— Ну, што ты, Галечка, мо што пазычыць прыйшла?
Галя не глядзела на яе, усё адводзіла i адводзіла вочы, а потым абняла Геніка, прыціснула яго да сябе i выдыхнула:
— Не, не, цётачка Надзя! Не магу я вам сказаць такога! Ліда ваша... Ліда... Вам у гарадскі пасёлак як мага хутчэй ехаць трэба!
I апошнія ейныя словы заглушыў вадаспад дажджу, які нізрынуўся з неба, ярасна i апантана, заліваючы ўсё наўкол. За вокнамі — шумела, цурчэла, стагнала...
Гэта плакаў Анёл-Ахоўнік.
1999