Гадоў дзесяць пасля вайны ў адной з мінскіх цырульняў працавалі два Грышы, маладыя яўрэі, абодва чарнявыя, вясёлыя і недурныя. Неяк адзін з іх, стрыгучы мяне, расказваў, як ён вызваляў Чэхаславакію. Як іхняя рота ішла па адной вёсцы, а «гэтыя чэхі» выносілі салдатам каву і булачкі.
— Дык мы завернемся ў канцы вёскі, пойдзем назад агародамі, тады зноў па вёсцы, а яны, вы разумееце, ізноў нам даюць!..
Прыемна ўспомніць. Смяецца.
* * *
На высокім узгорку — гасцінец, на абочыне якога мы стаім, а ў даліне вёсачка, і дзядзька адтуль, з якім мы цяпер сустрэліся, расказвае мне, нагадвае, як іхні паліцай, адзін на ўсю вёску дурань, не толькі сам ціхачом спадзяваўся, але і людзям хваліўся, што немец за службу дасць ім усім «па дваццаць актараў добрай зямлі»... І тут вось, на гэтым узгорку, ён падарваўся на міне. На партызанскай, вядома.
* * *
Без пары ссівелы, нервовы ад ранаў, няхай сабе і грубаваты, але ж і добры айчым, былы партызан. Калі нягодная, языкастая падчарыца, што моцна яму дапякала, не хочучы памятаць, як ён у лесе насіў яе на руках, вярнулася з далёкага замужжа, прагоненая сваім прайдзісветам, і прыціхла, нібы пабітая сучка, ён, айчым, памаўчаў, перажаваў сваю крыўду і, як сказаў мне пасля, сам-насам:
— Даў у хаце загад — падтрымаць яе фізічаскі і маральна.
* * *
Госць у мяне — малады ўзбек, аспірант ташкенцкага універсітэта. Традыцыйная ветлівасць: распытвае, як я сябе адчуваю, як сям'я, ці ўсе здаровы. Ведаючы, што ў ягоным народзе гэта ў звычаі, адказваю тым самым.
Гэта напомніла мне дзяўчат і хлопцаў, паненак і панічоў з ансамбля «Мазоўша», якімі мы з Максімам Танкам любаваліся ў шэсцьдзесят пятым годзе. Сядзелі мы ў фае канцэртнай залы варшаўскага Палаца навукі і культуры, чакаючы заканчэння канцэрта, пасля якога будзе прагляд кінафільма, на які ў нас запросіны.
Маладыя людзі па адным, папарна, групкамі, змяніўшы яркія нацыянальныя ўборы на звычайную вопратку, выходзілі з дзвярэй і кожная — словам і ўсмешкай, а кожны — прыпадымаючы капялюш, развітваліся са старым швейцарам: «Довідзэня пану, довідзэня»...
Даўно ўжо гэта помніцца, бо ёсць прычыны ўспамінаць. Не ад дабра. «Нас бы трохі пацерці гэтай соллю!» — запісаў я тады ў блакноце.
* * *
Індыйскае: «Наіўны, як сланяня».
Так у нашым падарожжы па Паўднёвай Індыі доктар Шастры, які нас суправаджаў, гаварыў пра старшыню аддзялення індыйска-савецкай дружбы ў нейкім (не памятаю) гарадку. Той нярослы ціхоня, едучы ўвечары з намі па горадзе, вельмі захацеў, каб «рускія госці» пабывалі ў яго дома. А Шастры пакруціўся машынай з намі па вуліцах, нібы кагосьці або чагосьці шукаючы, а потым сказаў таму старшыні, што ўжо няма часу. А нам пра яго, калі мы развіталіся і паехалі ў гатэль,— пра наіўнасць сланяняці.
Аднаго такога, пакуль ён хрумстаў цукровай трысцінай, я пагладжваў па хобаце,— нібы на доўгі, любы ўспамін.
* * *
Касманаўт Клімук піша: «На вочы набегла сляза... Слёзы тут, у космасе, не капаюць і не цякуць па твары, а толькі набягаюць, напаўняючы сабой усю вачніцу». Праз гэтае тлумачэнне цёпла падумалася, што чалавек — і там, дзе высока ды самотна, чалавек.
Малеча
Дачная кампанія, малыя з трэцяга і другога класа. Знайшлі каля лясной дарогі нежывога вожыка, пахавалі яго, магілку насыпалі, уваткнулі крыжык, нават пафарбаваўшы яго ў сіні колер. Мілы казачны Ёжка!.. А потым справілі дзевяты дзень. Пайшлі туды ў лес, магілку паправілі, наўтыкалі ў пясок галінак са свежымі лісточкамі. А тады, каля дачных сядзібаў, пры дарозе, паміж старым дубам і старою ліпай зварылі свайго «чаю» з лісцяў мяты і смародзіны — памянулі Ёжку. Сказалі дарослым, што і сорак дзён таксама адзначаць. Ёсць каму палічыць, ёсць каму і пачуць, нібы між іншым, як дарослыя гавораць пра жалобныя абрады.
Аднак пра сорак дзён забыліся,— прыйшлі іншыя гулі.
* * *
Унучка пацвельваецца са мною:
— А я тлёгала, я тлёгала тваю ляботу!..
І смех сардэчны, какетлівы, і з ножкі на ножку пераступае. А гэта яна чапала пішучую машынку, пакуль я выходзіў са свайго пакоя.
* * *
У трамваі — дзве дзяўчынкі гадоў па сем-восем з рудзенькімі, чарнапысенькімі ды чарнавокімі шчанючкамі на каленях. Міла няўрымслівых сябрукоў сур'ёзныя сябровачкі вязуць да ветэрынара на нейкую прывіўку. Спыталіся ў мяне, ці хутка будзе іхні прыпынак.
* * *
Пажылая жанчына расказвае:
— Мама наша рана памерла, і засталіся мы адны, як казяняты...
З мамінай казкі?