Выбрать главу

Я стараўся цяпер, з дыстанцыі часу, у спакоі пасля буры, што даўно адышла для гэтай рэчы, узяць у другі, больш стройны кампазіцыйны варыянт і тое вартаснае з варыянта першага, што не павінна прапасці, што павінна служыць задуме твора.

Галоўнае тут не тое, што скажуць крытыкі, у якой ступені мадэрнізацыі «Быстранкі» яны мяне абвінавацяць,— справа ў тым, каб твор і застаўся тым творам, які быў задуманы і напісаны ў 1953—1954 гадах (складаны час не толькі для літаратараў: пераход ад сталінскай стабільнасці, «яснасці» да XX з'езда), але каб я вярнуў у яго тое, што хацеў сказаць і што мне цяжка было сказаць (надрукаваць) у той час.

Дзве нянькі (сем нянек), а малое без носа. У пісьменніка нянек хапае. Яму не нос, а часта душу вымаюць.

А як у нас для аўтара робяцца яго няўдачы — гэта ўжо іншая тэма...

...«На Быстранцы», «Апошнюю сустрэчу» і сёе-тое іншае я правіў як належыцца. А прызнання такога ў «Думах у дарозе» не зрабіў. Ранавата? Каб не напсаваць самому сабе?.. Важна, важней за ўсё, што паправіў і што прайшло, надрукавана,— як быццам цэнзар і не чытаў, а прапусціў так...

* * *

Сніў учора Твардоўскага. Даволі прыемна. Праўда, гасцінны гаспадар (у яго дома) потым некуды знік, а я пабыў у яго адзін і... прачнуўся. Падумаў адразу: і сню я цябе, відаць, таму, што недзе там мой рукапіс чытаецца, а я, як ні здаюся сам сабе спакойным, усё-такі хвалююся, чакаю... І апусціўся вось — праўда, у сне — да паводзін беднага, ветлівага сваячка. Мужчына, якому пяцьдзесят, здаецца, што і сталы, і недурны, не апошні, але заражаны жаданнем славы...

Ранішняя пошта прынесла мне вестку не з «Нового мира», а ад рэдактара мініяцюр у «Советском писателе». Милейший С. Л. піша, што з маёй «по-настоящему хорошей книги» трэба выкінуць ажно чатыры старонкі, дзе пра культ.

Уздыхнуў я, як конь перад цяжкай дарогай,— зноў пачынай ваяваць...

* * *

Учора па службе быў у N., на яго юбілеі. Сумота страшная ад пашахоніі. Хоць і думалася, што ў кожнай, хоць і найменшай, ячэйцы — сваё жыццё: са сваімі нявіннымі, мілымі дзецьмі, гаспадарлівай жонкай, ціхай цёшчай, заслужаным цесцем ці братам, мноствам сучаснай моладзі... Яшчэ раз, пасля Ларчанкавага юбілею, падумаў, што добра зрабіў, адмовіўшыся ад святкавання свайго. Колькі непатрэбнай, нуднай маны, фальшу! Тым больш — пры такой беднасці, як учора. Хоць на сталах — румяныя смажаныя парсючкі, хоць сам імяніннік наіўна радасны, падрыхтаваны да гэтай падзеі — з тостамі ды экспромтамі, што пахнуць як залішне загадзя падрыхтаваныя салаты... Беднасць духоўная, з яе смяяцца не грэх. А можа, і грэх?.. Не ведаю. Але ад суму таго, як чужы, я ў першым перапынку развітаўся з гаспадарамі і ціха паехаў дахаты. І ад суседкі свае за сталом, адукаванай пляменніцы юбіляра, што ва ўсёй беларускай літаратуры прызнае толькі гумар (па-сямейнаму, ад дзядзькі?) і кажа: «Как вы ни старайтесь — все равно он, белорусский язык, умрет...»

Ці гэта мы — такая нацыя, ці гэта нашы дабрадзеі так апрацавалі нашу інтэлігенцыю?..

Аднак жа нічога не зробіш — кратацца трэба. Свой абавязак мы выканаем.

* * *

Трэба сёння рабіць, што трэба. Вось кончу гэты запіс і буду рыхтаваць тэзісы нашай гутаркі ў ЦК — пра зноў і зноў новыя праявы вялікадзяржаўнага шавінізму. Калі мяне туды не запросяць — трэба дапамагчы Максіму як найлепш выказаць тое, што мы павінны выказаць. Калі ж пайду і я — буду самім сабою. Хай расце мая слава «беларускага нацыяналіста», што дайшла ўжо і да Масквы...

1968

Сумна і горка было ад гвалту, які зрабілі над маім ІV-ым томам чыноўнікі. Што мне скажа, чым мне паможа Пілатовіч? Напісаў яму добра, з неабходным пачуццём грамадзянскай і пісьменніцкай годнасці.

Дзіўна і гадка ісці да людзей, якія проста будуць калечыць цябе, тваё адзінае слова — без усякага права, без усякага толку, а ты глядзі і не чакай разумення, спагады...

Як гэта перадаць?..

* * *

Ох, мой чацвёрты том!.. Учора быў у Пілатовіча. Цуд не адбыўся, справу ён вырашыў... службова, паклікаўшы Марцэлева. І ясна стала, што ў «калектыве», якім прыкрываўся Матузаў, удзельнічалі не толькі выдавецтва і камітэт па друку...

Сёе-тое прыйдзецца выкінуць. Але ж не каюся, што напісаў пісьмо: гэта патрэбна не толькі мне. Трэба, каб нашага брата больш паважалі. Ці навучацца?..

Прыемна было пачуць з Масквы, па тэлефоне, што там мініяцюры ўжо выйшлі. То там, то сям, а не ляжаць у рукапісе. А далей будзе відно. Не адзін жа я адчуваю тым часам «новы подых свабоды слова...».