* * *
Раней я думаў так:
Калі б беларусу дазволілі быць беларусам, які гэта быў бы цудоўны беларус!..
Днямі, на сесіі Вярхоўнага Савета, слухаючы, як здорава рэжуць некаторыя кіраўнікі па-беларуску, нават не проста з паперкі, а так сабе, адрэдагаваў свой ранейшы горкі «афарызм» наступным чынам:
Калі б беларусу загадалі быць беларусам... і г. д.
Пімен ужо, а я, здаецца, таксама ўжо не дэпутат. Першы вечар было балюча, думалася пра недавер, пра радасць ворагаў, пра «козни» Б. і яго памагатых. Не вельмі прыемна і цяпер. Пакуль што. Бо ўжо адчуваю свой галоўны настрой, думаю, што гэта заганяе мяне ў самога сябе. А што хто скажа — не так і важна, не так і страшна. Зрэшты, у вачах многіх нашы шанцы, наш чалавечы, пісьменніцкі аўтарытэт яшчэ павысіцца, нам павераць, што і мы маглі «истину царям с улыбкой говорить».
У саюзе — горка [19]. Але дэзерціраваць наогул, а тым больш цяпер — нельга.
Калі б мяне там спыталіся, як я ўспрымаю «адстаўку», можна было б адказаць па-народнаму: «Бог даў, Бог і ўзяў». Бо пад другую мудрасць я не падыходжу — мне нельга сказаць было: «служы пану верне, а пан табе перне»,— я заўсёды стараўся быць самім сабой, імкнуўся быць перш за ўсё чалавекам. Як Федзя кажа: «Заявы ж ты на гэтую пасаду не падаваў».
Увайсці б зноў у добры рабочы настрой. Здаецца, увайду, бо ёсць сёе-тое пачатае.
* * *
Гартаў «Літературный щоденник», толькі што куплены ў кіёску на Крашчаціку. Знайшоў сябе: «Аўтар аповесці «У Забалоцці днее», адзначанай Дзяржаўнай прэміяй...»
Вось так яно і ідзе — пішы ці не пішы, уключай ці не ўключай гэтую рэч у збор твораў. Сумна.
Выбралі ва ўсесаюзнае праўленне. 422 — «за», «супраць» — 5. І вось непрыемна думаю пра гэтых пяць галасоў... Ці ад самалюбства, ад раздражнення думаю пра тых,— з нашай дэлегацыі,— каго ўяўляю ворагамі, ці ад маёй даўняй наіўнай упэўненасці, што мяне павінны любіць усе, што трэба, каб любілі... Хоць сам я выкрасліў чалавек дваццаць, а то і больш. Хоць не магу я і далей не быць самім сабою: трохі прынцыповым, настойлівым, а трохі заразай і гарачкай...
Ды што ўсё гэта азначае ў параўнанні з тым, што прыемна было пазнаёміцца з Траяпольскім, Круціліным, Бондаравым, што вельмі прыемна было прачытаць «Ракавы корпус» Салжаніцын?!
Складаная жывёліна — чалавек.
* * *
Ранняя раніца высокага хвалявання і думак — другая частка рукапісу [20]. Добра! Рад, што набліжаюся да глыбіннай сапраўднасці нашай літаратуры, азіраюся на пройдзенае і думаю, што трэба яшчэ больш змагацца за самога сябе, і ніколі гэта не позна. За таго самога сябе, які даўно пачаў імкнуцца да святла, сам блытаўся, паддаваўся часамі палітычнай модзе, зноў ажываў, браў сябе ў рукі і — калі думаць пра вынікі — сёе-тое рабіў і зрабіў, і павінен зрабіць.
* * *
У большасці пісьменнікаў колькасць ордэнаў сведчыць пра ступень іхняй прыручанасці.
А потым бывае і атупенне: у аўтабіяграфіі — творчай, для кнігі — стары, адносна паважаны чалавек дае нашчадкам грунтоўны пералік сваіх урадавых узнагарод.
* * *
Два дні пасля пазаўчарашняга заключнага канцэрта фестывалю мастацкай самадзейнасці прыкрае, да агіды нуднае адчуванне... Ад брэсцкага «хору рускай (!) народнай песні»... ці як ён там называецца, і ад усяго канцэрта, дзе за два вечары, з сарака нумароў праграмы... шэсць нумароў беларускіх...
Некаму ж гэта патрэбна!.. Не толькі сваім прыдуркам ды падхалімам.
І нічога гэтае «рускае» не мае агульнага з сапраўдным рускім, якое я люблю — усё жыццё.
* * *
Думалася (каля помніка Карамзіну [21]), што пісьменнікі XIX стагоддзя ў сэнсе міжнародных сувязей, свабоды падарожнічання былі большымі, як ні дзіўна, інтэрнацыяналістамі за нас, сучасных пісьменнікаў, ленінскай воляй пакліканых быць патрэбнымі працоўным і прагрэсіўным людзям усяго свету... Нават цяпер, калі са скрыпам, праз тугое горла афіцыйнага дазволу, сяму-таму можна — часцей, праўда, не тым, каму трэба было б — выехаць за мяжу, хоць зашпіленым на ўсе гузікі дэлегатам, хоць у наіўным турысцкім натоўпе... А што было нядаўна, у сталінскім мяху народаў?..
* * *
Што адбываецца з пісьменнікам пасля таго, як ён напіша штосьці смялейшае? Яму даюць па галаве. Спачатку ён, аглушаны, проста разгубіцца, а потым пачне мітусіцца,— намагаецца пераканаць чытача (а больш тым часам думае пра крытыка ды выдаўца) у сваёй поўнай лаяльнасці, у добрых намерах свае рэчы. І, не набыўшы неабходнага для працы спакою, пачынае правіць, кідаючыся ад адной крайнасці да другой...