Выбрать главу

Пераклічка высокіх пачуццяў, гіовязь вялікага.

* * *

Факсімільнае выданне «Другога чытання для дзяцей беларусаў».

Недасканаласць... не, лепш — нераспрацаванасць нашай тагачаснай літаратурнай мовы нават расчульвае, як непісьменная, прастацкая гутарка нашых старых бацькоў. Свежая назіральнасць, веданне прыроды, любоў да яе, веданне працы (які пажар лесу!), пашана да тых, што цяжка працуюць — сапраўды народныя. Прабіваецца, чуваць падтэкстам «нравственность» семінарскага выхавання, начытанасць вялікай літаратурай.

Нават і памылкі друку, якіх мноства, гавораць пра хвалюючую беднасць роднага.

А ўсё ж і раздражняе месцамі тая мова, з якое пачыналася літаратурная, сучасная. Хоць і сёння часамі, і часта, сумна і прыкра бывае. Ды гэта ўжо ў паасобных выпадках, у таго ці іншага аўтара, дзе невуцтва ці недахоп таленавітасці.

* * *

Робэрт Кірштан, «Клан Камеронаў». Шатландскае на польскай мове, два томікі кішэннага фармату. Добрыя два дні і сёнешняя раніца ўдзячнага чытання.

Учора званіў Вітка і, між іншым, спытаўся, што я чытаю. І мы пагаварылі пра тое, як многа на свеце добрых пісьменнікаў і кніг, і як шкада (тут мы і засмяяліся), што ўсіх іх не прачытаеш, і як добра так пашыраць сваё ненаежнае веданне сапраўднай літаратуры чалавецтва.

Паглядзеў на карце Шатландыю, радзіму тых шахцёраў, з іх нялёгкім, складаным жыццём на зямлі і пад зямлёй, і яшчэ раз прыемна стала ад бясконцага па часе і разнастайнага па геаграфіі папаўнення сваёй чытацкай касы. Ад чаго не проста абагачаешся, але і дапрацоўваеш самога сябе для належнай службы роднай справе.

* * *

У «Литературной газете» — пісьмо дачкі Караленкі да Н. К. Крупскай пра голад на Украіне. Уяўлення і сэрца не хапае ўжо на глыбейшае ўспрыманне тых жахаў...

І яшчэ такое ўражанне ад пісьма Соф'і Уладзіміраўны,— глыбокая ў прастаце і душэўная без натугі розуму здольнасць пранікаць у галоўную сутнасць рэчаў, што ідзе ў яе, безумоўна, і ад высакароднага бацькі, і ад яго старэйшага сябра, Талстога,— ад тых глыбіняў чалавечнасці, якія так нялюдска, ганебна тапталіся крыважэрнымі хамамі...

* * *

Герман Гесэ. «Гульня шкляных перлаў».

Сапраўдны, а тут можна сказаць і вялікі, пісьменнік мала, а то і вельмі мала цікавіцца тым, цяжка ён чытаецца ці не цяжка,— піша сваё, як хоча, і застаецца самім сабою.

...Тое, што Сёмуха перакладае не з рускіх перакладаў, як многія «некаторыя», а заўсёды з мовы арыгінала, тут — з нямецкай, дапамагае яму не скочвацца да найлягчэйшага, а шукаць і знаходзіць чыста беларускія словы, звароты ды выверты, бяручы з народнага і месцамі ўздымаючыся да плённай словатворчасці.

(А ўсё ж і паланізмаў трохі ёсць, і ўкраінізмаў, нібы па дружбе з Караткевічам, да моднага байстручка аповяда ўключна. Праўда, толькі ў двух ці трох выпадках, з чаго мы разам па тэлефоне пасмяяліся.)

...Яшчэ калі Ёзаф Кнэхт уздымаўся, я прадчуваў у яго далейшым лёсе падабенства да лёсу талстоўскага айца Сергія, да заканчэння той аповесці. Яшчэ жывей пра гэта нагадала цудоўнае апавяданне «Спавядальнік». Сіла прастаты і мудрасці.

* * *

Швед Вільгельм Мобэрт, «Эмігранты», зноў жа па-польску.

Палякі выдалі толькі першую кнігу гэтай тэтралогіі, тое, дзе шведская вёска мінулага стагоддзя і марское падарожжа сялян у Амерыку. Можа, пакуль што толькі першую, а можа, і так, як у іх атрымалася з Мележам: выдалі толькі «Людзей на балоце». Так думаю цяпер, пішучы, а чытаючы ўспамінаў Іванаву першую кнігу «Палескай хронікі», якая сваёй таленавітай грунтоўнасцю, душэўнай насычанасцю належна расказвае сусветнаму чытачу пра нашу часціну бязмежнага свету так, як і трэба гаварыць ад кожнага народа, ад кожнай краіны, робячы тое, што самае галоўнае — «садзейнічаць умацаванню чалавечай агульнасці, умацаванню міру і дружбы», як я днямі чуў працытаванне з Талстога.

* * *

Пра неваяўнічасць у Чорнага я ўжо даўнавата друкаваў. Не памятаю, ці запісаў дзе пра Кулакоўская, афіцэра-франтавіка, які, як баталіст, неяк па-сялянску вяла-недалужны, што мне калісьці прыкла адчулася, як рэдактару яго рамана «Расстаемся ненадоўга».

А цяпер — даўно не ўпершыню — зноў успомнілася пацешна неваяўнічае ў дарагога дзядзькі Якуба:

Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!

Нібыта на зайцоў ісці склікае.

* * *

Артыкулы Бёля пра Салжаніцын.

З нагоды 60-годдзя рускага немец піша: «Шлю прывітанні ў Вермант — яму, яго жонцы Але, дзецям і цешчы». І гэтая ў яго, калі падумаць пра арыгінал, die Schwiegermutter нагадала мне верш Ружэвіча, здаровы, мужны дыфірамб teściowej, на які я калісьці звярнуў увагу Юзіка Семяжона, а ён той верш удала пераклаў.