«Я з вогненнай вёскі...» не прайшла на прэмію стараннямі маскоўскіх літаратурных вяльможаў, сяброў пакрыўджанага. Мне было няёмка перад сааўтарамі, я ім сказаў, і яны мяне супакойвалі. Многа было чытацкіх пісьмаў і званкоў, з разуменнем і ўдзячнасцю. У саюзнай прэсе толькі «Литературное обозрение» выступіла з гадзенькай рэдакцыйнай рэплікай пра мой «суб'ектывізм». Вернасць гэтай, зверху зададзенай, пазіцыі рэдакцыя потым засведчыла двойчы, адхіліўшы станоўчыя рэцэнзіі на маю кнігу «Поиски слова», дзе пра Чакоўскага, хоць і прыгладжана, але засталося (толькі без такога: «Есть и Сталин и Гитлер, и иже с ними...»). Адну рэцэнзію прыслаў ім бакінскі журналіст М. Плескачэўскі, дваюрадны брат А. Твардоўскага, а другую прапанаваў крытык І. Залатускі, член іхняй рэдкалегіі, ужо зусім нядаўна, калі і тугавухі «Литобоз» таксама падключыўся да перабудовы. Задоўга да яе, у пачатку васьмідзесятага, галоўны рэдактар «Дружбы народов» С. Баруздзін, згадзіўшыся на выданне ў «Бібліятэцы» гэтага часопіса майго аднатомніка «Стежки, дороги, простор», палічыў патрэбным сказаць наўздагон, калі я ўжо выходзіў з яго кабінета, дзе ён, дарэчы, быў не адзін, а з намеснікам: «Иван Антонович, только не делайте больше ошибок, и политических, и других...» Шматкроп'е чулася ў яго недагаворанасці наконт чагосьці, што ён ведаў, што заўсёды ведае. У нас з ім было ўсё-такі больш за дваццаць гадоў карэктнага знаёмства, і сказанае ім трэба было прыняць за добразычлівую перасцярогу.
На трэцім годзе пасля таго нумара «Немана» да мяне прыехала з «Литературной газеты» маладая супрацоўніца Галя Грыбоўская і ўгаварыла на інтэрв'ю. Потым яна расказала, што, убачыўшы ў апошняй карэктуры газетнай паласы тое, даволі вялікае, інтэрв'ю, Чакоўскі абурыўся: «Як?!» Яно было знята, але шэфа пераканалі, што якраз будзе лепш «стаць вышэй», і матэрыял вярнуўся ў нумар. Галя пайшла на большае: тое, што не ўдалося адстаяць у сваёй газеце, месцы вастрэйшыя, яна аформіла ў яшчэ адно інтэрв'ю, і яно было для мяне, калі я прыехаў у Маскву на вечар памяці Дзмітрыя Кавалёва, прыемным сюрпрызам. У выпадкова купленым нумары «Советской культуры», яшчэ не бяляеўскай.
На тым пакаральным абмеркаванні Шамякін сваё выступленне пачаў ідэйным пафасам: «Таварышы, Масква абурана бурліць!..» Ніл Гілевіч, якому было яшчэ далекавата да нагоды замяніць на пасадзе Шамякіна, перапыніў яго: «Іван Пятровіч, няўжо так ужо і бурліць? Адзін хтосьці бурбалкі пусціў!..» Быў смех, бо частка прысутных ведала, што тут сёння да чаго. А вось ужо летась, у восемдзесят сёмым, той самы прыязна-дасціпны Ніл Сямёнавіч у сваім дакладзе сабраў ды падлічыў усе нашы крошкі ды крошачкі грамадзянскай пісьменніцкай мужнасці за ўвесь паслясталінскі час, але ж ніводным словам не ўспамянуў той спалохана-прававерны прэзідыум... Зрэшты, ніхто яго ў гэтым не папракнуў, не дапоўніў.
Што ж, можа, яно ў тым — як-ніяк грамадскім — толькі маё асабістае?..
* * *
У цікавай, патрэбнай кнізе нястомнага Яраслава Пархуты «Зямля бацькоў нашых» мацней кранулі два моманты.
На палях Шуміліншчыны вельмі многа валуноў. Той, хто расказваў аўтару пра гэтую спрадвечную бяду, як уздыхнуў:
«Магутанькі не было з камянямі тымі».
Слова, упершыню пачутае, падкрэсліць захацелася. Успомніўшы адразу двух сяброў, што так аддана служылі нашай роднай мове. Адзін, здалося, сказаў бы з усмешкай стрыманасці: «Хораша», а другі і прыцмокнуў бы: «Смаката!» Янкоўскі і Скрыган.
І другое, з Хоцімшчыны.
У 1919 годзе ў вёсцы Ліпаўка была створана камуна. Не проста, а з удзелам мясцовага памешчыка Смагаржэўскага. Сяляне яго паважалі. Удзельнік рэвалюцыі пятага года, быў у ссылцы. Кабыла здохне ў кагосьці — дасць грошай на другую. І лесу не шкадаваў, не караў парубшчыкаў. Выбралі старшынёй рэвізійнай камісіі. Яшчэ і дзетак вучыў, ходзячы па хутарах. Замерз у полі, снегам замяло яшчэ жывога, дзяцюк падняў, занёс на печ, каб адышоў, але пад раніцу ён памёр.