца як мага глыбей схавацца пад коўдру, каб нічога не бачыць i не чуць. Hi гэтых дзвюх літар за шклом, ні гэтага надрыўнага плачу. Так, я чую, як там, за акном, плача Вася. Бедны Вася! П'яныя слёзы таксама могуць быць горкімі. На тое ў Васі ёсць усе прычыны. У Васі былі бацькі. У Васі была бабуля. Былі ў яго жонка i маленькі сын. А потым бабуля захварэла на сухоты i на некалькі месяцаў трапіла ў адпаведны дыспансер. I ў тым дыспансеры пазнаёмілася з такім жа сямідзесяцігадовым, як i сама, хворым на сухоты. I выйшла за гэтага хворага замуж. У жыцці можа быць i такое. Але той хворы большую палову свайго жыцця прабыў у розных калоніях ды камерах папярэдняга зняволення. Толькі ж Васеву бабулю гэта не спалохала. Ён хацелася шчасця. Звычайнага жаночага шчасця. I яна вярнулася з дыспансера разам з гэтым дзедам у сваю законную двухпакаёвую кватэру. Як яны жылі, што там адбывалася ў вялікай сям'і суседзяў, ніхто не ведае. Яны раптоўна замкнуліся ў сабе. Але неўзабаве не стала Васевых бацькоў а потым памерла i сама бабуля. Ну, а маладзенькая Васева жонка з маленькім сынам некуды з'ехала. I Вася застаўся адзін, дакладней, адзін на адзін з гэтым... Не ведаю, як i сказаць, бо яго ніхто ніколі не бачыў не размаўляў з ім, адно чулі ад Васевай бабулі, якая часам любіла сядзець на лавачцы ля пад'езда: «Пайду, мой ужо, напэўна, злуецца. Трэба гатаваць абед. Мой прывык, каб роўна ў дзве гадзіны на стале стаяў суп. А я яму яшчэ i скварачку строю». Цяпер, мабыць, гэтую скварачку строіць Вася. Мне яго шкада. Бедны Вася! Але як даймаюць гэтыя ягоныя п'яныя ўсхліпы! Дзякуй Богу ёсць коўдра. Я яшчэ паспяваю падумаць, што трэба было б усё-ткі штосьці напісаць маёй чытачцы, i, далібог жа, засынаю...
— Дазвольце-дазвольце!.. Вы ўжо другі раз з'яўляецеся сюды! Я ж вам сказаў вы не той тып жанчыны, які мне патрэбен!