Выбрать главу

— Даўней жа, вы памятаеце, бедным людзям падавалі...

* * *

Пра сына, удзячна ды расчулена:

— З бальніцы мяне забраў, прыехаў на машыне са сваёй работы. Вынес мяне з машыны на руках, як які карчук, і кажа: «Пабудзеш, бацька, у мяне, у доглядзе».

Сын гэты жыве ў райцэнтры, а бацька, даўнавата аўдавеўшы, зімою жыве не ў вёсцы, а ў другога сына, у горадзе, а на лета вяртаецца ў сваю хату. Добра, каб усё ж было ладам. А то прыедзе гэты бацька з горада, зноў пачынае піць з такімі самымі. Нявесткі з'ехаліся, хату адмылі, апраталі пасля зімы, а праз два тыдні хто заедзе — тое самае, як свінушнік. З самага ранку п'яны, чырвона-азызлы, гарай смярдзіць. Сынам — як сынам, а што ж нявесткам, таксама трэба любіць — і такога?..

* * *

Рэпатрыянт з Уругвая, засмуголены грукач, з якога за семнаццаць гадоў у роднай вёсцы сышло ўсё заакіянскае. Сорак чатыры гады, а толькі што ажаніўся. «Чаму ж ты такую задрыпу старую выбраў сабе?» Аказваецца, самагоне многа напіў у яе напавер, дык і не стаў аддаваць — сам пайшоў прымаком. Ва Уругваі працаваў на мясакамбінаце, звалілася туша і трохі прыбіла яго. Як толькі вярнуўся сюды — лад у вёсцы хацеў навесці, ездзіў у ЦК, бо сам член уругвайскай кампартыі, аднак спакваля мясцовае начальства «асвойтала» яго. П'е, як і ўсе.

* * *

Суседаў старэйшы сын — лайдак і п'яніца, пасля арміі павалачыўся па свеце і вярнуўся да бацькоў зноў без жонкі, без дзяцей, без усялякай ахвоты да працы. Пайшоў да дваюраднага брата ў госці, а там пасварыліся, і дваюрадны, на шэсць гадоў старэйшы калгасны шафёр, усадзіў яму кухонны нож «у саменькае сэрца».

На пахаванні бацька забойцы нёс пратэсу. Бо ўжо ж і на гэта мужчын у вёсцы няма. Во «сямейны падрад»!..

* * *

У раённай гасцініцы ўсю ноч пілі ды галаганілі праезджыя грузавыя шафёры. Уранні сталічны камандзіровачны зайшоў паскардзіцца дзяжурнай, што нельга ж так, каб не даць людзям заснуць, адпачыць. А яна якраз браскае бутэлькамі — несці здаваць. А з цябе, такі суддзя, што возьмеш?..

Такім убачыўся мне выраз яе маўклівага твару.

* * *

Прыгожы, спрытны хлопец. Каб жа яшчэ не ведаць, што бацька яго вялікі гаўнюк,— зусім быў бы прыгожы.

* * *

Маладыя турысты валакуцца прылясной дарогай са сваімі «гумнамі», а старая на хутарку — за бульбу, некім з такое браціі не адзін раз пачапаную ў яе агародзе,— дакарае з парога:

— Што ж ты рыешся сам, як свіння? Папрасіў бы, дык я хоць, можа, накапала б па-людску. Сволачы вы, сабакі валачашчыя!..

А яны — ані слова. Хоць і не тыя, хутчэй за ўсё, што лазілі ноччу па бульбу, бо дальнія, з другога берага.

* * *

Старэнькая настаўніца-пенсіянерка страшэнна апусцілася ў адзіноце. Жыла ў бруднай хаце, разам са свіннямі. Газету чытала, а радыё, у самой, і тэлевізар, у людзей, не прымала зусім: «Ілгуць!» Памерла яна на печы, свінні пішчалі ў каморы, там замкнутыя. Па гэтым піску людзі на трэці дзень і здагадаліся, чаму яна не выходзіць з хаты.

«Не дамыцца было — ажно лускою пакрылася. Два катлы кіпятку пайшло на яе...»

А хавалі ўсё роўна з кветкамі. Школа прыйшла.

* * *

Падсухі, злосны чалавек, былы царскі паштовы чыноўнік, пры Польшчы быў трохі дарожным майстрам на шараварках, драгомістшам. А потым, ужо і не служачы, не мог не скінуць каменя з дарогі на абочыну, крычаў на сялян, каб ехалі не пясчаным краем, хай сабе і мякчэй, а як паложана — па бруку. У трыццаць дзевятым савецкая ўлада паставіла яго ў мястэчку начальнікам пошты. Ды нервы ўжо былі зусім не тыя. Разбіраў ён аднойчы карэспандэнцыю, а тэлефон раз-поразу звоніць ды звоніць!.. Усхапіўся стары, падбег да сцяны і ўжо зусім не па-піцерску, а як баба, у трубку: «Пацалуй ты мне!..» Ну і далей. А там, на провадзе, як на тое — сам сакратар райкома партыі... Вось і канец кар'еры.

* * *

На сцэне — сямейная «капэля», бацька і сыны, два дарослыя і два «выскрабкі». Калі па значнасці браць, дык скрыпка ў самога бацькі, тады гармонік і кларнет — у старэйшых, а ў падшыванцаў два барабанчыкі, трохі навейшы, з бразгатушкамі, і зусім стары, відаць, яшчэ з дарэвалюцыйнага цюцькі... А колькі ж радасці за ўсім гэтым — і дома, і тут, у людзях!

* * *

Нізашто, па п'янцы забітага дзецюка «партызаны» закапалі ў хляве ляснога хутара, прывезлі туды з вёскі. А хутаранца прыпалохалі смерцю, каб маўчаў.

Аднак пазней, пасля вайны, хлеў той ён перанёс на іншае месца, каб не стаяў над чалавекам. І пра такое маўчаў. Толькі нядаўна, праз сорак пяць гадоў, вестка пра гэта неяк усё-такі прасачылася і пацякла...

* * *