Нас не ведаюць. Што там немцы або палякі (казаў Жакевіч, што беларускую літаратуру лічаць у Польшчы «нечым от сабе фальклорным»), калі і рускія арыентуюцца ў нашай літаратуры дрэнна і ставяцца да яе пагардліва.
Вось чаму трэба даражыць тымі, хто нам сумленна спрыяе, трэба пастаянна змагацца за лепшае дома, дзе і «преуспевающих» хамаў, і самалюбівых дурняў, і спекулянтаў, і шкоднікаў, добраахвотных і арганізаваных — ажно залішне на нашу слабасць, на нашы «ўмовы росквіту».
* * *
Да смерці ўдараны Бярозкін і «торжествующая» бяздарнасць і подласць — А. А ўвечары прачытаў у царадворца пры ўсіх Грыбачова: «Стоит ли об этом говорить сейчас, когда по общему мнению, в развитии нашей литературы быстро активизируются здоровые тенденции?»
Дык вось яно — як гэта называецца!..
* * *
Здаецца, што ўпершыню так востра адчуў недарэчнасць граніцы... Каб пагаварыць з харошымі людзьмі пра адно для ўсіх нас або каб пабачыць п'яную нікчэмнасць, так па-свойску падобную да нікчэмнасцей нашых,— трэба было такое доўгае, важнае, тугое афармленне майго (нашага) выезду сюды, у Польшчу, такая ласка і такое хваляванне...
Што за карысць з такіх нарад, як і гэтая, яшчэ адна? Адзін толькі вывад заўсёды напрошваецца: трэба працаваць. Адна карысць: пазнаванне невядомай ці малавядомай зямлі, горада, знаёмства з новымі цікавымі людзьмі. У гэтым выпадку — Літва, Вільнюс, літоўскія калегі. (Які харошы вечар быў, калі мяне, разам з латышамі, прымалі ў «Саюз добрых сэрцаў»!..) І яшчэ адно адчуванне: няёмкасць, сорам ад таго, што я так мала ведаю, што мы так мала ведаем тых, да каго прыязджаю (прыязджаем), так ганебна мала ведаем творчасць сваіх таварышаў. З якімі нібы сябруем...
Так я і выступіў. Коратка.
Маладога ды ранняга зацвярджаюць на самым высокім бюро. Стаіць ён перад начальствам у такім чырвоным напружанні, што, здаецца, каб крыкнуў яму: «Лажысь!» — адразу пляснуўся б на дыван, не паспеўшы нават што-небудзь падумаць. Гэта работнік!..
* * *
Член партыі з 1937 года. Гэта насцярожвае таксама, як дата смерці — 1937...
Да Баранавіч ехаў са знаёмым кінааператарам. Пра час пасля XX з'езда ён сказаў: «перыяд паветра».
Перыяд паветра — вось што патрэбна нашай літаратуры, як і ўсяму жыццю, як мне.
* * *
З акна аўтобуса Карэлічы — Мінск: Мірская бойня. Які дзелавы, гаспадарскі быў падыход: маладых вязем да сябе на работу, а старых бацькоў, каб не было лішняй марокі, трэба застрэліць. І зробяць гэта самі аўтахтоны, паліцаі. Вось у такі вясновы, з жаўранкавым небам, ранак. Толькі трохі раней, калі дзень пачынае маліцца...
* * *
Гаворку пра ўчарашні вечар хочацца пачаць з канца — з цудоўнага канцэрта. Якое зазнайства: нават і мне, ад затузанай ды выпетранай Беларусі, хочацца сказаць пра казахаў: нават у іх тут усё сваё, свая літаратура, культура, да таго ж сур'ёзная, свая музыка, свае песні, свае выдатныя выканаўцы. Нават у іх мы, беларусы, павінны вучыцца, як любіць і адстойваць сваё. Любіць то мы любім, а вось адстойваць не ўмеем. Ці, можа, нам яшчэ цяжэй, чым ім? Ва ўсякім выпадку — я ў Казахстане, я быў учора на — паўтараю — цудоўным казахскім канцэрце, дзе выступалі выдатныя артысткі і артысты, нават і тыя, што з украінскімі або рускімі прозвішчамі — таксама казахскія.
* * *
Салаўкі.
На ўсё прыдатныя: і на святасць, і на катаванне, і на адпачынак...
Усё ўспрымаецца праз 1937 год, пачынаючы ад хлопчыка на Петразаводскім вакзале («сын канвойніка»: з аўтамацікам), пачынаючы ад расказаў пра Кем, дзе водгулле расстрэлаў было звычайнай, штодзённай справай, і некаторыя бацькі звычайна тлумачылі дзецям, што адбываецца там, дзе страляюць.
* * *
На Салаўках пазаўчора думаў, здзіўляўся па-дзіцячы: як гэта і чаму ластаўкі знайшлі Салавецкія выспы, ляцелі туды, не спыніўшыся на кантыненце?..
Тут, у Кемі, цяпер, адвячоркам, пахне старымі дошкамі старадаўні Успенскі сабор, ляжаць у траве магутныя валуны, расце ў агародзе маладзенькая лістоўніца. Чуваць шум парогаў на шырокай Кемі. Дашчаныя тратуары ў буйнай крапіве, па якіх так прыемна ідзецца.
Трава расце, і сонца свеціць, і дзеці гуляюць над ракою. І ні пры чым яны да тых лагерных расстрэлаў, пра якія нам расказваў у Петразаводску выкладчык Р.