Выбрать главу

— Містэр Спілберг, але я не наконт здымкаў! Я не хачу здымацца ў кіно. Я атрымала ваш аўтограф... Вы не памятаеце? З таго моманту гэта i пачалося, усё перавярнулася ў маёй творчасці... Я пішу не тое, што мне хочацца.

— Нічым не магу дапамагчы! — разводзіць рукамі Спілберг i на імгненне задумваецца.— Аўгограф? Я шмат каму даю аўтографы.

— Гэты ў вас прасіла Таня... Таня Айдл! Для мяне.

— Магчыма.— Спілберг падумаў i дадаў — Я ўжо спазніўся. У мяне дамоўленасць з Хары...

— Хочаце сказаць з Харысанам Фордам, ага-а?! Ну i няхай пачакае Форд. Я глядзела «Храм лесу» i ўсё астатняе... Але вашыя ініцыялы... Вашыя два «С», яны ўплываюць на назвы маіх апавяданняў Што гэта можа быць? Энергія вашага таленту ці штось іншае? Вы нейкім чынам уздзейнічаеце на мяне, скоўваеце маю ўласную творчую фантазію.

— Глупства! — кідае Спілберг, i раптам у ягоным позірку з'яўляецца цікавасць.— Чаму вас не арыштавалі?! Няўжо вас не спыніў ніводзін паліцэйскі? Вы разгульваеце па Лос-Анджэлесе ў гэтым турэцкім вырабе амаль голая... Ці вы на аўтамабілі? Тады дзе прыпаркаваліся? Я не чуў каб сюды пад'язджаў аўтамабіль!

На мне сапраўды начная кашуля турэцкай вытворчасці, купленая на мінскім стадыёне «Дынама», але як гэта я разгульваю?! I які можа быць аўтамабіль?!

— Містэр Спілберг... Вы чагосьці не разумееце. Я не разгульваю па Лос-Анджэлесе. Я сплю ў Мінску, у сваёй кватэры на праспекце імя газеты «Известия». Ага-а, газеты... Вам не смешна, што хтосьці мой спальны праспект назваў газетай?

— Я зрэдку чытаю «Moscow News»,— хутка адказвае Спілберг,— Ваша газета мяне не цікавіць. Ды прыкрыйцеся вы, нарэшце! У крэсле плед... Я не магу глядзець на вашыя голыя ногі. Яны ў жахлівых дрыжыках.

— Не глядзіце! Ногі як ногі. Мне проста трэба разабрацца, чаму ў назвах маіх апавяданняў вашыя «С»? Дарэчы, вы нават не запыталіся, што ў мяне ў руках? А гэта штотыднёвікі... Ага-а... «Літаратура i мастацтва», містэр Спілберг! Газета нашай творчай інтэлігенцыі. Якраз у ёй усе гэтыя апавяданні i надрукаваныя. Можаце паглядзець! «Санаторый смерці», «Сненні стомленага Сенечкі», «Сіні сандалет»...— i я шпурляю штотыднёвікі на ягоны пісьмовы стол. Але Спілберг не звярнуў на ix ніякай увагі. Ён глядзіць на мае голыя ногі.

— Дзе ваш абутак?! Паслухайце... А можа, вас абрабавалі? Дык гэта вашыя! Угу-у, яны самыя! Цяпер у Амерыцы разбоі ўчыняе руская мафія.

— Містэр Спілберг, я — беларуска... Я не маю ніякага дачынення да рускай мафіі!

— Добра! Вы — беларуска i вы жывяце ў Айдлаў? Вы іхняя сваячка, та-ак?! Эрык i Таня ў Каліфорніі. У Эрыка там здымкі, i вы тут сабе дазваляеце...

— Божачкі, містэр Спілберг! Дзе «тут»?! Якое можа быць «тут»! Ну калі да вас нарэшце дойдзе! Я не жыву ў Айдлаў мяне ўвогуле няма ў Лос-Анджэлесе! Я сплю! Сплю ў сябе ў Мінску...

— А вы часам не наркаманка? Які Мінск? Які сон?! Даруйце, мне гэта ўсё пачынае надакучаць! Мяне ўжо паўгадзіны чакае Хары,— I Спілберг пачынае кудысьці тэлефанаваць, набірае нумар за нумарам, і ўсё не тое. Ён нервуецца і злуецца, але нарэшце некуды датэлефанаваўся... Ну вядома, да Айдлаў як гэта я не здагадалася адразу! A Спілберг ужо працягвае мне трубку, маўляў размаўляйце!

— Але-е,— няўпэўнена прамаўляю я i адразу пазнаю голас стрыечнай сястры.

— Ра-а,—Таня хвалюецца i абвальвае на мяне цэлы вадаспад пытанняў— У цябе нейкае падарожжа? Чаму ты не папярэдзіла?! Ты даўно ў Лос-Анджэлесе?! Стыў кажа, што ў цябе, напэўна, узніклі праблемы! Толькі не адчайвайся, Ра-а, прашу цябе! Стыў завязе цябе да нас, ты не супраць? Я зараз скажу яму. Ён возьме ключы ў нашых агульных знаёмых. У доме ты знойдзеш усё, што табе трэба: абутак, адзенне... Прымераеш, штосьці табе абавязкова падыдзе. Пашукай у шафах. Ага-а, грошы! Ра-а, у цябе ёсць грошы? Я папрашу Стыва... Ён дасць табе колькі трэба. Мы пасля яму вернем. Не саромся. Ра-а, абавязкова патэлефануй у Чыкага... Ра-а... Ра-а! Я не чую цябе!

— Таня, перадыхні! Ты мяне проста ашаламіла. Якое падарожжа? Якія грошы?! Мяне няма ў Лос-Анджэлесе. Я сплю ў сваей кватэры ў Мінску. I хутка прачнуся. Вось-вось... Зараз... Я ўжо прачынаюся. Напэўна, днее... Мне чуецца знаёмае пазвоньванне. Гэта — Вася, Таня. Мой сусед Вася. Ён збірае парожнюю тару пад вокнамі...

— Ра-а, які Вася? Якая та-ара?! Перадай трубку Стыву...

I я не паспяваю перадаць трубку Спілбергу. Я расплюшчваю вочы. Сапраўды, ужо днее. Ах, Вася, Вася, як не ў час ён з'явіўся пад маім балконам! Калі б не звон ягоных бутэлек, я, напэўна, пpaexaлася б са Спілбергам па Лос-Анджэлесе, пабыла б у Таніным доме i бог ведае дзе яшчэ! Але што не дадзена, тое не дадзена, i калі ўжо я прачнулася, трэба ўставаць. Зараз жа выйду на балкон i як след паўшчуваю Васю. Але нехта мяне апярэджвае.