Зноў тады ўспамінаецца наш даваенны казёл, якога трымалі каля коней з прычыны яго казлінага паху. Любіў ён забаўляцца з малечай на зімовай вуліцы. Як яны здзекаваліся з яго — і верхам ездзілі, і за бараду цягалі, і «кучку-невялічку» на ім рабілі, і ў санкі яго запрагалі... А назаўтра, калі яны былі ў школе, ён хадзіў па вёсцы адзін і сумна-жаласна мекаў, не могучы дачакацца...
Літаратурнае
Петруся Броўку я ўпершыню ўбачыў у ліпені сорак чацвёртага, калі мы са Смолярам прыехалі на партызанскі парад, і Гірш, паколькі быў яшчэ час, павёў мяне да пісьменнікаў, якіх мы цэлы гурт знайшлі ў нейкім часовым доме ЦК партыі, куды іх склікалі на высокі прыём, што меўся хутка пачацца.
Потым у «Чырвонай змене», ужо ў сваім Міры, я прачытаў яго «Ясны кут», убачыў здымак аўтара ў вайсковым.
Гэта і дапамагло мне пазнаць паэта, ужо крыху знаёмага і па слове, калі неяк у жніўні перад разбураным касцёлам спыніўся грузавік, якому далей не трэба было, і з кузава на пыльны брук разам з іншымі выпадковымі пасажырамі злез цераз борт сам аўтар нядаўна прачытанай паэмы. У адзенні тым самым, што і на здымку, але без пагонаў, затое з пакоўным «Сідарам» за плячыма.
І ён мяне пазнаў, бо я, вядома ж, быў у тых самых лясных неданосках і пад пілоткай, толькі без карабіна, як было тады, калі мы... от, паздароўкаліся за руку ў незнаёмым для мяне пісьменніцкім гурце.
Ён расказаў, што едзе ў Нягневічы, куды ў акупацыю пераехала з Мінска іх даваенная хатняя работніца, самотная, сумленная «баптыстка», якая захавала сёе-тое з іхняга набытку, пра што вось і паведаміла пісьмом. Трэба наведацца, бо сама яна, пажылая ўжо, занемагла там, у сваякоў, трэба больш распытацца і падзякаваць. (На гэта і «Сідар», няцяжка было здагадацца.) Ужо быў адвячорак, ехаць яму кіламетраў пад сорак, а транспарту ніякага не відно... І я запрасіў шаноўнага госця пераначаваць.
У самым канцы доўгай вуліцы, ды яшчэ наводшыбе, у доме «святога Ката», як называлі гэтага чалавека ў мястэчку, кватаравала нас чатырох: мой брат Міша, начальнік райканторы ЦСУ, загадчык райза Багамазаў, невельскі русак, аграном, у партызанах палітрук атрада, сакратар райгазеты Нікішын, разваротлівы прымак з акружэнцаў, і я, з лесу яшчэ «выконваючы абавязкі» рэдактара.
З гаспадаром, пажылым, рухавым Уладзімірам Андрэевічам, мы з Мішам былі прыязна знаёмыя больш за дзесяць гадоў. (На чвэртку веку пазней я напісаў пра яго эсэ «Добра быць маладым».) Гаспадыня, шматвопытная Марыя Іванаўна,— і па знаёмстве з намі, і з меркаванняў часу,— накрыла ніштаваты стол.
Прыемна пасядзелася, нават і з песнямі, да якіх наш госць, як аказалася, быў ахвочы і здатны, асабліва да родных-народных.
Пятрусь Усцінавіч умеў, любіў збліжацца з людзьмі, на што ў мяне ёсць прыклады. Цяпер, пішучы гэта, успамінаю чырвона-цагляны, у вераснёвай пазалоце Торунь, дзе мы, Броўка, Пестрак і я, былі праездам у пяцьдзесят пятым годзе. Там нас сустрэў і суправаджаў па горадзе архітэктар Стэфан Нарэмбскі, пажылы прафесар родам з-пад Маладзечна. Многа было ўспамінаў пра Беларусь, прыгадваліся людзі, песні, анекдоты... Абедалі мы, і Броўка расказваў пра Кітай, у якім нядаўна быў. Як у краме стаіць чарга кітаянак, чакаюць, пакуль іх збярэцца дастаткова, каб прадавец пачаў секчы, па жаданні дзяліць на порцыі толькі што прывезенага ў магазін удава. Хтосьці спытаўся за нашым сталом:
— А што яны робяць з яго?
І прафесар з зямляцкай усмешкай, смачна па-беларуску адказаў:
— Доб-ру-ю верашчаку.
Мы толькі што ўспаміналі яе, гаворачы пра нашы сялянскія стравы.
У мяне захаваліся торуньскія фотаздымкі, найбольш удалы адзін: пан Стэфан і пан Пётрусь, весела размаўляючы, з натуральнымі жэстамі, у шчыра прыязных усмешках...
Успамінаецца і паездка па Наваградчыне, на два гады пазней, калі ён пасля смерці Коласа быў абраны там дэпутатам і папрасіў мяне паехаць з ім, пасустракацца з людзьмі ў маіх родных ды ненаглядных мясцінах. Асабліва вялікая вёска Ахонава помніцца, гутаркі з сялянамі і песні на хлебасольным застоллі...
Як і тады ў Міры, у хаце весела і талкова гаваркога гаспадара.
Уладзімір Андрэевіч, чалавек з дарэвалюцыйнай сярэдняй асветай, а яшчэ больш начытаны, між іншым расказаў тады, як у свой час да арганізацыі мірскай гарадской бібліятэкі (і вучылішча было тут «гарадское») прычыніўся сам Максім Горкі — і кніжак прыслаў, і пісьмо, якое з-за столькіх розных калатнечаў, на жаль, не захавалася.
Пазней, гадоў праз пяць, Броўка напісаў пра гэта ў «Советской Белоруссии»,— факт як-ніяк гістарычны, асабліва для міран.