* * *
Не памятаю, калі гэта было, дый, можа, яно і не так важна, каб зусім дакладна пра час,— хапае і таго, што ўжо нямала гадоў стаіць у памяці гутарка з Пятром Панчам, удвух на познавячэрнім гасцінічным калідоры. У Маскве, у гасцініцы, што называецца аднайменна.
Пятро Ёсыпавыч сам пачаў гэтую гутарку. На дзесятым паверсе, дзе мы з ім спыніліся, каля пралёту, у які зваліўся Купала. Ад успаміну пра гэта якраз і пачаў.
Утрох: Купала, Лынькоў і ён — стары, паважаны расказчык — выпілі, памятаецца ясна, палавіку паўлітра, колькі было ў бутэльцы. Захмяленне, такім чынам, выключаецца. Выйшлі на калідор. Ужо ў пакоі развітаўшыся, і яшчэ пастаялі, пагаварылі. Купала прысеў, прыткнуўся бачком на коўзкім мармуровым парапеце. А тут праходзіла з падносам афіцыянтка — з пустым ці з поўным посудам, з пакоя якога ці ў які пакой — ужо ні Панч тады, а я цяпер, у восемдзесят восьмым годзе, з яго расказу не памятаю.
Іван Дамінікавіч і ў шэсцьдзесят гадоў любіў, кажучы па-вясковаму, зачапацца з маладымі жанчынамі. Ветлым, вясёлым словам, з усёй кавалерскай тактоўнасцю. Так гаварыў мне і Панч. А сам я чуў ад цёткі Уладзі гордае: «Мой Янка быў еўрапеец!..» Не вытрымаў ён і тады, з таго злавеснага парапета. Ці то памкнуўся крышку гулліва: «Мая ж ты красунечка!», ці то вельмі прыблізна хацеў штосьці падобнае сказаць, зрабіць. А маладзіца — ці стомлена, са зразумелай нецярплівасцю, ці таксама з ветлым какецтвам — нібы хацела адмахнуцца ці адхіснуцца ад шаноўнага кавалера. Ён варухнуўся таксама. Як і куды: да яе, ад яе — у тыя секунды ў памяці Панча не замацавалася. Адбылося адно — вялікі паэт, лсывы чалавек паляцеў у глыбока-каменны пралёт...
Афіцыянтка ў той жа вечар знікла.
Расказана яшчэ і так, да таго, што ўжо хутка паўвеку гаворыцца пра Яго заўчасную, трагічную смерць.
Некалькі сведак, нямала версій,— як быццам тут штосьці трэба было замоўчваць...
* * *
Сорак дзевяты год. Атака, што не паспела адбыцца перад самым пачаткам так званай барацьбы з касмапалітамі. Бэнда — супраць Багушэвіча, за ягоны антысемітызм, а Смолкін — супраць Багдановіча, за фармалізм... Такія артыкулы былі ўжо дасланы гэтымі абодвума граміламі, на той час ленінградцамі...
* * *
— Вы сёння не прыходзьце. Адпачывайце, глядзіце горад. А заўтра ўжо, калі ласка, можаце прыйсці.
Увосень шэсцьдзесят дзевятага ў Вільнюсе маскоўскія арганізатаркі міжрэспубліканскай канферэнцыі па дзіцячай літаратуры так гаварылі пры мне Валянціну Бераставу.
Яму было сорак адзін, на адзінаццаць менш, чым мне, на семнаццаць менш, чым Вітку... Дый не ў гэтым галоўнае. Сабраліся пісьменнікі з шасці рэспублік, а тут — выключэнне. Старэйшаму брату...
Дзень адпачыўшы з чарговай жонкай, назаўтра ён частаваў нас успамінамі пра сваё літаратурнае вундэрмаленства. Ласункі з барскага стала...
* * *
Што добра — тое добра, нават сям-там у нечым і выдатна. Аднак у міжраддзі добрага і выдатнага было і іншае. Як ён выслужваўся, як раскланьваўся перад тымі, ад каго залежала сытае, спакойнае жыццё, званні, узнагароды, кватэры, паездкі...
Не магу забыцца вось ужо больш за сорак гадоў, як ён, таленавіты чалавек, са здаровым адчуваннем смешнага, седзячы на стадыёне, раз-поразу азіраўся на ўрадавую трыбуну, дзе сядзеў вядомы аматар футбола — Цанава... Улавіў, нарэшце, момант ці проста здалося, што Лаўрэнцій Фаміч (быў жа Лаўрэнцій і ў нас!..) глядзіць на яго... І радасна прыпадняў капялюш. Пісьменнік — перад катам!..
* * *
У вёсцы многа дачнікаў, пад вечар асабліва шумна ад дзетвары. Госць наш з'явіўся тут, як з неба ці з Парнаса ўпаўшы, бо прыляцеў ён з Мінска самалётам, на пару з адным з дачных бацькоў, абодва пад добраю мухай. І госць пачаў той дзетвары расказваць пра сваё партызанскае «як было».
— У блакаду, дзеці, мы елі адну крапіву. Радзіма скажа — будзеш есці яшчэ і не тое. Вось такую яе, вось такую!..
Сарваў пад плотам жменю жыгучкі, пачаў хапаць яе слінявымі губамі і жаваць.
— Вось так! Вось так!..
Жаваў і ўжо расчулена плакаў... пэўна ж, пякучымі слязьмі.
Спачатку дзеці як быццам смяяліся. Потым толькі глядзелі. Сямігадовы яўрэйскі хлопчык, звонкі няўрымста, стрыжаны пад машынку, зусім сур'ёзна гледзячы на незнаёмага, прастадушна спытаўся:
— Дядя, вы дугак?
* * *
Не назаву я, дарагі, твайго імя, бо ў гэтым, што хочаш — не хочаш успамінаецца, ад твайго галоўнага — не шмат, бо я і права не маю судзіць,— я толькі ўспамінаю, не магу забыцца, як ты крычаў на дзяжурную адміністратарку гасцініцы, куды мы разам прыехалі: