Выбрать главу
1963

Сустрэчы з выбаршчыкамі. Многа нудна-фармальнага, але ж былі і сустрэчы, знаёмствы з добрымі людзьмі, з незнаёмымі і мала знаёмымі мясцінамі, былі добрыя гутаркі пра «злобу дня» — кукурузу, траваполле, рэарганізацыю. Шмат людзей думае добра, цвяроза, але гавораць толькі «нізам-понізам», адкрыта, гучна — галасуючы за ўсё, што ідзе па загаду, зверху.

* * *

Намёк, які трэба расшыфраваць. Як я адчуваў сябе на першай сесіі, у ролі «члена ўрада», у ролі апарата для паднімання рукі і пляскання далоньмі. Пагана адчуваў, было няёмка і сумна, асабліва пасля таго, як на паседжанні камісіі па культуры нейкая фіфа-настаўніца выскачыла з першым пытаннем: «А что же будем делать с белорусским языком»...

1964

Карпюк спецыяльна пайшоў у «Литгазету», прарваўся цераз прыёмную Барабаша, паглядзеў на яго праз прыадчыненыя дзверы і сказаў: «Я толькі хацеў паглядзець на чалавека, які паўстае супраць Салжаніцын...» Ведаючы іх абодвух, Карпюка і Барабаша,— смешна.

* * *

Ёсць ужо не толькі «падпольная літаратура» (чытаў «Заполночь» Ул. Карнілава), але і «падпольнае мастацтва». Глядзеў учора фотарэпрадукцыі з малюнкаў Мазурава «1937 год». Асабліва ўразіла «Тату судзяць» (уяўляю свайго малога каля ног дарослых) і партрэт Сталіна — крэтын у цемры... А колькі ж яшчэ крэтынаў робіць сваё!..

* * *

Малады, але вядомы ўжо ўкраінскі паэт расказвае пра сёлетні голад у іхнім сяле на Кіеўшчыне:

— Хлеб прывозяць раз у тыдзень, а чакаць яго каля сельмага збіраюцца кожны дзень. Мой стары служыў у царскім флоце «вперед смотрящим». Цяпер сядзіць на печы і цікуе ў акно, ці не ідзе хто з хлебам. Глядзіць, глядзіць дый засне...

1965

Чытаю рукапіс Н. Перкіна «Записки окруженца». Ужо не першы такі матэрыял. І ўжо не ўпершыню падумаў:

Апроч усіх фашысцкіх зверстваў — адной з прычын жахлівага лёсу палонных чырвонаармейцаў была і тая прычына, што іх, палонных, у пачатку вайны было вельмі многа, мусіць, нават для немцаў нечакана многа, і не было куды з імі падзецца, цяжка было іх уладзіць больш-менш «па-людску»...

Гэта — не мой гнілы аб'ектывізм, а горкі, ганебны факт нашай гісторыі.

* * *

Нарэшце сабраўся пачытаць газеты за 1939—1941 гг. Дваццаць шэсць год яшчэ не споўнілася, а як відаць усё, нават з такой далечыні!

Хоць віктарыну аб'яўляй: каму належыць гэтая фраза? І сапраўды, калі і хто гэта сказаў:

«Различие в режимах не может мешать совместной активной борьбе за мир».

А гэта:

«...Дружба народов Германии и Советского Союза, скрепленная кровью, имеет все основания быть длительной и прочной».

Першае — Гітлер, другое — Сталін. Вось табе і «Fuhrer weist, was er tut» [12]. Вось што такое палітычная фраза!

Трыумф сталінскай мудрай палітыкі, фота людзей — толькі з усмешкамі, і толькі недзе на пятай старонцы, нібы між іншым, скупыя паведамленні пра... пачатак тое вайны, другой сусветнай, што забрала ў нас 20 (калі толькі дваццаць!) мільёнаў жыццяў!..

* * *

...Чым бліжэй мне было — па запылена-шэрых старонках «Известий» — да даты 22.VI.1941, тым усё страшней рабілася. Нібы я ведаў тое, чаго ніхто не ведаў... Нават не ў мінулым часе адчувалася, а — да поўнай, здаецца, ілюзіі — у цяперашнім!..

* * *

Рэдактар газеты, брудны пашляк і кар'ерыст, які ў 1956 годзе пасля вершаў Панчанкі пра прыстасаванцаў крычаў: «Пара саджаць!..», прыбег аднойчы ў сваю рэдакцыю і ў хваляванні паведаміў, што яго, нарэшце, прымацавалі да «закрытага размеркавальніка». «Няўжо ж мой унучак павінен піць парашковае малако!..»

Радуйся, беларускі народзе,— ён будзе піць натуральнае!..

* * *

Учора была ў нашым клубе сустрэча з настаўнікамі рэспублікі, выкладчыкамі беднай беларускай мовы. Яны не пагаджаюцца са становішчам, мы — таксама, і гэта добра, гэтага трэба больш. Бо лішне ж у нас жабрацкая псіхалогія! Гаварыў пра гэта ў сваім выступленні.

...Адзін з настаўнікаў, беларус з заходніх абласцей, расказваў, як ён у мінскай сталоўцы загаварыў, заказваючы абед, з касіркай на роднай мове і касірка здзівілася: — Вы пісьменнік?

* * *

18-20 мая ездзіў з Аўрамчыкам і Грахоўскім па Лідчыне. Выступалі ў школах, гутарылі з калгаснікамі, выпівалі і спявалі з настаўнікамі. Успаміналіся радкі Вялюгіна: «Беларусь, Беларусь — ні канца і ні краю...» Прыгожая, працавітая, мнагалюдная Беларусь. У тым сэнсе, што многа харошых, цікавых, цудоўных людзей. І верыцца, што мова наша жыве!.. Зноў бачыў, у новых вобразах, веліч народнага подзвігу і пакут. Калі мы ўскладалі звіты школьніцамі вянок каля помніка расстраляным жыхарам балотнай вёскі Леснікі, глядзелі самотны помнічак па расстралянай сям'і — і проста на агародзе... Калі дырэктар школы паказваў у настаўніцкім пакоі сляды ад куль бандыцкіх на чыстых, пафарбаваных пасля гэтага дзвярах... Тут, у гэтым светлым пакоі, ужо ў свабоднай Беларусі, пасля выгнання гітлераўцаў, «акоўцы», «белапалякі», як называў іх з нянавісцю рахманы і талковы старшыня калгаса,— стралялі нашых людзей, актывістаў...

вернуться

12

«Фюрэр ведае, што ён робіць».