Валера бразнуў відэльцамі, адсунуўся ад стала:
— Іванаўна, не людзі гэта! Вар'яты да вас у хату прыйшлі. Яшчэ не было такога тут у нас, каб хто дзіця сваё аддаваў у чужыя рукі па добрай волі.
— Вар-р-р-'яты!— скрывіўся мужчына.— На мацюка нарываешся. Нелегалы мы.
— Ага-а, нелегалы,— хутка адазвалася жанчына,— На ўсе Падліпкі толькі мы адны i ёсць. I ўсё з-за гэтага чорта,— кіўнула яна на мужчыну.— Нас падманулі... У Гомелі ў нас хата была, на самым уездзе. А потым хлопцы нейкія падлабуніліся. «Прадайце,— кажуць.— Мы вам добрыя грошы дамо i ў вёсцы хату за бясцэнак купіць дапаможам». I ў Падліпкі тыя нас вазілі. Хату паказалі, стаяла з забітымі вокнамі. Добрая хата.
— А яна ўжо тады без гаспадароў была. Нічыя,— сказаў мужчына.— Людзі адразу, як толькі выбухнуў Чарнобыль, адтуль з'ехалі. Але ж мы пра гэта не ведалі.
— Маўчы, п'янюга! Каб табе грошы кішэні не пяклі, каб мы адразу туды паехалі, цяпер бы, можа, ужо ў нейкім іншым месцы жылі б. А ён жа, гаспадынечка, піў i піў i я за ім цягалася. A калі сабраліся ў тыя Падліпкі, там ужо i людцаў не было. Усіх адсялілі, усе адтуль з'ехалі. Радыяцыя ix па ўсёй Беларусі раскідала.
— I супраць яе адна сіла ёсць,— мужчына кіўнуў на пляшку, паглядзеў на Валеру,— Ра-азлівай!
Валера падсунуў «Сталічную» да сябе, падумаў i паставіў яе пад стол.
— Дудкі! — сказаў ён i павярнуўся да маці.— Вы ж павінны ведаць, Іванаўна, майго суседа. Ну, Цапік Васіль... Ён на цэнтральнай у цяпліцах за вартаўніка. Дык на пачатку лета сучка ў яго ашчанілася. Ён шчанючкоў тых хацеў забраць з будкі i сучку да варотаў да слупа бетоннага прывязаў... А яна ж, як угледзела, што шчанюкоў бяруць, дык слуп той бетонны вывернула i па ўсім двары яго цягнула... Дык то ж сучка, Іванаўна! Эх-х... Людзі! Усё вы разам з хатаю прапілі! А можа, Чарнобыль нутро з вас высмактаў!
— Табе ж патлумачылі,— буркнуў мужчына.— Нелегалы мы! — падумаў штурхануў Клаўдзю,— Нам з ею ўжо i прапасці можна, пажылі... А ты б Ганначку нашу пабачыў! Навошта дзіцяці дзічэць разам з намі, каб радыяцыя ела. Назад у Гомель няма нам ходу.
— Чаму? — адазвалася маці.— Вядома... Калі прадалі, хату сваю ўжо не вернеце, але ж дзяўчынку ў нейкі інтэрнат уладкаваць можаце. Дый сваякі нейкія ў вас ёсць...
— Далека... Далека сваякі, гаспадынечка. На Поўначы,— загаласіла Клаўдзя,— Вазьмі Ганначку нашу, не пашкадуеш. Ой, якое дзіцятка разумнае, як слухацца ўмее! Калі я скажу ёй, яна цябе адразу мамкаю будзе зваць!
— У Гомель вам трэба вяртацца,— абарвала яе маці,— У нас ужо ёсць дачка, немаўлятка нам трэба. Мы хлопчыка сабе хочам узяць, i каб яшчэ да году...— i маці замоўкла, потым сказала: — Яшчэ хтосьці... на машыне пад'ехаў.
Вольга таксама пачула. За домам, зусім блізка загула машына. Але гул як узнік, так i абарваўся.
— Няма ніякай машыны,— сказаў Валера,— Прыдалося, Іванаўна... Я гляджу, цямнець хутка пачне. Выпраўляйце вы гэтых бадзяжнікаў, ды на другі паверх пойдзем, калі ўжо так трэба праводка вам.
— Электрычнасць правесці хочам,— загаварыла маці да жанчыны i не скончыла... Хтосьці яшчэ ўвайшоў у дом. На верандзе чуліся гучныя хуткія крокі, i, калі дзверы ў гасцёўню адчыніліся, Вольга ледзь не задыхнулася: бацька! На парозе стаяў бацька. Гэта ён i прыехаў на машыне. Яна столькі гадоў яго не бачыла, ад таго самага лета. Яны нават не перапісваліся, хоць стрыечная казала, што ён прасіў у яе іхні адрас, але так i не напісаў... Бацька зняў пінжак, шпурнуў яго на канапу. Затрымаў позірк на маці i, не зважаючы ні на кога, кінуў ёй злосна:
— Чамадан збяры!
— Ві-іця? — Маці паднялася з-за стала,— Я ж табе ўсё сабрала ў чырвоную сумку. Там дзве кашулі...
— Рэчы мае збяры! Дзе чамадан чорны?!
— На другім паверсе... чамадан чорны.
I бацька рынуўся на кухню. Адтуль пачаў паднімацца па лесвіцы на другі паверх. Вольга добра чула ягоныя крокі.
— Нічагусенькі не разумею... Якія рэчы? Я ж яму, Валера, усё сабрала...— i маці ўзяла Валеру за руку.
— Ай, не разу-умееш,— адазвалася Клаўдзя.— Ды кідае ён цябе, ідзе ад цябе... Мой першы таксама калісьці во так казаў: «Чамадан збяры...» Усе яны так гавораць. А нам жа даводзілі людзі: «Дзіцятка ўзяць яна хоча, a сям'і там няма, развальваецца! Люба нейкая ў яго ёсць!» — i ўжо да свайго мужа: — Пайшлі, Сцёпа, адсюль... Тут цяпер не да нас!
Яны пачалі выходзіць з-за стала... Жанчына падхапіла сваю сумку «Палёт». Мужчына паглядзеў на Валеру:
— І не наліў-такі, гад!
— Ідзі, ідзі...— адмахнуўся Валера i пачаў супакойваць маці: — Ды не слухайце вы гэтую цётку, Іванаўна! На тое i язык, каб малоць... На вас твару няма. Ды Пятровіч не такі, каб сям'ю кінуць.