Выбрать главу

— Колькі ж за тарку просіце?

— Сорак капеек. Дорага — не бяры. За такую ў магазіне і рубель дасі... Я сам з Тураўскага раёна, але як прыйшоў з гражданcкай вайны, дык у Мінску ўвесь час, на хлебазаводзе... А людзям нашым няважна жылося да рэвалюцыі. Рэвалюцыя была вельмі патрэбна. Цар Мікалай — ён быў дурны, дурнейшы яшчэ за Хрушчова...

Такі vocs populi [64] — увосень шэсцьдзесят трэцяга.

* * *

Пяцьдзесят трэці год. У маладым калгасе на Маладзечаншчыне.

Старшыня, сумнаваты, падсухі мужчына:

— Камсамольцы ў нас — цяглавая сіла, без іх не ведаю, што і рабіць было б. Бегаю па полі, як самашэдшы. На пяцьдзесят сем коней — дванаццаць аброцей. Аграном дрэнна працуе, і мы маем агрэхі. Эмтээс нашу білі, білі дый замарыліся. Пры нашай хавоснай безабразіі...

Сакратар партыйнай арганізацыі — большы аптыміст. Дый тоўсты ён не па-вясковаму, як нейкі Ламэ Гутзак.

— Як я выйду на вуліцу,— папракае ён удзельнікаў сходу,— дык вы ад мяне ўцякаеце. А чаму я, як толькі ўбачу сінюю «Победу» таварыша сакратара райкома... — ківок на таго ў прэзідыуме,— то не ўцякаю, а сам да яе бягу, бо ведаю, што ад гэтай «Победы» толькі дабра можна чакаць!..

* * *

Пачатак шасцідзесятых.

Прызначаны старшынёй заняпалага калгаса дырэктар мясцовай школы, энергічны франтавік, прасіў у райкоме партыі:

— Дайце мне волю на пяць гадоў — я падніму гэты калгас.

Не далі, вядома. Калі ж ён праявіў разумную самадзейнасць — нарыхтаваў дубовых бочак, якія ў нас спрадвеку рабіліся, прадаваліся ў Наваградку, насаліў агуркоў ды бочкі тыя апусціў у сажалку, каб напрадвесні зарабіць, яму і вымову далі, і ўсупонілі парасячую ферму на тры тысячы галоў...

Пачатак сямідзесятых.

Сакратар абкома пры мне бэсціў старшыню калгаса, іншага, таксама чалавека інтэлігентнага, як і той, пакараны фермай,— лаяў, брыдзіў за «антымеханізатарскія настроі», убачыўшы праездам жытнія мэндлікі на ўзлеску. А там проста нельга было камбайнам заехаць паміж кустоў, і жанчыны ў ахвотку зжалі сярпамі.

Здаровы народны сэнс і мудрае партыйнае кіраўніцтва.

* * *

Мой незабыўны Якуб Міско... Цяпер мне столькі, колькі яму было шэсць гадоў таму назад. Сваё сямідзесяцігоддзе ён перажыў на няпоўныя шэсць месяцаў. Адзначаў яго дома, з роднымі і сябрамі, і хацеў як найлепш, нібы прадчуваючы развітанне. Зразумець гэта проста, калі ў цябе аналізы крыві штораз, то горшыя.

Сябар яго, а праз яго і мой добры знаёмы міністр асветы Міхась Мінкевіч дапамог з прадуктамі: Якуба правялі на адпаведны склад.

Актыўны падпольшчык, пакутнік у засценках дэфензівы, шматгадовы санацыйны вязень, мала таго — пасля вызвалення, па даносе, яшчэ і вязень у роднай турме, з якое цудам вызваліўся, потым салдат, класічны франтавік, наогул усюды і заўсёды сумленны, цярплівы, сціплы чалавек, ён мне расказваў пра свой перад'юбілейны паход на той таемны склад зямных-падземных дабротаў:

— Дзіка і горка, што ёсць такое, што трэба так, з партыйным білетам, ад правяральшчыка да правяральшчыка ісці туды па нейкіх катакомбах, пераходах...

Адзін з маіх сяброў, калі я расказаў пра гэтыя падземныя праверкі, па вопытнасці сваёй заключыў,— прыдворная міліцыя правярала Міско так пільна таму, што бачыла яго ў тым падзямеллі ўпершыню.

Праз паўгода, перад памінкамі па Якубе, жонка Міцкевіча папрасіла мяне паехаць з ёю зноў жа па прадукты. Трэба дык трэба, чаго не зробіш у такім становішчы. Дый цікава, нашай цікаўнасцю, прафесійнай.

Пад зямлю мы не палезлі, наведалі цокальны паверх Дома ўрада, а потым нас накіравалі ў звычайны знаёмы гастраном, дзе ад вуліцы таўкатня, усярэдзіне чэргі ў аддзелах, а з двара, са службовага ўвахода, цераз чарговую цётку «по имени-отчеству» — зусім не той свет...

Тады мне ўспомніўся даўні расказ аднаго з маіх таварышаў па палоне, знакамітага майстра па мясной прадукцыі, які гаварыў, што ў іх у першыя пасляваенныя гады на абласным камбінаце ўсё найлепшае — каўбасы, кумпякі, паляндвіцы — вісела асобна, з біркамі, на якіх значыліся прозвішчы начальства. Запас першай катэгорыі. Пры карткавай сістэме.

* * *

Тады, калі так шмат гаварылася зверху пра будучы камунізм, чуў я такое, зноў жа народнае:

— І пры камунізме тым будуць таксама і кормныя, і надворныя.

* * *

Былы партызан, нярослы, рухавы фотакарэспандэнт, прыехаў да славутага Арлоўскага. Застаў яго на калгасным двары, сярод праўленцаў і нейкіх прыезджых.

— Кірыла Пракопавіч,— звярнуўся ён, павітаўшыся, да паважанага старшыні,— я да вас па заданні часопіса «Советский Союз», зрабіць для іх ваш партрэт.

вернуться

64

Голас народа (лац.)