Выбрать главу

«Зарезали борова, самогона хватало, баба. А весною ушел. Надоело...»

* * *

Запомніліся дзве ўсмешкі на вуснах знешне прыемнай маладзічкі. Першая — калі Ён пакінуў жонку, а ўзяў яе, другую. Усмешка вясёлая, пераможная. Ну, а другая ўсмешка праз тры ці чатыры гады — прыніжана-сумная. Калі яе нядаўні Ён пакінуў і яе, узяў сабе трэцюю. Сумная, мусіць, да часу.

* * *

Мой польскі сябар, пісьменнік Мацей Канановіч, і на сёмым дзесятку яшчэ ўсё весела загаворваў з панямі ды з паненкамі. Яго спакойная, ветлая Крыстына, маці іхніх шасці дзяцей, калі мы разам падарожнічалі па Гданынчыне, аднойчы кіўнула мне на свайго кавалера з усмешкай: — W starym piecu diabeł pali.

Уразіла гэта сілай народнага слова. Згадалася рускае: «Седина в голову, а бес в ребро». А потым і наша знайшоў у рупліўца Янкоўскага — спачатку: «Галава сівее, а сэрца дурэе», а потым і бліжэйшае да польскага: «І ў старой печы агонь добра гарыць».

А ўсё ж без самога д'ябла каля прыпека старое печы неяк яно трохі і слабей.

* * *

Вясёлы дзядзька хваліцца:

— Я ўжо тым часам і стары, але аладку ў сваёй Ганны яшчэ магу зарабіць!..

* * *

Сенсацыя ў гарадскім пасёлку. Дзед расхрабрыўся так, што яго ледзь не зусім ад бабкі ды ў бальніцу. Бабка мужна апраўдвалася перад дакторкай ды медсёстрамі:

— Ой, мілыя, вы ж маладыя, вы ж кожную ночку, а нам яшчэ хоць разок хацелася...

А дзед, як толькі трохі ачомаўся, ціхачом драпануў дахаты.

* * *

— Ого, ты яшчэ арол!

— Ну, браце, арол... Маім крылом баба ўжо прыпек вымятае.

* * *

Стары чалавек, а што гаворыць:

— Убачу дзеўку ці маладзіцу з добрымі цыцкамі, дык і сам два злотых даў бы, каб патрымацца.

— Як вам, дзядзька, не сорамна,— нібыта абураюцца слухачкі.

— Якое сорамна! Так было.

І расказаў, як у іхняй вёсцы калісьці пры Польшчы рабілі сталярку два местачковыя жыдкі, пажылы майстар і маладзенькі памочнік. Наглядзеўся той хлопец на маладую гаспадыню, хораша грудастую, і, калі яны засталіся ў хаце адны, зачырванеўшыся, папрасіў:

— Цётачка, дай патрымацца за голую цыцачку, дам злот.

Тады за два злоты ў дзень жалі на заработках. Яна зарагатала і згадзілася. Нават потым дадала:

— Давай яшчэ адзін — і за другую патрымаешся!..

Сама расказала суседкам, рагочучы. Толькі мужык дурніцаю назваў — не больш. Гэта тады ўжо ўсё, калі тыя сталяры работу кончылі і падаліся ў мястэчка.

* * *

На аўтобусным прыпынку тры дзябёлыя цёткі гамоняць пра чужых няўдалых мужыкоў.

Адна з іх:

— Каб гэта мой так піў ды валачыўся, дык я ж бы яго загрызла!..

Прыгледзеўся збоку. Твар загарэлы, шырокі, калючыя вочы і тонкія губы, якія сцяліся пасля слоўнай, як аўтаматнай, чаргі, пацвярджаюць,— загрызла б!..

* * *

— Сорак сваіх рублёў прапіў, пакуль удалося здаць на базу цёшчыну карову. А яна прыбягае назаўтра: «Машэннік, хочаш грошы мае сабе палучыць! Аддавай квітэ!» Аддаў я ёй тыя квітанцыі і кажу: «Ну, а цяпер давай з двара, а то суку спушчу!» Пайшла яна, яшчэ ўсё агрызаючыся, а я, браце, не вытрымаў — спусціў! Паспела выскачыць за брамку. Але ж і шпарыла! Зайшоў я ў хату, жонка стаіць каля печы, маўчыць. Ну, думаю, будзе злаваць. Ажно не. Свінню здаць цешча папрасіла ўжо другога зяця, майго швагра. Казаў потым, што лётала ў раён праверыць, ці столькі ж ён атрымаў, колькі даў ёй. і тут мая, чуючы гэта, раптам, браце, і кажа: «Суку трэба было спусціць!..»

* * *

Семдзесят дзевяць гадоў удаўцу, знаёмаму з партызан, а то яшчэ і з даваенных гадоў. Нейкім агентам трохі быў пасля вайны ці іншым нізавым чыноўнічкам. Коціць па вёсцы на веласіпедзе, не па-будзённаму адзеты. Спыніўся, павіталіся, а ў адказ на звычайнае «як жывеш», ён пачаў скардзіцца на новую жонку. І што «прастая калхозніца», і што «есці варыць ябы-як», а да таго ж яшчэ і «храпе кожную ноч, спаць не дае», хоць і спіць на кухні, а не з ім...

І скардзіцца ён так не толькі мне. Наш агульны знаёмы, з якім я ў гэтую вёску прыехаў, пра яго трагедыю ўжо чуў. Чулі і іншыя.

* * *

Цяпер ужо нават і так: «В семье у них консенсуса не было». Так гаварыла на вярхоўнай сесіі толькі што выбраная дэпутатка. Хоць ты вазьмі ды спытайся ў яе: «Извините, а конвергенция в наличии?» Таксама ж модна.

* * *

Жаўна не толькі «стукае» (у Багдановіча), але і вякае. Разумненькая дачніца хутка абрыдзела вясковым суседкам. Адна з іх расказвае мне: