Выбрать главу

* * *

Цэлая група бездараў, на чале з «былым чэкістам», В., «новым Бэндам», як называюць яго маладыя, намагаюцца абвінаваціць двойчы пакаранага і рэабілітаванага Бярозкіна ў сіянізме, нацыяналістычнай групаўшчыне (усё гэта не проста так, а намёкамі), давесці ўсё гэта не ўдаецца, у рэзалюцыі сходу гэта сяк-так запісваюць, а паклёпнікаў «отпускают с миром», нават не кажучы ім: «Иди и более не греши»... Яны — сігналяць. Яны сігналілі і калісьці!..

* * *

Да 70-годдзя Сталіна быў падрыхтаваны выдатны падарунак: інкруставаны партрэт самога бацькі з самым звычайным подпісам: «Вялікаму... ад беларускага народа». У самы апошні момант адзін з адказных таварышаў праявіў пільнасць і падняў гвалт: «Што ж мы робім?» На недаўменне менш пільных ён сказаў: «Ад беларускага народа — вы падумалі, што гэта азначае па-руску?!» За ноч было перароблена: «Великому... от белорусского народа».

* * *

І ў Камсамольску, і ў яго «спадарожніках» — у Сонечным (гарадок у глыбокай зялёнай даліне і будучае волава) і ў Амурску (новенькі гарадок над ракою і грандыёзнае будаўніцтва хімкамбіната) — усюды думаў пра веліч і трагічнасць нашага часу. Калі ж мы спалучым афіцыйнае, адкрытае з сапраўдным, што часта схавана ў змрочнай і крывавай глыбіні, якую да нядаўняй пары лічылі больш надзейнай, чым краты і замкі, якую хавалі ад народа, ад чалавецтва, нібыта нават дзеля будучага шчасця, з-за нейкіх вельмі высокіх меркаванняў. Думалася таксама і пра нашых маладзенькіх літаратурных занудаў, што нездаволеныя амаль усім, апроч свае таленавітасці,— сюды б іх прывесці, каб паглядзелі, колькі станоўчага ў нашай рэчаіснасці, колькі тоіцца ў ёй натхнення. А з другога боку — я не толькі сам думаў, успамінаў раней пачутае ад тых, што многае перажылі, але і тут, ад слаўных людзей, будаўнікоў жыцця, чуў такія рэчы, што дапаўняюць агульнавядомае, знешне ўра-патрыятычнае, сапраўды, грунтоўна станоўчае глыбокім трагічным падтэкстам. У невялічкім краязнаўчым музеі і цесна і па-святочнаму шумна, урачыста сабраліся «первостроители» Камсамольска. Ім уручаліся ганаровыя граматы, пра іх мужнасць успаміналі яшчэ раз заслужана добрым словам. А старажылы — часамі нават і без пытання, самі — ужо не шэптам, не баючыся малазнаёмага, гавораць, што на камсамольскі патрыятызм у будаўніцтве «горада маладосці» прыходзіцца не больш дзесяці працэнтаў, а рэшта — менш армія, а больш — ахвяры «культу асобы», на касцях якіх узведзены амаль усе былыя новабудоўлі.

«Гаглідзе не баяўся сакратара крайкома... У генерала Пятрэнкі памерла жонка, дык ён зрабіў ёй мармуровы маўзалей, каля якога дзень і ноч стаяла варта...»

Людзі мерлі без ліку, злоўлены ўцякач тры дні ляжаў застрэлены — на страх другім. Ні віны, ні суда. Людаедства. І гэта — у палавіне XX стагоддзя, пасля Талстога і Леніна!.. І песня — адна з найбольш праўдзівых песняў пра «карыфея ўсіх часоў і народаў»:

...Мы здесь, в тайге, о вас не забывали, Нам снилась та далёкая пора — Вы здесь из искры пламя раздували... Спасибо вам: я греюсь у костра!..

Калі ж яна будзе ў нас гаварыцца — уся гераічная і жахлівая праўда нашай гісторыі? І як шмат ужо зроблена ў сэнсе разняволення гэтай нестарэючай, непераможнай праўды!..

* * *

Мілы, сентыментальны Дзіма Кавалёў, пры нашай выпадковай сустрэчы ў Маскве, напісаў у маім блакноце некалькі слоў сваёй далёкаўсходняй сяброўцы Юліі Шастаковай. Я перадаў ёй гэтую пісульку ў аэрапорце, дзе нас сустракала група хабараўчан. Пасля яна, расказваючы мне пра нашых землякоў на Далёкім Усходзе, перадала здзіўленне свае дачкі: «А навошта яна наогул, гэтая беларуская мова?..» Праўда, Шастаковай хтосьці з яе сяброў сказаў: «Юлія Аляксееўна, не разводзьце расавай тэорыі»; праўда, тут можна зрабіць скідку на бабскую балбатлівасць, але ж як дыхнула адразу тым самым вялікадзяржаўным — агромністым, цяжкаботым і п'яна-нахабным — шавінізмам, які мы адчувалі дома так часта і так балюча. І як жа гэта хапае нахабства і слепаты мадэрнізаваць, проста прыстасоўваць гэты імперскі шавінізм да... камунізму, нават і пачынаць той камунізм з найбольшым поспехам ад гэтага?! У «Дружбе народаў» я так і сказаў у гутарцы з загадчыкам аддзела крытыкі: «Ну што гэта мне за праблема — на якой мове хоча пісаць асецін Агаеў?..» Сумна гэта ўсё, дзіка. І таму так прыемна сустрэць сапраўднае — ад вялікай рускай душы, ад сапраўднай рэвалюцыйнасці, ад сапраўднай дружбы народаў.