Выбрать главу

— Рэчы Вольчыны ў шафу ніяк паскладаць не магу. Усё езджу i езджу ў Хойнікі, такі ў мяне нечаканы клопат, Валера.

Taгo, каго маці назвала Валерам, Вольга паспела ўжо заўважыць, але яго яна бачыла ўпершыню, ці яе падводзіла памяць. Гэта быў яшчэ даволі малады мужчына, які адразу адазваўся да маці, але не азірнуўся, разглядаў фотаздымкі, застаўленыя за шкло серванта.

— A ў каго цяпер няма клопату, Іванаўна,— i чамусьці засмяяўся.— Дзе гэта Пятровіч ваш так здымаўся, х-халера?! I ўсё з маладзіцаю нейкаю!

— Ды Люба гэта! Люба! Хіба ты Любы не пазнаў?

— I не пазнаў Іванаўна, што вы думаеце? Тут яна бы артыстка!

Любе да артысткі было далека... «Калі б бацька не распачаў свой гандлёвы бізнес, яна, магчыма, i дасюль прадавала б у нейкай сваёй канторы бухгалтарам,— чамусьці падумалася Вользе,— У той канторы бацька i пазнаёміўся з Любай i потым ужо разам з ёю вазіў у Польшчу на продаж розны тавар, але ўпрошвалі Любу доўга. Вось i маці ўспомніла пра гэта».

— Люба, Валера, для нас што шчаслівая знаходка. Золата, а не дзеўка! У Польшчу аднаму цяжка ездзіць, а яна ўпраўная. Спачатку, праўда, наадрэз: не, i ўсё! Але неяк угаварылі, яна ў Віці i за бухгалтара, i за прадаўца.

— А чаму вы самі з Пятровічам не ездзіце?

— Э-э, Валерачка,— адмахнулася маці.— Я ж i ездзіла дзесьці з год, i грошы добрыя мы зараблялі. А потым, ці ж ты не чуў? Аперацыя ў мяне гэтая... Я ж цяпер ужо інвалід. А доктар, чуеш, да апошняга казаў: «Я вам лімфавузел прааперырую!» Быццам я дурная, не ведаю, дзе ў мяне лімфавузел... Пухліна ракавая была, я ж гэта добра разумею. Дык які цяпер гандаль? Якая Польшча?!

— Яно канешне, Іванаўна... Канешне...— Валера падышоў да стала,— Ф'ю-ю... I навошта пачасчунак такі! Нa мой розум, дык i ніякай праводкі вам не трэба рабіць.

— Дык у нас жа ўвесь другі паверх без святла,— занервавалася маці,— А там жа i пакоік Вольчын... А ў яе апошні клас! Ці ж нам без электрычнасці заставацца?! Пры лямпе з кнотам?! Я табе добра заплачу, Валерачка.

— Ды не ў гэтым справа, Іванаўна! Вы ж тут, у Лясным, ад свету адрэзаныя. А на цэнтральную ўжо, можа, трэцяя камісія прыязджала. Нават японцы два былі... Адсяляць усіх адсюль будуць, як па той бок Хойнікаў. Зарэчча ўжо адсяляюць... Мы цяпер, Іванаўна, што тыя манекены, прымералі на сябе заразу гэтую i паказваем усяму свету што з намі тут адбываецца.

— Ну, ці ж разумны ты, Валера?! Aгa-a, манекены! Што выдумаў! Газет начытаўся. Хто ж нас цяпер адсюль адсяляць будзе, нас бы адразу адсялілі! Ты палічы... Чатыры гады прайшло пасля выбуху. Ды каб было тут што якое, ці ж нам бы дазволілі будавацца?! Мы ж усё, што зарабляем, на гэтыя сцены ўпляжваем, хто нам грошы такія верне?! Нічога больш не кажы мне... Сядай во-о... Чарку вазьмі... А потым на другі паверх пойдзем, я табе пакажу, дзе што там у нас! Сядай, сядай...

Валера сеў, бліжэй да сябе падсунуў талерку. I маці таксама села насупраць яго. Цяпер Вольга зноўку бачыла толькі ейную спіну, а хацелася бачыць твар. I Вольга пайшла да крэсла, што стаяла ў кутку недалёка ад стала... «Валера цябе не ўбачыць, i я не буду бачыць»,—успомніла яна матчыны словы. Значыцца, яна тут можа сядзець колькі заўгодна, пакуль не скончыцца гэтая іхняя такая неверагодная вячэра.

— Дык адкаркоўвай пляшку... Салата ў мяне сёння смачная атрымалася.

— З яе i пачну,— сказаў Валера.— А пляшка пакуль хай пастаіць. Спачатку пад'ем...— i паглядзеў на маці.— А наконт праводкі мяркуйце, Іванаўна... Ці ж не памятаеце, як залетась дзяцей нашых у піянерскі летнік пад Мінск вазілі? Дык начальства высокае да ix у рэспіратарах прыехала, вo-o як! Баяліся, што нашыя дзеці на ix радыяцыяй надыхаюць. А вы ўсё сцены гэтыя абсталёўваеце... Праводка вам трэба.