* * *
Сціплая рэдакцыйная машыністка і славуты прафесар-хірург.
Ляжала яна ў бальніцы два месяцы, і ўсё ёй неабходнай аперацыі не робяць. Падказалі жанчыны, што трэба падсунуць. Асмелілася — палажыла ў канверт пяцьдзесят рублёў, адной паперкай, і панесла яму ў кабінет. Браў ён персанальна. І дзелавіта. Выняў тую паперыну і спытаўся, кім хворая працуе, якая ў яе сям'я. І заключыў гуманна:
— Што ж, вам і самой, вядома, грошы трэба.
На аперацыю палажылі праз дзень.
Потым ёй у палаце сказалі, што малавата дала. Даюць звычайна па сто, па сто дваццаць.
* * *
Ці прачытанае, ці па радыё пачутае — на сацыяльную тэму, пра наша горкае, сельскую гаспадарку. Якая форма землеўладання лепшая? Спыніліся аж на кітайскай. І тут хтосьці мудра дадаў: усё выдатна, толькі няма ў нашай вёсцы кітайцаў. І па колькасці, і па сумленнай працавітасці няма або вельмі мала!
* * *
І на велічна-сумных фігурах Саласпілса гаспадарнікі «зарабілі»? Далі менш, чым трэба, цэменту, і постаці-сімвалы прыкра абкрышваюцца. Усяго толькі праз дваццаць пяць гадоў пасля вызвалення гэтага лагера смерці.
* * *
Ці будзе калі-небудзь друкавацца і такое?
Два чалавекі, наш кінарэжысёр С. і маскоўскі фатограф К., у розны час, абодва самахоць, шчыра і з жахам успаміналі мне пра... людаедства сярод палонных чырвонаармейцаў. Першы з расказчыкаў быў у аршанскім лагеры, другі ў Елгаве.
Фатограф К.: «Запросяць у сваю палатку, а там — нажом...»
Чуў падобнае і пра блакаднікаў ленінградскіх. Адразу пасля вайны ад ленінградкі, і потым, з таго, што чулі Адамовіч з Граніным.
І трупамі агонь у заводскіх печах падтрымлівалі. Хоць тут ужо іншае — з нейкай жудаснай эпічнай гістарычнасцю...
* * *
Старыя, нядошлыя ветэраны забаўляюцца мінулай славай. Гляджу фотаздымак: былы партызанскі камбрыг, добра ўжо адзядзёлы, у танцы з нестарой загадчыцай вясковага клуба. Яна — у вайсковай форме, з мастацкіх меркаванняў, у яго — кальчуга з ордэнаў, медалёў, значкоў. На ёй пілотачка, у яго капронавы памяты капялюш. Подпіс на фота: «Вальс, прерванный войной». І неяк прыкра ад гэтай мляўкай сентыментальнасці.
* * *
Па тэлевізары — цудоўная французская кінакарціна пра Афрыку.
Ільвіная сям'я, з'еўшы ўпаляваную львіцай антылопу, калектыўна і са спакойным сумленнем дрэмле на санцапёку. То адно, то другое пазяхае на ўсю зяпу, дэманструючы чалавецтву страшэнныя зубы. І моладзь, і руплівіца-маці, і бацька, што можа вылежвацца па шаснаццаць гадзін у суткі, балазе яму — цару не толькі львінаму, але і ўсіх звяроў — часу на гэта хапае.
А потым — рэклама. Прыгожы раток шчаслівай, багатай дзяўчыны адкусвае, жуе, глытае тое, што рэкламуецца, і адпаведна чароўна ўсміхаецца ў бляску адборных здаровых зубоў.
Не раз і не два бачачы тое, успамінаю роцікі, якіх у нас, чым горш народу, тым усё больш ды больш, і жывуць яны ды глытаюць не абы-што...
* * *
Бляшанкі спецыяльнай яды для сабак, якія выратавальнікі прывезлі з Францыі, армянскія старацелі раскралі з іхніх палатак. Пяць тысяч гадоў гісторыі, спрадвечная высокая культура, усенароднае гора ад землятрусу — і такое, з бляшанкамі.
* * *
Зямляк, малады настаўнік, што прыехаў наведаць сваіх, расказвае:
— Ой, Антонавіч, у тым Воранаўскім раёне ўсё нейкія нядолі. Ну, па-нашаму можна сказаць — прыдуркі. Дровы возіць тачкай, гной тачкай, агарод капае матыкай. Хоць на ўсё ёсць коні. Самагонку на рынак возяць у грэлках. Да цягніка пачалі насіць у графінах. Лепш ад міліцыі. Наскочыць мільтон — дык той нядоля бразь свой графін аб рэйку — усё, ніякага доказу!..
* * *
Местачковы настаўнік-пенсіянер, здаецца, светлы чалавек, а вось жа купіў сто трыццаць чарак, столькі ж талерак, відэльцаў, нажоў, і ўсё гэта ляжыць запакаванае, чакаючы свайго прызначэння. Хто першы памрэ, сам ён ці жонка, невядома, а клопату тады не будзе ці самому, ці ёй...
Расказвае мне гэта дзелавіта і спакойна, а я няёмка думаю: народнае ў гэтым штосьці, а бо і тут проста славуты вясковы ідыятызм?
І найстрашнейшае,— усё тое незвычайнае начынне неўзабаве прыдалося гэтым добрым людзям на памінках... па адзіным сыне, што жыў у горадзе і памёр ад цырозу...
* * *
Каля крайняй хаціны — глыбейшая каляіна з ямай. Штодня возяць з завода торф, штодня тарфіну-дзве губляюць. Бабулі, якая жыве ў той хатцы адна, клопату з палівам менш. І такое яно — шчасце.
* * *
Дзевяностагадовы бацька, якога дзеці здалёк не кормяць, скардзіцца суседцы: