Выбрать главу

Перад ад'ездам сюды хваліўся А. Л., што пішу раман на вялікую, агульначалавечую тэму. «А як жа ён называецца?» «Дзе твой народ». «Ну, дык якая ж гэта агульначалавечая тэма?..» Праўда! Значыцца, праўдай гэта будзе — сумнай і горкай праўдай для мяне,— калі я звяду да афіцыйнай вузкасці. Глядзелі ўчора тэлевізар, слухалі з сімпатычным і мала яшчэ вядомым мне прафесарам Яругіным выступленне Смірнова («брэсцкага») пра гераізм нашых людзей у дні вайны. Удзельнік абароны Ленінграда, камуніст, матэматык з еўрапейскім імем, прафесар наш раптам павярнуўся да мяне і пачаў:

— Ну і навошта ён ілжэ: «На такія подзвігі здольныя толькі нашы савецкія людзі»!.. Навошта гэтая вузкасць, якая так ужо ўсім абрыдла? Вось мне расказалі ў адным райцэнтры пра такі выпадак. Прыгналі вялікую групу савецкіх палонных. Палкоўнік, немец, гаворыць обер-лейтэнанту: «Вазьміце роту салдат, там, за горадам, ёсць вялікі яр — ліквідуйце гэтую банду».— «Гер обэрст,— гаворыць той,— я страляю толькі ў баі, а гэта безабаронныя людзі».— «Дык што, расстраляць вас разам з імі? Што вы на гэта скажаце?» — «Усё, што я меў сказаць, я сказаў». І чалавека расстралялі. Што гэта — не гераізм? А хіба мала было такога? І хіба гераізм нашых людзей паменшае, калі мы будзем гаварыць пра гераізм другіх?..

Я расказаў прафесару пра тых італьянцаў, што расстраляны былі ў Глыбокім. Стары вельмі зацікавіўся, усцешыўся. «Я раскажу пра гэта моладзі, перад якою буду днямі выступаць!.. Абавязкова раскажу!» І згадзіўся са мною ў тым, што Смірноў, следам за ўсімі цяпер, паслаўшы праклён «культу Сталіна» — сам гаворыць у тым жа духу: вузка, тупа, мелка і, у выніку, бескарысна.

Такога трэба баяцца, калі мы не хочам марнець у затхлай старызне мінулага з яго шалёным «трыццаць сёмым годам».

Глядзелі потым фрагменты фільмаў «Ленін у Кастрычніку» і «Ленін у 1918 годзе» (у перадачы пра Шчукіна), дзе вельмі выразна адчулася афарбоўка сталінская, бо недарма ж карціны рабіліся ў той час. Ленін нібы апраўдвае Сталіна: «Мы недастаткова жорсткія!..», а Горкі паказаны такім сабе «благочестивым дурачком».

Цяжка, ох як цяжка слухаць расказы рэабілітаваных і наогул сведак таго часу — пра «суды» і лагеры...

* * *

З галаўным болем, але ж і з добрым настроем пісаў уранні, калі прыехаў мілы Валодзя Караткевіч, прывёз даўно абяцанае віно... Добра пагаварылі і раптам пацалаваліся двойчы — ад радасці жыцця, работы нашай і нашай даўняй ужо дружбы.

Пасля Куляшоў чытаў свой, тут напісаны, цыкл санетаў. Радасна было за нашу асмейваную, зацюканую мову, за тое, што на ёй пішуцца такія рэчы, што будуць, на радасць людзям, пісацца і лепшыя! Добра, нечакана добра, неяк па-святочнаму хораша было мне ў даўно не адчуванай сапраўды пісьменніцкай атмасферы. Таму і запісваю гэта, пры лямпе, перад сном, вярнуўшыся з далёкай, самотнай праходкі — па шашы, пад гоман жаб і перасвіст салаўёў.

* * *

Захоўваць сябе ў тыя дні — нават «захоўваць для вялікіх спраў» — не заслуга, а хутчэй злачынства, са скідкай на несвядомасць. Праўда, у гады акупацыі я думаў не пра захаванне самога сябе (былі, вядома, адхіленні і ў гэты бок, але такія думкі не былі галоўнымі),— я проста не мог так вось адразу перарабіцца з пацыфіста ў савецкага патрыёта. Я рад быў, што ўжо «не трэба забіваць», пакуль жыццё не прыперла да сценкі, не паслала да тых, што забівалі, пераходу ў стан якіх я быў так рад.

* * *

Галактыка... Бясконцае, бязмежнае неба... Жыццё без канца і пачатку....

Пазаўчора, здаецца, слухаючы такую гутарку, успомніў, што я яшчэ хлапчуком зжахаўся ад думкі, што няма ўсяму ні канца, ні краю. «Бог стварыў неба і зямлю...» А хто ж стварыў яго?..

Пачатак майго атэізму.

* * *

Калі я не быў толькі самім сабою, не кіраваўся толькі сваімі прынцыпамі, а па-сяброўску прыліпаў да каго-небудзь іншага,— і ў палоне, і ў вайну, і пасля вайны,— тады я нібы раззбройваўся і з начытанага, узброенага ясным светапоглядам будучага, а потым і сапраўднага пісьменніка ператвараўся ў наіўнага вясковага хлопца, што ў дружбе бываў бязвольным пераймальнікам. Адсюль бывалі і памылкі, якія прыкра ўспамінаць...

* * *

Страшнае, балючае прадчуванне вялікай бяды — для дзяцей, для самога сябе, нейкія жудасныя выпрабаванні, што будуць. Я гатовы іх сустрэць і мужна загінуць за родную справу, але ж мне страшна за тых, каго я пусціў на свет, найбольш — за сына. Было днямі жывое адчуванне жаху: усіх іх няма, а я адзін застаўся!.. Такою меркай мераю міжвольна пакуты людзей: гляджу малюнкі пра зверствы СС і адразу ўяўляю маіх на месцы тых, што называюцца чужымі... Бяру сябе ў рукі, кажу, што гэта — нервы, супакойваю сябе тым, што б ні здарылася са мной, з маімі роднымі — не будзе тое чымсьці найгоршым, чаго не бывала з людзьмі... Яно адыходзіць, а потым вяртаецца. І ад уяўлення нават становіцца так цяжка, што разумею народнае, «хоць разарвіся з жалю»...