Аднак жывучая цётка,— і сёння яшчэ, дзякуючы хапатлівай непераборлівасці Святланы Алексіевіч, трапіла на старонкі «Литературной газеты» як ледзь не пакутніца і змагарка за праўду ў сталінскае ліхалецце.
У эсэ пра Лынькова я пісаў пра яе безыменна, як пра бабулю, «якой найбольш да твару клопаты з авоськай». А тады, пасля вайны, яна была ў самай сіле. Ва ўсіх адносінах. Як і жонка яшчэ вышэйшага начальніка.
* * *
Рэалістычная, як мне здалося, і талстоўская дэталь. Камандуючы кастрычніцкім парадам аб'ехаў салдацкі фронт, сышоў з машыны і, перш чым узняцца на ўрадавую трыбуну і даць аптымістычна-стальную прамову,— я сам гэта бачыў,— па-старэчы закашляўся ды засмэркаўся за той трыбунай, пад вялікім дрэвам.
Дробязь. А мне гэта ў свой час, у шасцідзесятых, Галоўліт зняў — як ачарненне кадраў абароны.
* * *
«Усердие не по разуму». У юбілейнай кнізе «А хто там ідзе?» мовы розных народаў ідуць пасля купалаўскага арыгінала па алфавіце. Высокаідэйная заўвага: «А чаму гэта ў вас руская мова ідзе пасля румынскай? Паправіць!» Пакуль кніжку перарабляць, нехта з адказных за яе складанне мог бы спытацца: «А можа, пусцім спачатку рускі пераклад, тым больш што ён горкаўскі, а тады ўжо арыгінал і іншыя пераклады?»
* * *
Жахлівая навела трыццатых гадоў.
Начытаўшыся ды наслухаўшыся пра подзвіг Паўліка Марозава, падлетак-піянер пачаў сачыць за сваім бацькам. Калгасны конюх, бацька прыносіў часамі кішэню аўса, з якога, растоўкшы ў ступе, маці варыла нейкую поліўку. І вось аднойчы, прыйшоўшы са школы, малы сеў пісаць на бацьку заяву.
— Думаў, думаў,— успамінаў ён потым, у пяцідзесятых,— а пасля як стала мне страшна, як расплакаўся я за сталом!..
У першым варыянце «Птушак і гнёздаў», надрукаваным толькі ў часопісе, я аддаў тое апавяданне прыдуманаму герою. Можа, і лепш яно там пададзена, аднак і застаўся той першы варыянт маёй кнігі толькі ў архіве, і захацелася тую сяброўскую споведзь вярнуць да імені маладзейшага сябра, які мне сам-насам прызнаўся. Гэта — Алесь Рылько, шчыры, таленавіты хлопец, які і цяжка жыў, і страшна, заўчасна пайшоў з жыцця...
* * *
Маладыя ўзбекі, франтавікі, з Германіі павярталіся некаторыя з арыгінальнымі трафеямі. Зухавата едуць у горад на ішаках, панадзяваўшы... чорныя канцэртныя фракі і падперазаўшыся салдацкімі рамянямі з надпісам на спражцы: «Гот міт унс».
Расказаў мне пра гэта на лясной зімовай праходцы Мікола Хведаровіч.
Як і пра тое, што на пачатку трыццатых гадоў у Саюзе пісьменнікаў была свая. сталоўка, дзе кармілі асобна актыў» і асобна «пасіў». Таварыш Левін чытаў па спіску прозвішчы і накіроўваў, каму куды ісці.
— А ў трыццаць сёмым векапомным і так яшчэ. Кілаграм маргарыну і пяць вяленых конскіх языкоў. У літфондзе давалі. На месяц. І то не ўсім, таксама актыву!..
* * *
Шматпакутны Бярозкін, калі мы з ім неяк праходжваліся ў парку, удала, весела прыкінуўся, што вось бяда — імёны па бацьку нашых правадыроў, усеагульнага і ўселітаратурнага, у яго міжволі, лёгка блытаюцца: то Леанід Макеевіч, то Георгій Ільіч...
Для нашчадкаў — заўвага: Брэжнеў і Маркаў, абодва лаўрэаты ў самым творчым росквіце.
Яго ж, Рыгорава, скарга:
— Уздыму якасць — падае ідэйнасць, уздыму ідэйнасць — якасць упала! Так, брат, і тузаюся апошнім часам.
* * *
У клубе Дома літаратара выступае старэнькая маці Юрыя Гагарына. Многа пытанняў. Т такое — ад аўтара патрыятычных раманаў, высокага вайскоўца:
— Скажите, пожалуйста, какие чувства вы испытывали в день гибели вашего сына? Во вівісекцыя!..
* * *
З мовы Міколы Засіма:
«Майму бацьку — абы многа і негарачае. Мог з'есці столькі, што ты не паднімеш».
«Кузьма Чорны, вядома, добры пісьменнік, калі ёсць час чытаць».
«Раздавалі ў нас партызанскія медалі сувязным. У бабоў слёзы — ажно сквірчаць! Старому даюць медаль, а ён кажа: «Не трэба. Дайце лепш сыну». Ну што ж, аформілі малому. І ходзіць ён цяпер, патрэсвае медалём».
На пісьменніцкім пленуме, абараняючыся ад крытыкі, таму крытыку, што піў і еў у іх у Брэсце, столькі наабяцаў, а цяпер яшчэ і тузае зверху, абураны Мікола па-свойму пекануў народным: «Локшыну з'еў і брэша!..»
Калі якая размова выходзіла больш на палітыку, ён асцярожна перапыняў:
«Давайце лепш пра бабоў!»
Хоць бабнікам яго ніхто не ведаў.
А словы тыя мне часта ўспамінаюцца: калі мы зноў пра палітыку.