Выбрать главу

Ну, вядома, ей трэба зараз жа i паехаць. I яна выйшла на кухню, падумала, што яшчэ вып'е кавы... Зірнула на сцяну, дзе вісеў насценны каляндар, i ўся сцялася: нядзеля, адзінаццатага ліпеня! Той самы дзень, пра які згадвае бабуля. Як жа гэта яна забылася?! Учора ж адрывала лісткі з гэтага календара. Адарвала i ўчарашнюю суботу, а нядзелю пакінула. Паглядзела на гадзіннік: ды якое там ля абеду?! Яна можа быць у бацькоў i пад вечар, гэта — як ёй пашанцуе з аўтобусамі. «А мо гэта ўсё i няпраўда? — мільганула думка.— Бабулі ўявілася штосьці... падчас летаргічнага сну. A калі праўда? Тады ёй трэба тэрмінова патэлефанаваць аграномцы Галі, што жыве праз дзве хаты ад бацькоў, i папрасіць Галю, каб паклікала да тэлефона маці... Яна i раскажа ёй пра бабулін ліст i пра тое, што піша бабуля пра Геніка». I Ліда пайшла да тэлефона...

— Дык у вас жа дома нікога няма,— адказала ёй Галя.— Бацька твой на досвітку у дровы падаўся, каня у лясніцтве яшчэ звечара ўзяў, з ім i маці паехала. Тут жа ў нас чарніцы ўвесь лес засыпалі, дык хоча ягад набраць,

— Ну, a Генік? — запыталася Ліда.

— Ён з вядром, бачыла, ішоў мо з гадзіну назад... Напэўна, на возера з хлопцамі рушыў. Яны там усё ракаў ловяць.

I ў Ліды ўсё абамлела... Кінула трубку, чамусьці зноў узяла бабулін ліст, прабегла вачамі: «...Хай яна не адпускае Геніка на возера адзінаццатага ліпеня, таму што можа здарыцца бяда». A Генік пайшоў на возера, i яна не змагла, не паспела папярэдзіць маці! I Ліда склала на грудзях рукі. Яна нічога іншага не магла прыдумаць, як звярнуцца да свайго Анёла-Ахоўніка.

«Калі ты сапраўды ў мяне ёсць,— горача зашаптала яна,— мой Анёл-Ахоўнік, калі тое, пра што напісала бабуля, праўда, дык дапамажы мне цяпер. I, можа, гэта будзе адзіная мая просьба да цябе, можа, я ніколі больш да нябе i не звярнуся. Уратуй Геніка, дапамажы яму, апыніся ў той момант ля яго, калі што такое павінна здарыцца! Паслухайся мяне, мой даражэнечкі заступнічак. Ты ж павінен ведаць Геніка, дык ці можаш ты дапусціць якую бяду?! Я ж пасля ніколі не дарую сабе, калі што ліхое адбудзецца! Ці ж у радасць табе будуць мае слёзы?! Міленькі, не адвярніся, пачуй мяне, зрабі ласку... Калі ты ад Бога, ты ўсё можаш!..» — i яна яшчэ доўга штосьці шаптала, а потым хутка сабрала дарожную сумку, праверыла, ці добра зачынены ўсе вокны, i пакінула кватэру.

Праз нейкія дзве гадзіны, як ёй i думалася, Ліда ўжо была ў маленькім гарадскім пасёлку. Надвор'е на вачах мянялася. Калі выязджала з Мінска, пякло сонца, а тут узняўся вецер, зусім не па-летняму рэзкі i халодны. З-за далягляду выплывала цяжкая чорная хмара, i дзесьці там, яшчэ далёка, раз-пораз успыхвалі маланкі, пагрымваў гром. Яна ўжо узяла білет на мясцовы рэйс i цяпер стаяла на ганку старога аўтобуснага вакзала. Да адпраўлення аўтобуса было яшчэ паўгадзіны. «Дык што ж там дома? — думалася Лідзе.— Ці вярнуліся з лесу бацькі? A Генік? Можа, i ён прыйшоў ўжо з таго возера?! Што ж я трывожуся, непакоюся, калі можна набраць яшчэ раз Галін нумар!»

I Ліда сышла з ганка, у вочы сыпанула пылам, пяском... «Ну i вецер! Хутка ён аціхне, усё сцішыцца... I тады ліне дождж! Відаць, будзе моцная навальніца. А вунь i будка тэлефона-аўтамата ля газетнага кіёска, i нейкі мужчына ідзе да яе. Можа, яшчэ распачне нейкую сваю доўгую размову, a ў мяне няма часу чакаць»,— падумала Ліда i кінулася яму наперарэз, каб апярэдзіць, i ў той жа момант азірнулася на крык... Проста на яе ляцеў вялізны кавалак іржавай бляхі, якую вецер сарваў ca старога вакзальнага даху, i гэта было апошняе, што яна бачыла ў сваім зямным жыцці.

A ў гэты самы час у бацькоўскай хаце на верандзе Надзея Хведараўна, ейная маці, перабірала чарніцы. Ягады брала чыста, i ўсё ж пракідваліся ігліца i дробныя лісточкі ягадніку. З трывогай пазірала на акно, за якім усё неба абклала цяжкая хмара. Успыхвалі зыркія маланкі, i адразу гучна ляскаў гром, i яна непакоілася, што яшчэ ні старога, ні Геніка няма дома. Ды вось, здаецца, ідзе Генік, мільганула ягоная кепачка. Бразнуў клямкай, спыніўся ў парозе...

— Чаго ж ты там стаў? — адазвалася яна,— Ідзі ў хату, паеш.

— Ты сварыцца будзеш,— сказаў Генік.

— Чаго гэта я сварыцца буду?

— Я пад карчы, што ля валуна, заплыў i ў водарасцях заблытаўся. Спужаўся дужа, ледзь выблытаўся, быццам дапамог хто. Мог захлынуцца!

I Надзея Хведараўна хацела штосьці крыкнуць на яго, але ўгледзела ў акно, што хтосьці бяжыць да ix у хату. I пазнала аграномку Галю. Адставіла чарніцы, выцерла аб хвартух рукі. А Галя як убегла на веранду, так i застыла...