Выбрать главу

— Шатаетесь тут, лодыри!.. Вон убирайтесь!..

— Кірыла Пракопавіч, паўтараю: я па заданні часопіса «Советский Союз», ім трэба ваш партрэт. А асабіста я хрэн на вас палажыў.

Паўза — і цуд:

— Ну что же, пойдем, снимайте.

Ці многа людзей магло яму так адказаць? Напрыклад, тая маладзічка, што — як расказваў мне другі фотакарэспандэнт, інтэлігентны, шчыры — у яго прысутнасці, уранні прасілася не выйсці на работу, бо захварэла малое.

— Всади его себе назад в... и иди работай!..

Перад паўторным паказам па тэлевізары кінафільма «Председатель» таленавіты Міхаіл Ульянаў гаварыў, што цяпер, іменна цяпер такія старшыні вельмі патрэбны.

Для новага мыслення, галоснасці, перабудовы?..

* * *

Восем гадоў пасля вайны, а яшчэ і сёння сустрэнеш на руліць: начальніцкую бараду-барадзішчу — астатак партызанскай баяршчыны. Так і ўчапіўся б аберуч!..

* * *

Заслугі заслугамі, аднак бачыць яго ці яе абавязкова ў кожным прэзідыуме — нуднавата.

Даседжвае жыццё. І гэта лічыцца служэннем партыі і народу.

* * *

Сынок нядаўняга сакратара райкома партыі, лётчык сельгасавіяцыі, на Вялікдзень падвыпіў з сябрам, другім лётчыкам, сынам старшыні калгаса, і вырашылі злятаць у госці да прыяцеля ў суседні раён. За імі прычапіўся трэці сабутэльнік, з лёгкім матацыклам. Яго ўсадзілі з тым «конікам» у бункер, свабодны ад угнаенняў. Паляцелі нізка, каб іх «падпольны» палёт не запеленгавалі з Гродна. Дзень быў хмарны, каля райцэнтра яны ўрэзаліся ў круты, высокі ўзгорак пры гасцінцы. Самалёт загарэўся. Лётчыкі выбраліся з яго, а той з матацыклам затхнуўся ў бункеры.

Сыны начальства — суд аблегчаны: суровыя вымовы і дваццаць тысяч штрафу на двух, трэцяя частка цаны самалёта. Людзі абурана пачалі пісаць («Цяпер жа ўсе пісьменныя!» — смяяўся той, хто мне расказваў пра гэты палёт) і дамагліся перасуду. На гэты раз далі па дваццаць тысяч кожнаму...

Той бацька, што быў раней сакратаром райкома партыі, а пасля «нейкім па прафсаюзах у вобласць», пачаў «арганізоўваць» дваццаць тысяч за свайго лётчыка ў знаёмых калгасных старшыняў шляхам нейкіх выпісак-надтасовак і заблытаўся сам. Знялі з работы, на заслужаны адпачынак.

— А быў калісьці такі добры хлопец,— шкадуе расказчык.— Мы з ім працавалі ў суседніх школах, завучамі. А потым ён падаўся ўверх...

* * *

На самае лепшае выданне Збору твораў Пушкіна не памяняю свайго, ці не першага пасляваеннага. З такой фразай, першай у прадмове:

«Имя Пушкина товарищ Сталин назвал в ряду славных имен, составляющих гордость великой русской нации».

І адпаведная заўвага, да старонкі дакладная.

* * *

Прозвішча СТАЛІН — толькі з загалоўных літар. З гэтага ў лясной радакцыі-друкарні пачаліся мае амаль дзевяць гадоў пры ім.

А камандзір «калінінцаў» Ш., які пускаць кабылу да жарабца загадваў перад яго зямлянкай, а сам тады пакрэктваў на сваю «пэпэжэ»: «Манюня, ых!..», не дазваляў свайму начальніку штаба не толькі Гітлера, але і Германію пісаць з вялікай літары.

* * *

Восень сорак чацвёртага. Рэдакцыя газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Свежанькі літработнік, я адзін у пакоі. Ад машыністкі, якая ў іншай рэдакцыі, але друкуе і нам, прынёс праўлены ўчора фельетон, вычытваю. Канцоўка была — рукапіс памятаю, але яшчэ і праверыў — такая: «Увайшлі панурыя штурмавікі». А ў нашай Лізы — ажно сумеўся ці жахнуўся — стаіць: «Увайшлі панурыя бальшавікі».

Калі я, вымеркаваўшы, каб застаць яе адну, моўчкі паказаў на той сказ, яна яшчэ мацней жахнулася. Хуценька перадрукавала тыя заключныя паўстаронкі, ранейшае дробна і дробненька парвала, кінула ў кошык, яшчэ раз сказала «дзякуй вам!» і цяжка ўздыхнула. Пажылая ўжо, з сівізной, бледная, стомленая жанчына.

Не памагло б ёй і тое, што яўрэйка, што муж на фронце, што не была пад акупацыяй. Яна разумела гэта лепш за мяне, чалавека яшчэ без савецкага пашпарта, толькі з часовым пасведчаннем.

* * *

Ліпень пяцьдзесят другога.

У гагрынскім доме адпачынку стары вартаўнік, армянін, ходзіць позна ўвечары па двары, ціха пакашлівае і, пэўна, думае пра тое, чаму за такія звычайныя рэчы, як мора, горы і сонца, прыезджыя людзі плоцяць вялікія грошы...

Курортныя пляткаркі шэпчуць на пляжы, што ён — ніякі не армянін, а крымскі татарын, што неяк выкруціўся ад іх усенароднай ссылкі і тут хаваецца, каб не выкрылі.

Калі гэта так, дык што ж ён думае ў сваёй і ноччу, і днём сумоце пра свой народ, застаўшыся адзін над родным морам — з іншага боку?..