Блакітная стужка...
А «дарагая бабуля», мая старэнькая, зусім аглухлая сястра, што ўжо даўно выплакала апошнія слёзы па адзіным сыне, які памёр ад цяжкіх ран пад Кёнігсбергам, пайшла тым часам за перагародку. Пашаматалася там і выйшла — з усмешкай,— паказаць нам разгорнуты адрэз на плацце...
Боль нібы даўно адбалеў, а радасць ад людское памяці і ўвагі — вось яна.
* * *
Сціплая, сумленная жанчына ўсё жыццё лічыла сябе брыдкай, не вартай увагі мужчын. А вось аднойчы сябар яе мужа, п'яная свіння, пачаў прыставаць да яе з каханнем. Адмовіўшы, яна рада была ўдвая,— засталася чыстай, вернай мужу, і паверыла, што і яна можа падабацца.
* * *
Дзяўчына з сям'і, якую ў вёсцы не любяць за знешнюю і маральную неахайнасць, з якое пагардліва кпяць, апынуўшыся далёка ад дому, дзе нікога іхніх не ведаюць, як быццам нанава нараджаецца. З яе абвальваецца ўсё, што не яна, яна падабаецца, хтосьці ў яе закахаўся... Нармальна гэта, наўздзіў землякам. Калі яна з мужам, з дзеткамі наведваецца да сваіх.
* * *
У вялізным, на дзевяцьсот двароў, данскім сяле, воддаль ад белай мазанкі — бахча, а потым абрыў над ракою, наверсе парослы вішняком. Летняя зорная ды цыкадная ноч. Тут нам, далёкім гасцям, паслалі на траве каля вішняку — сябру з жонкай і мне з маёю. Пасцелі такія бела-раскошныя, што аж няёмка. На другі вечар я і сказаў адной з сябравых сясцёр, чарнявай, быстрай Сані:
— Што ж вы нам сцелеце так багата?
І яна адказала:
— А каму ж я, Іван Антонавіч, насцялю?
Дзяўчыне зусім пад сорак. А сястры яшчэ больш. Абедзве не замужам — з-за вайны. Цяпер якраз жніво, не першае і не апошняе ў бязмежным пшанічным стэпе. І Саня з гаркаватай гордасцю кажа: «Робіма хлеб для Савецкага Саюза»...
...Масква, пачатак пяцьдзесят першага года. З гасцініцай не пашанцавала, і адзін з нашай камандзіровачнай тройкі, у якога тут сваякі на Арбаце, угаварыў нас пайсці пераначаваць да іх.
У інтэлігентнай, прыязнай яўрэйскай сям'і мы вячэралі з нашым віном, і трохі пафліртавалі з сімпатычнай, разумнай дзяўчынай, настаўніцай, сябравай швагеркай, якой за трыццаць.
Ноччу я прачнуўся ад рыданняў за сцяной. Старая маці, што з беларускіх яўрэяў і ўчора вельмі ахвотна, сама пачаўшы, пагаварыла са мною па-польску, прыцішана ўгаворвала дачку:
— Ну, девочка моя... Ну, что же делать?..
І сапраўды — што ж рабіць, калі доля такая?
* * *
На рыначнай плошчы варшаўскага Старэго Мяста — кавярня «Каменнэ сходкі», дзе гаспадарыць пані Аленька, удава пісьменніка Станіслава Пентака. Былая... дый цяпер яшчэ па гадах красуня, талковая і энергічная. Сама і абслужыла нас, і пасядзела з намі. Развітваючыся, трохі воддаль ад Канановічаў, Мацея з Крыстынай, якія нас пазнаёмілі, яна мне цішком хваліла Мацея: «Ва ўсёй Польшчы ніхто вам пра яго нічога дрэннага не скажа». Дый дадала:
— Наогул я, проша пана, люблю мужчын пасля сарака гадоў. Прынамсі, у твары можна штосьці ўбачыць.
* * *
Прыехаўшы з роднай вёскі, пажылая дачка прыняла ванну, легла ў чыстую пасцель і расплакалася, успомніўшы, як у параўнанні з ёю жыве яе мама. Толькі вады з пагрэбніка кожны дзень вёдзер па трыццаць-сорак трэба выліць...
* * *
«Кровинушка моя — якое прыгожае слова!» — падумала беларуская маці ў самоце, узняўшы вочы над кніжнай старонкай.
* * *
«Мама, ты забылася, што трэба есці?»
Гэта — малы да маці, якая горка задумалася.
Такое ўбачыў я ў кароценькім, як дадатковым, сне пад раніцу.
* * *
Разбагацелы нечасцю гаспадар вельмі ж ладзіць са сваёю бабай. Калі нехта, нават і з найбліжэйшых, папросіць у яго дапамогі і нельга выкруціцца, каб не дапамагчы, ён кажа:
— Пагавару, браце, з бабай.
А пагаварыўшы:
— Не магу, браце, жызні не будзе — заесць!..
* * *
Ён мінскі беларус-католік, бялявы, разяваты рагатун, а яна татарка наша, чарнявая, быстрая красуня. У выхадны яны выпіваюць дома чацвяртушку, пад закусачку, вядома ж, а тады самі сабе, пад модныя пласцінкі, здорава і да ўпаду танцуюць у пустым пакоі. Шчаслівая пара.
* * *
І так ужо ў цёткі дзевяцера, а яна яшчэ кажа: — Дай Бог, каб маім дзеткам лыжачак не хапала!..
* * *
Дзед-удавец ненавідзіць катоў і сабак. Ды вось захварэла суседка, з якою ён дружыць. Таксама адзінокая, нават і ажаніўся б. Легла бабка ў местачковую бальніцу, а дзед пачаў насіць яе кошачцы малако, нават падаграваючы яго.
* * *
На хутары ў цёткі парадак. А сын недзе ў горадзе. Ён у яе — ад таго валачашчага «валочніка», які нешта неўзабаве пасля вайны, з якое не вярнуўся яе муж, перазімаваў у маладое ўдоўкі, застаўшыся як быццам назаўсёды. Разлік у валацугі быў просты: