* * *
Аўтобус Магілёў — Мінск спыніўся ў Беразіне. Доўгачаканае сонца, шэрыя домікі над ракою і ў новай, з залацістых дошак, прыбіральні бязлітасны надпіс наконт таго, што тут (дата) была... устаяка прадаўшчыца (імя і прозвішча) з магазіна №... Сумна. «Уездная звериная глушь!..» Ці толькі тут гэта? Ці ўсё гэта тое, што выходзіць гноем наверх?..
* * *
Два вялікія выпрабаванні — славай і паклёпам. Нялёгка іх пераносіць. І проста яны не праходзяць, не пакідаючы следу. Дый ці праходзяць?..
Моцнае і сталае пачуццё тугі па сапраўдным чалавеку. Пазнаеш, захапляешся, потым пазнаеш бліжэй — расчараванне і зноў туга...
* * *
З прыемнасцю прачытаў у Салаухіна: «Нет ничего хуже, дичее и гаже, когда человек бьет другого человека».
Амаль заўсёды, калі думаю, што чалавека крыўдзяць — да болю выразна і міжвольна, не розумам, а сэрцам станаўлюся на баку слабейшага. Цяпер нават часта ўяўляю пры гэтым, што пакрыўджаны кожны родны мне чалавек. Не думаю, што гэта баязлівасць, бо я сам сабе неаднойчы давёў, што не вельмі баязлівы. Часцей думаю, што гэта слабасць, хвараблівасць. А даваенны «крытык» К. сказаў бы проста, што гэта сентыментальнасць...
Не! Бо я з маленства не любіў, калі б'юць чалавека.
* * *
Чытаю «Жажду жизни» І. Стоўна — пра Ван-Гога, пра нас, пра абавязак перад людзьмі, пра шчасце несці гэты абавязак. Ёсць штосьці вышэй за смерць, і недарма — думаў, чытаючы,— людзі шукалі Бога, неба, вечнасці.
Між іншым, чакаючы аўтобуса ў Турцы, слухаў гутаркі пра паступленні ў ВНУ. О, усёмагутны хабар, як ён увайшоў у наш побыт! Проста людзі не хочуць, а можа, і не могуць паверыць, што хтосьці не можа ўзяць хабар з-за сумленнасці.
І не дзівіся, не крыўдуй, што не вераць, не хочуць паверыць, што ты пішаш не за грошы, а па абавязку.
Абапал дарогі — жыта і кукуруза на спецыяльна ўгноенай зямлі: каб з райкомаўскай ды абкомаўскай машыны здавалася, што яны тут усюды добрыя. Бачыў у Смаргонскім раёне.
* * *
Прачытаў пахвалены Адамовічам раман Аксёнава «Звездный билет». Многа добрага, цікавага, свежага, але сапсавала ўсю справу гісторыя кахання Дзімы і Галі — выпрабавання гэтага кахання чужым ложкам. Так і не могуць нашы літаратары дазволіць, каб чалавек пакахаў і сам пачаў сваю каханую,— гэта павінен зрабіць нехта трэці, а ўжо тады можна яе падняць ды страсянуць, як чужую посцілку, ды радавацца, што цяпер ужо наша каханне будзе надзейным, правераным. І як гэта проста, як лёгка робіцца! І як гэта ўжо абрыдла і ў літаратуры і ў жыцці!..
* * *
Мікола Засім.
Прыкра стала ад майго нарачанскага запісу пра ягоную смерць. Я не лгаў тады, але ж гэта было і лішне жорстка, нялюдска.
Перачытаў, як быццам новымі вачыма, Калеснікаву прадмову да апошняй Засімавай кнігі, перачытаў, а некаторыя прачытаў упершыню вершы з гадоў акупацыі. Перачытаў яшчэ адзін мой запіс, зроблены пад гарачую руку, пасля нашай брэсцкай сваркі ў сакавіку 1954 года. Знайшоў яго пісьмо да мяне, у якім ён, назаўтра ж, прасіў прабачэння. Падумаў пра сваю паметку на канверце: «Без адказу»...
Так, ён мяне моцна абразіў калісьці сваім «падазрэннем»; так, ён мне потым моцна нахаміў; так... яшчэ адно так... А ўсё ж я з сапраўднай чалавечай прыемнасцю пагаварыў бы з ім сёння пра ўсё гэта — шчыра, бязлітасна шчыра і добра. Але яго няма.
Маленькай іскрынкай вечнага здаецца мне цяпер той факт, што я ўзняў пытанне перад саюзам пра выданне таго «Выбранага», дзе Валодзева прадмова.
І добра, што мы — і сябруючы — можам вось так, як у гэтым выпадку Валодзя, цвяроза глядзець на тыя справы і з'явы, якія аднаму ці другому не вельмі падабаюцца.
Вырваць старонку з запісам — лягчэй, чым вырваць з памяці. Дык няхай жа будзе і гэтая старонка: няхай камусьці, хто будзе (можа?) чытаць гэта, будзе вядома, што былі ў мяне не толькі хвіліны настрою, але і роздум з дыстанцыі часу.
Зрэшты, што гэта я?.. Запіс гэты патрэбен перш за ўсё мне самому. І гэта, здаецца, важней за ўсё. Для мяне. Для маёй прыгоднасці да жыцця.
* * *
Шэсць выступленняў у Гродне. Казалі — добра, дый самому было часамі прыемна гаварыць, што думаеш. І нялёгка, і заўсёды хвалюешся, і не ведаеш, здаецца, што ж ты тут будзеш гаварыць, не ведаеш — ужо за два-тры крокі ад трыбуны.