* * *
Дні былі такія, што нават пачатага, папярэдняга запісу не змог закончыць. Бясконцыя выступленні, сустрэчы — радыё, тэлебачанне, завод, рэдакцыі...
Найцікавейшая сустрэча — прыход да нас, у нумар, старога Усевалада Ніканоравіча Іванова, яго расказы пра Кітай («Нам бы іхняга канфуцыянства пабольш!..»), пра дружбу з Рэрыхам, трохі пра сваю эміграцыю, пра ваўкавыскае маленства ў бабуліным маёнтку... Эрудыт, бывалец, аўтар многіх кніг («Пісьменнік я, на жаль, непапулярны...»), моцны, нястомны рабацяга, якога і старасць не бярэ.
Як заўвага да канфуцыянства:
Была ў Кітаі «страва», якую забаранялі нават пры гаміндане. У круглым стале дзірка. Пад яе падвязвалі малпу так, каб вытыркала цемя. Пасля яго ссякалі роўна са сталом і — з жывой галавы, пад крык беднай істоты — лыжачкамі выядалі мазгі...
... Ноччу Сярожа Грахоўскі ўсхвалявана і страшна расказваў мне ў нумары пра свае семнаццацігадовыя нявінныя пакуты... Ці можа вярнуцца такое?.. Калі б і вярнулася, ужо не магло б хіба быць такім жахлівым,— з выяданнем жывых мазгоў народа...
* * *
Ціхі Буг каля заставы. Глядзеў на Польшчу, як нядаўна глядзеў на Кітай цераз Амур. За Бугам — беларуская вёска, куды цяпер цёткам дазволена хадзіць да сваякоў. Такі самы лазняк і жаўранкі, і добра, што гэта граніца дружбы: не так адчуваецца недарэчнасць граніц, хоць ёсць і тут недарэчнасць — калі сапраўдная дружба, дык навошта граніца?
Граніца — хутчэй у Кобрыне, дзе культ душыцеля Касцюшкаўскай волі — Сувораў, які не мае нічога супольнага ні з нашай, ні з польскай інтэрнацыянальнай будучыняй, сучасным імкненнем да яе (калі яно — не словы толькі, а імкненне)...
* * *
Сёння зноў любуюся Беларуссю: Белаазёрск — Івацэвічы — Слуцк...
Абапал шашы два помнікі: рускім салдатам, што грамілі паўстанцаў 1863 года — чорны металічны крыж з распяццем (І Н Ц І), а паўстанцам — велічны помнік, цяпер зганьбаваны свядомымі ці несвядомымі нашчадкамі царызму. Бабы казалі, што ланцугі, якімі быў апаясаны помнік, аддзіралі трактарам... Зрэшты, і тых, і гэтых трэба правіць, і тым, і гэтым трэба думаць пра будучыню міру, якой не спрыяе захапленне крывавым мінулым.
Жыва ўявіў пасля, едучы, дэфіляды, што адбываліся тут, пры польскім помніку, з удзелам ветэрана паўстання, што плакаў ад захаплення, і маладога ўланскага афіцэра, брыдкаслова і блядуна, які ўмеў быць таксама прыгожа-фанабэрыста патрыятычным... Кожнаму сваё? Так мы не дойдзем да ладу, так нам будзе капец,— гэта ўсё больш ды больш становіцца рэальным, непазбежным...
* * *
...На плошчы перад старажытным замкам рассеўся праваслаўны сабор, рассунуўшы гісторыю народа тоўстым жандарскім задам царызму [11].
Чытаў у «Литгазете», часткова чытаныя раней у «Дніпры», фрагменты з дзённіка Даўжэнка Гаварылі перад гэтым з Адамовічам пра смеласць Даўжэнкі, яго чалавечае хараство і пра жаль ягоны, што марна згінула дваццаць гадоў жыцця.
Ці ў аднаго яго?! Я таксама пасля «Марылі», «Зладзеяў», «Жывога і гнілі» пісаў для «Вожыка» замалёўкі «Дзеля сапраўднай радасці» і шчыра думаў, дурань, што і так вучуся, мацней станаўлюся на ногі... Што ж, радавацца, што ў мяне не дваццаць, а дзесяць гадоў прапала? Малая радасць,— там былі залатыя гады, куды лепшыя сілы, мноства якіх пайшло на барацьбу са сталіністамі тыпу двух К. і П. і «иже с ними»... Дый не столькі гэта была часамі барацьба, колькі горкае вар'яцтва самотных пакут, «неотразимых обид», якія здорава патрапалі нервы. Ды што тут скардзіцца — мне яшчэ пашанцавала, калі не лічыць змарнаванага часу, змарнаваных сілаў (нават пра «Забалоцце» ўжо часта думаю з болем і агідай), калі толькі радавацца, што і цябе не пасадзілі правераныя паклёпнікі, большасць якіх і сёння думае, што ваюе «за партыю»...
* * *
Чытаючы Салжаніцын, радасна было за простага чалавека, за доўгачаканы ўздых, за вялікую літаратуру, да якой мы пачынаем — праўдзівасцю — набліжацца.
Чытаючы Экзюперы, радасна было за чалавека наогул. Так пісаць!
У Поля Элюара цудоўныя радкі:
Не в одиночку мы движемся к цели, а вместе с любимыми.
Над черной легендой о человеке, который был одинок.