Выбрать главу

Пазней даведаўся, што гэта жонка саліднага, ветлага раманіста. А ён, відаць, не ведае пра той наш абмен думкамі, бо колькі ўжо разоў за трыццаць год запрашае мяне ў госці. І свой вялізны раман прыслаў, ужо таксама даўно.

Я быў пачаў яго — не пайшло. І ў госці таксама не пойдзеш.

* * *

Настолькі ўжо ва ўсім сама, што і пра смерць сваю гаворыць так:

— Не хачу я з нашымі маладымі жыць. Хіба што потым ужо буду пры сыне ці пры дачцэ.

Нібыта і мужавым адыходам таксама распарадзіцца яна: спачатку ён, а потым ужо сама.

* * *

Партызаны злавілі шпіёнку. Пасля допытаў расстрэльваць яе павёў бязносы гугніла, асобааддзелец, узяўшы з сабой байца.

Шпіёнка маладая, гладкая, і гугніла пачаў угаворваць яе... ну, даць. «Усё роўна ж табе гнісці, што ты шкадуеш!..» Яна згадзілася, легла, падрыхтавалася. Калі ён, аддаўшы свой аўтамат байцу і загадаўшы яму адысціся за куст, пачаў апускацца на калені — яна спрытна і моцна кашканула яго нагамі ў жывот, а сама прыпусцілася лесам наўцёкі...

Каб не баец — уцякла б.

Як ні страшыў начальнік байца, той усё-такі не вытрываў, расказаў пасля. А да мяне гэта дайшло праз трыццаць гадоў.

* * *

Прадвесне сорак пятага, драўляная ацалелая ўскраіна Мінска. Сусед па кватэры — капітан тылавое службы, мужчына пажылы, трохі вахлакаваты, як на афіцэра, хоць і з белымі пагонамі. А жоначка... іменна жоначка, так хочацца сказаць, была зусім маладая, бялявая, усмешлівая красуня. Разы са тры было так, што мы выпадкова сустракаліся з ёю на двары, я ішоў у дом, яна выходзіла... з тазікам зафіялечанай марганцоўкай вады. Міла ўсміхалася, без аніякай збянтэжанасці або якога-небудзь сораму...

Недаўменне праяснілася, калі гаспадыня дома нашаптала маёй жонцы тое, што капітан, таксама па сакрэце, расказаў ёй.

У красуні быў... «толькі трыпер», капітан не жыў з ёю сам, а бярог яе для сына... А ў пакойчыку, які яны займалі, стаяў толькі вузкі жалезны ложак, квадратны столік і табурэтка.

* * *

І ў раі, і ў пекле анёлы і чэрці, «падшие ангелы»,— адны мужчыны. Поўны патрыярхат.

Поле пераходзячы

Такога сюжэту як быццам і не прыдумаеш.

Швагерка — баба не проста звяглівая, шкодная, але атрутна варожая да яго, нашмат старэйшага, паважанага чалавека, у мінулым сталінскага пакутніка,— цяжка захварэла. Камусьці трэба неадступна быць каля яе. І сястра яе, энергічная жонка гэтага неаднойчы аблаянага швагеркай, збрыджанага ў вочы і за вочы чалавека, у сумленнасці сваёй безабароннага, як малое, вырашыла, што на сядзелку найбольш падыходзіць ён. І ён сядзіць, пакуль жонка на дачы,— і цэлы дзень, і цэлымі днямі...

* * *

Госць мой успамінае чалавека, які мне не без падстаў непрыемны, таксама нашага партызана. Учора ўспамінаў яго, сёння зноў. І ясна стала, нарэшце, чаму.

— Дзяцей у нас было ўжо трое,— расказвае ён,— а зарплата ў абаіх малая. Беднасць такая, браце. А заедзеш да яго, у млын, дык ён загадчыцай рукой і мукі табе ціхачом насыпле, і крупы якое. І кажа: «Трэба будзе — не саромейся, гавары». Во хлопец!..

* * *

Гадоў ужо, мусіць, са тры не выходзяць з памяці дзве маладзіцы, якіх выпадкова пабачыў на тралейбусным прыпынку.

Здаровыя, спраўныя, у аднолькавых плашчыках, абедзве модна, у гнеды колер пафарбаваныя, адна з «хвастом», другая нашантырыла валасы капою. «Сёстры»,— падумалася, бо і падобныя, і дружныя неяк па-асабліваму. Працуюць, можа, на адным з заводаў, жонкі рабочых, добрыя мамы і гаспадыні.

Словам, выдатны доказ, што не так гэта і складана — пакінуць вёску, поле, стаць гараджанкай. Таксама ж мода.

Запісаў гэта ў шэсцьдзесят дзевятым, а яшчэ праз год у вагоне назіраў такое. Ужо з маладымі мужчынамі.

Селі яны ў купэ абапал століка і голасна, не звяртаючы ўвагі на двух іншых пасажыраў, расказвалі адзін аднаму пра сябе. Блізкія землякі, што даўно не бачыліся, хоць і жывуць у адным горадзе, а тут вось сустрэліся выпадкова. Само па сабе гэта ўжо весела. Пра ўсё гаворыцца — і што ў каго на рабоце, у Мінску, і што там дома, у вёсцы. Рабочыя. Маладыя, нядрэнна абжытыя і шчасліва сямейныя. Нагаварыўшыся пра ўсё, адзін, як на дэсерт, спытаўся пра хакей:

— Ты за каго балееш? Я за «Спартак».

— А я за «Дынама».

І ўсмешкі ў абодвух, і даўгаватая паўза шчасця, нібы замерлі з тымі ўсмешкамі, як выпускніцы ў белых сукнях, што выйшлі вальсаваць, і ўсё ў іх так добра, і самі яны такія харошыя, што проста па-чэхаўску «окоченели от счастья»,— так павольна, асаладзела кружацца ў танцы...

І дзяўчаты, і хлопцы — гараджане ў першым пакаленні.