Выбрать главу

«Каб вам, людзі добрыя, не дажыць да таго, што ў нас!..»

Словам, сёння я гатовы да грунтоўнага растлумачэння, чаму аповесць мая — слабая, дрэнная. Я толькі моцна адчуў учора боль ілжы, боль віны перад праўдай жыцця.

* * *

У Талстога ёсць пра радасць сабачкі, якога гаспадар пачасаў за вушамі. Дурман не толькі пахвалы, але проста «высокого общения» з начальствам дзейнічае на чалавека адмоўна, аслабляе яго волю і самастойнасць.

Нават і я — маю права на гэтае «і я» — адчуваў сябе трохі, як той сабачка, седзячы на гутарцы на самым высокім узроўні. «Маю права» — таму, бо магу ўсё-такі цвяроза глядзець на рэчы, магу аналізаваць з'явы і асобы больш незалежна і сумленна, чым некаторыя, дый многія з маіх калегаў. Дурман гэты прайшоў вельмі хутка. Дый там я не вельмі паддаўся яму, не віляў. І думалася: як жа паводзяць сябе тыя службісты, што ходзяць туды адны і гавораць у больш «інтымных» абставінах, што за гэткае пачэсванне за вушамі гатовы не толькі найвышэйшаму, але і самаму маленькаму інструктару нагаварыць вернападданай лухты — колькі ён хоча ды яшчэ і з коптарам...

Культ асобы пачынаецца ад пят, а не канчаецца ён у нас — аніяк.

* * *

Учора вячэраў з двума гасцямі, адзін з якіх, сімпатычны мне чорнарабочы вайны, перамогі над фашызмам, расшчыраны чаркай, расказаў, як у Германіі, улетку сорак пятага года, яго судзілі. І цяжка мне стала ад гэтага расказу, ажно запісваю, каб неяк расквітацца з гэтым цяжарам, балючым і складаным...

У хлопца немцы — не проста фашысты, уласаўцы, паліцаі і немцы, а іменна нямецкія салдаты — замардавалі ўсю сям'ю. Дзеўка, што ацалела нейкім цудам, расказвала, як яго старая маці крычала ад перадсмяротнага жаху, а маленькая дачка супакойвала яе, сваю бабулю:

— Бабка, не крычы!..

(Успомніў зноў, пасля ўчарашняга, як глядзеў у нейкай кінахроніцы: маці забіта, а маленькі в'етнамчык плача рукамі, бо кадры нямыя, трасучы імі ў святым, капрызным пратэсце...)

І вось гэты хлопец, якому было ўжо дваццаць дзевяць гадоў, насіў у простай душы столькі нянавісці і прагі помсты, што яму мала было разгрому вермахта, капітуляцыі. Ён расказвае, як ехаў на «студэбекеры», адзін у машыне, і на дарозе Дрэздэн — Берлін дагнаў калону бежанцаў, што вярталіся з поўдня на поўнач. Пехатой, у калясачках, з нейкай маёмасцю.

— Я азірнуўся — нікога няма. Ну, думаю... І пачаў іх ламаць!.. Потым мяне даганяе на «вілісе», ён трубіць. Я ўцякаю. У гараж прыляцеў, паставіў машыну...

(Мне нібы хочацца, ды я баюся, як кашчунства нейкага, спытацца пра кроў на скатах...)

— ...Выйшаў, іду, бачу, яшчэ тры малыя, гадоў па чатырнаццаць, купаюцца ў купальні. Цаглінаю пазабіваў...

(Мне трэба, мусіць, пратэставаць, я адчуваю, што на гэтым канчаецца мая ранейшая сімпатыя да гэтага чалавека, але я маўчу. Мне толькі вельмі ярка ўяўляюцца тыя хлапчукі,— як заўсёды цяпер,— праз майго хлапчука, які вельмі любіць купацца...)

— ...Арыштавалі тады мяне, кажуць, што на дарозе я задушыў восемдзесят шэсць чалавек. «Душыў,— кажу,— і буду душыць!» «Не,— кажуць яны, з асобага аддзела,— цяпер ужо мы табою зоймемся». Судзілі мяне паказацельным, разам з нейкім сяржантам, што зарэзаў у бойцы таварыша. Далі мне дзесяць гадоў.

— І што?

— Адвезлі потым трохі ды выпусцілі. І тады ўжо я ездзіў вось так,— змяіць ён карэлым пальцам па палітуры стала,— нават іхняй іголкі не зачапіў.

Я не хачу, не магу, здаецца, не маю права ад сябе каменціраваць гэтую бездань жаху. Мне ўспамінаецца другі чорнарабочы вайны, перамогі, што здабывалася не ў беленькіх пальчатках. Былы партызан, пасля франтавік, што граміў Германію, хадзіў цераз Хінган, што мае права лічыцца, як гаворыць яго быстрая жоначка, сапраўдным Іванам, які на сваім карку вынес вайну. Іван прыйшоў — не сам прыйшоў, а жонка прывяла — да дэпутата, земляка, таварыша па брыгадзе, прасіць памагчы з кватэрай. Працуе зноў жа на самым нізе, рабочым халадзільніка, а не якой-небудзь вялікай ці моднай новабудоўлі. Дзеці растуць і вучацца нядрэнна. Асабліва старэйшы хлопец. Урокі рабіць лазіць у паграбок пад домам, дзе яму бацька правёў святло, лямпачку над столікам. Бо ўсё яшчэ стаіць Іван у чарзе на кватэру.