Выбрать главу

І такі (мой) удзел у літаратурным жыцці патрэбны, важны і прыемна ўспамінаецца.

* * *

Жывучасць, таемнасць смеху ў Гогаля!.. Уранні на свежую галаву, як зусім, зусім новае прыгадалася, што унтэрафіцэрская ўдава «сама себя высекла», і ад такой геніяльнай недарэчнасці я молада зарагатаў у ванным пакоі, напалохаўшы гэтым сваіх.

* * *

Пасля XX з'езда партыі зусім не проста было пакідаць у перавыданнях імя Сталіна, калі хто нават і шчыра славіў яго. Рэкамендавалася замяняць тое, раней па сутнасці абавязковае, імя іншым — Леніным ці Партыяй, і рэкамендацыі такія ішлі ад рэдактараў, за якімі грозна маячылі загранатрады цэнзараў без двукосся і з імі...

Уладзіслаў Бранеўскі друкаваў сваю паэму пра Сталіна, апраўдваючыся тым, што пісаў яе — нават і пасля сваёй Лубянкі — шчыра. Аднак, гэта было не ў нас, а ў Польшчы, дзе павады і лейцы папускаліся вальней.

Тое не зусім проста сёнешнія крытыкі павінны былі б разумець і пры ўсёй сваёй бескампраміснасці ды суперпаслядоўнасці... у адносінах да іншых.

* * *

Ян Павел Другі, выступаючы ў Вільні па радыё, па-беларуску і асабліва па-руску гаварыў з выразна польскім акцэнтам. Бог тут не выручае,— папу, і літаратара ды навукоўца па сумяшчальніцтву, ратуе таленавітасць і праца над сабой, чаго яму, аднак, на ўсіх усюды не хапае.

У Польшчы чуў я ў восемдзесят сёмым: «Пан Буг ест ўшэндзе, а ойцец свенты был ўшэндзе». Толькі, на жаль, не ў нас.

Хай бы ж прыехаў, засведчыў павагу да братняй мовы хоць і з акцэнтам! У прыклад меншым айцам.

* * *

Добра думалася, як шчыра і плённа працуе для нашай літаратуры рускі Генадзь Кісялёў, як працавалі татарын Сцяпан Александровіч, яўрэй Рыгор Бярозкін...

* * *

«Молодежь хороша как молодежь скромная, но когда она гордится собой — противна».

Прачытаўшы ў дзённіку Макавіцкага гэтыя словы Талстога, жыва пачуў бойкае шматгалоссе яшчэ аднаго пакалення моладзі, часам, здаецца, найбольш задаволенай сабою ў параўнанні з ранейшымі пакаленнямі.

* * *

На сустрэчы з чытачамі, якія часам вельмі ж любяць экзаменаваць «жывога пісьменніка», на не надта тактоўнае, а то і зусім недарэчнае пытанне можна адказаць і так: — Дазвольце мне проста ўздыхнуць.

* * *

У «Галасах» аргенцінца Антонія Порк'я, надрукаваных «Литературной газетой» ад 22.ІХ.93, найлепш спыніла ўвагу такое выказванне, такі, як аўтар кажа, «спяваючы голас думкі»:

«Таго, што не стала ўспамінам, не было...»

1949-1993