* * *
Акружэнец вярнуўся ў родную вёску. Потым немцы бралі «на работы» маладых, і ён пашкадаваў маладзенькую сястру, якой трэба было па «разнарадцы» ехаць у Германію,— паехаў за яе. «Маладое, дурное, загіне...»
Пасля вызвалення, калі іх фільтравалі, ён — сумленны, працавіты, начытаны настаўнік — прастадушна прызнаўся — гэта ж сваім! — што там яго немцы агітавалі стаць даносчыкам на землякоў, але ён такім не стаў. І яго, не паверыўшы, «на всякий случай», пасадзілі на дзесяць гадоў. А потым, адсядзеўшы, яшчэ даўжэй дамагаўся рэабілітацыі.
* * *
На пісьменніцкіх адкрытых партсходах, калі я зрэдку заходжу на іх, амаль заўсёды бачыцца адно і тое ж. «Нищие духом» літаратары там ужо не маўчаць, як на паседжаннях творчых, а як быццам стараюцца браць рэванш — крычаць з трыбуны пра свой партыйны стаж, актыўны ўдзел у палітыцы, пра крыўды з друкаваннем, з крытыкай... Аднак і гэта робяць бяздарна. Ажно нуднавата, а то часам і агідна бывае ад графаманскай затхласці...
* * *
Па тэлефоне папрасілі выступіць на юбілеі дружбы з палякамі. Тэкст выступлення трэба прынесці на прагляд у аддзел прапаганды гаркома партыі. Там нейкая цётка сказала прыйсці па тыя дзве старонкі заўтра. Прыйшоў. Заўваг ніякіх. Самой той цёткі няма. А ўсё ж на полі рукапісу ў адным месцы пытальнік чырвоным алоўкам. Для роздуму?
Пазней, гады праз два, зноў пазванілі з гаркома партыі — просьба прывітаць жанчын з Восьмым сакавіка на гарадскім урачыстым вечары. Пажадана прынесці для папярэдняга азнаямлення рукапіс таго, што буду гаварыць. Тут ужо я сказаў, што і пісаць не буду, і тэксту не панясу. Час трохі змяніўся, і яны згадзіліся.
Калі я закончыў сваё «вуснае» выступленне, сеў у прэзідыуме, дзе і сядзеў, з першага рада на мой трэці павярнуўся Машэраў, другі сакратар ЦК партыі. Ён падміргнуў мне, усміхнуўшыся. Аказваецца, можна ўжо і так.
* * *
Памёр доктар, той, якому ты неаднойчы скардзіўся, у якога шукаў паратунку. Няёмка на душы... Ён жа, аказваецца, таксама чалавек, яму вось таксама прыйшлося, нават і без пары...
* * *
Аварыя ў лабараторыі. Сам ён, зяць нашай добрай знаёмай, паспеў бы выратавацца, але дапамагаў дзяўчыне, супрацоўніцы,— яе вынес, а сам згубіў акуляры і заблытаўся там, абгарэў, а потым памёр у страшэнных пакутах.
А ў непрытомнага яго, перад гэтым нехта па-сучаснаму мудра зняў, забраў наручны гадзіннік.
* * *
«Ён жыў пад акупацыяй... Ён жыў пры панскай Польшчы...» І трэба было ў першым выпадку быць героем-партызанам, а ў другім вязнем-падпольшчыкам, каб дараўняць якой-небудзь нікчэмнасці, што нідзе не была.
Сюды ж можна аднесці і маё пытанне нашаму шматгадоваму парторгу: ці выключаны з партыі роўны беспартыйнаму? На што ён, гумару не адчуўшы і доўга не думаючы, адказаў: «Але, браток, роўны». І засталося толькі падзякаваць.
* * *
Дама-курортніца:
— Мы ведь у себя дома, а они не хотят с нами по-русски говорить, а по-своему все, по-латышски. А вы мне говорите, что они не националисты.
Адказваю і так:
— Но они-то здесь тем более у себя дома. Аргумент не даходзіць, хутчэй — не прымаецца.
* * *
У «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі»: «...При воеводе новгородском пану Яноу Яновичоу Заберезенском написана быс сія книга... инок діяконець Іоакинец а рукою многыхъ дьяковь».
І тады, як і сёння, многія рукі Дзякаў пры начальстве.
* * *
Выносяць кагосьці з адказных пенсіянераў. Музыка, поўная вуліца начальства. З акна пятага паверха суседняй установы відно, як густа, шчыльна вуліца забрукавана андатравымі, бабровымі, пыжыкавымі шапкамі. Маладыя зверху глядзяць і не надта стрымана смяюцца.
* * *
Да рэвалюцыі гаварылася,— пісалі і Талстой, і Ленін,— пра верхнія дзесяць тысяч. А сёння верхніх — дваццаць мільёнаў?..
Адзін з гэтага апарату, мой зямляк, не з вышэйшых, сярэдніх, хваліўся, нібы між іншым, што арэхі фундук яны бяруць па два рублі трыццаць капеек, а для ўсіх, калі яны наогул ёсць, па пяць пяцьдзесят. І не ачышчаныя, а ў шкарлупіне.
* * *
На стагоддзі Горкага ў ягоным горадзе (якая ўсё-такі нязручнасць: Горкага ў Горкім!..) Пімена Панчанку і мяне ў выходны дзень запрасілі паехаць з замежнымі гасцямі на прагулку ўніз па Волзе.
Людзей на катэры сабралася непараўнана менш, чым было на цеплаходзе, калі мы плылі на свята з Масквы, і можна было ўбачыць некаторых больш выразна, зблізку.
Так мы ўбачылі родных Аляксея Максімавіча, яго ўнучак і праўнучку.