Таксама ажно прачнуўся.
* * *
У кнізе «Zygzagiem і po prostu» Ендрыхоўская піша, як на віленскай плошчы каля касцёла Пятра і Паўла літоўскія нацыяналісты ў першыя дні вайны па-зверску распраўляліся з сем'ямі чырвоных камандзіраў, забівалі жанчын і дзяцей... Страшная сцэна!
Пішу і думаю, што ў выпадках, «патрэбных» нам, мы гаворым пра чалавечнасць. А як адчувалі сябе, напрыклад дзеці польскіх асаднікаў у суровую зіму 1939-1940 года, калі іх хапалі начамі і везлі з цёплага дома чортведама куды?.. А дзеці нашага Валодзі?.. [15] А колькі іх было такіх?
* * *
Пераглядаю «Полымя» за год, вылоўліваю нячытаныя рэчы.
Чытаў Янкоўскага пра культуру, народнасць мовы і рады быў, што я — беларус. А ў наш час гэта сапраўдная, вострая радасць.
Усё-такі праўда, што арыштаваны новы раман Салжаніцын, як раней Гросманаў. Думаў з трывогай пра свае запісы... Успамінаецца Таўлай: «Я сам і пасядзець магу, а вершам часу шкода...» Паэт іх падганяў у людзі, а тут іх, творы таленавітых, сумленных пісьменнікаў, зусім знішчаюць. Гэта горшы варыянт, чым фізічна знішчаць пісьменнікаў, творы якіх пасля культаўскага ліхалецця хоць часткова часамі, а ўсё ж засталіся.
Праўду казаў Талстой: рэальна наша — толькі сапраўднасць. Хоць і нялёгкая яна, а трэба жыць.
Ну, буду канчаць добры, патрэбны артыкул мілага Сцёпы Александровіча пра Багушэвіча, з якім таксама добра, радасна быць беларусам.
Страшна бачыў у сне свайго хлопца: яго не было цэлыя суткі, і я яго не шукаў, а ён прыйшоў і кажа, што ўчора быў у «цёці Марыі, заключоннай», яна напаіла яго гарэлкай і ён валяўся ўсю ноч на дварэ. Я намагаўся быць спалоханым, засмучаным, але не быў ім па-сапраўднаму і, прачнуўшыся, думаў пра дзяцей.
...Нялёгкая справа — быць бацькам!.. У нейкай сувязі ўспомніў пра Хадановіча ў труне — пачарнелыя рукі і твар, амаль увесь у бінтах, на які мне, стоячы побач, у апошняй варце, цяжка было зірнуць, і самае... ну, не страшнае, а што і выклікала гэты запіс — мёртвыя ногі ў малых, вастраносых і металічна бліскучых модных туфлях, ужо не скажаш — бездапаможна, а абыякава расстаўленых. Перада мною, у нагах нябожчыка, таксама не звёўшы ногі ў модных туфлях «на смірна», стаяў мілы Міхась Стральцоў. Мы штосьці думалі кожны і, можа, калі-небудзь, як не самі мы, дык хто-небудзь даведаецца, што мы думалі. А побач, у радзе сваякоў, сядзела маці забітага і маўчала...
* * *
Другое — рэха нядаўняга закрытага партыйнага сходу, адкуль і да нас, грэшных (а нас больш за 200 млн.), прасочваецца тое, што чыталі пра Кітай. З жахам думаю пра тыя сорак мільёнаў галодных, беззямельных (без месца на зямлі), якіх кітайскі ўрад хоча пусціць цераз нашу граніцу без усякай зброі — «па сваё»... Чым і як мы іх будзем не пускаць?.. І як не думаць пра тое, што ім, кітайцам, сапраўды цесна, а ў нас да чорта дурное зямлі, нарабаванай царызмам?.. Толькі вялікае, мудрае рашэнне можа ліквідаваць такі канфлікт, толькі адзіная чалавечая сям'я калі-небудзь пазбудзецца такіх супярэчнасцей. А пакуль што? Пакуль што я нават запіс гэты баюся рабіць, каб не палічылі мяне здраднікам... Цяжка!
* * *
Кажуць, што здымуць ці ўжо знялі з «Нового мира» Твардоўскага. Думаў, што калі, не дай Бог, зробіцца так — трэба было б напісаць яму пісьмо пра мае даўнія, за некалькі апошніх год, пачуцці да яго, чалавека, якому належыць — потым — помнік з традыцыйным надпісам: «Благодарная Россия». Я ўдзячны за прадмову да Буніна, за слова пра Пушкіна, за вершы пра маці, за Салжаніцын, за... Многа гэтых «за» ён заслужыў апошнім часам. Цяпер (калі і сапраўды ёсць такі дурны, шкодны загад) найбольш адпаведны для мяне момант сказаць яму слова любві і пашаны, не думаючы, што гэта будзе адно з многіх слоў, што ён і не заўважыць гэтага, што ён мне не адкажа. А найбольш адпаведны момант таму, што ён не палічыць маю любоў за аўтарскі падхалімаж да рэдактара. Хоць, зрэшты, гэта — глупства [16].
* * *
Запісваю тое, што ўчора ўвечары падумалася пра маё «Забалоцце». Як мне міжвольна стала балюча ад той ілжы дзеля racji stanu, [17] якую я гарадзіў, браў штурмам, заплюшчыўшы вочы, дабіваўся газетнай праўды і лірычнай лёгкасці. «За Мінскам (ці пад Мінскам) былі, калгас выдатны бачылі...» І ён іх, маіх герояў, пераканаў у перавазе калгаснага ладу. Як гэта мелка! А сам я да таго часу бачыў адзін калгас пад Мінскам, Валодзькаў, калі мы, я і Паслядовіч, суправаджалі групу гродзенскіх аднаасобнікаў, гасцей «Савецкага селяніна». Было ў тым калгасе і добрае, але больш было прыгараднай ды пацёмкінскай паказухі. Нельга было не верыць у гаспадарскую радасць старшыні калгаса, які паказваў нам выдатнае жыта і добры статак. Але ж памятаецца і тое, як Фясько, рэдактар газеты, падвыпіўшы за багатым калгасным сталом, прызнаўся мне на вуха: «Гэты стол каштаваў мне 5 тысяч». Было і добрага многа,— і гэта я кажу не ў апраўданне самому сабе,— добрага ў нашых мясцінах, у нашых маладых калгасах. І я быў шчыра рады яму, пісаў пра гэта шчыра. Але ж было і вельмі шмат такога, пра што маўчаў, бо маўчалі тыя, каму я верыў. А па вёсках Заходняй хадзілі з торбамі ўсходнікі і ў хатах хрысціліся на іконы і маліліся ўголас:
16
Дурное, шкоднае збылося. І я паслаў тэлеграму: «Дорогой Александр Трифонович! Давно и глубоко уважаю Вас и от души желаю Вам всего наилучшего. 23.11.70 Янка Брыль».