Выбрать главу

Прыгнешся — процьма, цэлы горад валуноў на водмелі. Белыя качкі. Пліскі. І малыя рыбакі. І несціханы шум парогаў.

Марская чаіца. А там, куды шуміць рака,— Белае мора і Салаўкі, якія ўжо не загадка.

* * *

Карэльскія сябры — пісьменнікі, відаць, не вельмі, а хлопцы, здаецца, добрыя. На сустрэчы з намі яны свабодна гаварылі пра страты, якія нанёс ім 1937 год, пыталіся ў нас здзіўлена, як гэта мы (!) выдалі Кочатава і пахвалілі гэты раман у «Немане»...

...Зноў усплываюць у памяці словы Ігната [26], які капаў Беламорскі канал: «Одет, обут, накормлен». Так ён пісаў адгэтуль, і так гэта добра было б зрабіць назвай адпаведнага твора!.. Успомніўся і верш яго пра маленькага сына, некалькі радкоў, дзе от сабе вершык узняўся — ад тугі і болю — да таленавітасці. Падумалася думкамі яго, яго тугой адчулася: ах, якая ж ты вялікая, родная зямля, і як жа далёка можна завалачы чалавека па пакуту!..

* * *

Зноў успомніў маладзенькую жоначку Васіля Сухамлінскага, смерць якога, зусім нечаканая, днямі ўразіла мяне вельмі. Першае іх дзіця яна нарадзіла на допыце (або пасля яго) у гестапа. Дзіця забілі галоўкай аб вугал і выкінулі на сметнік, і яна стаяла перад акном, аберуч трымаючыся за краты, гледзячы на той сметнік:.. Потым ёй выкалалі вочы (а можа, асляпілі як-небудзь больш па-сучаснаму), каб не бачыла і гэтага... Такі шлях да пакутлівай смерці.

Ён, муж яе, вярнуўся з франтоў, працаваў настаўнікам пачатковых класаў — і тады, калі заслужыў сваю славу, бо вельмі любіў дзяцей, несмяротнасць жыцця.

Гэта — пра фашызм.

І не магу не думаць, што на допыце, толькі ўжо не ў гестапа, нарадзіла першае дзіця яшчэ адна светлая душа — Вольга Бяргольц. Яна расказвала мне гэта ў снежні 1954 года, тлумачачы новаму знаёмаму, чаму яна так дзіка п'е. А ў вайну яна аказалася вельмі патрэбнай у блакіраваным Ленінградзе, а потым напісала сваю цудоўную прозу.

* * *

Едучы з Янам Гушчам з Наваградка, горка з ім паспрачаўся з-за нашага Верасня і іхняга Zaolzia, паміж якім ён ставіць знак роўнасці. («Нашы паэты не праслаўлялі Заользя так, як вы свой верасень...») А потым, гаворачы з Максімам па тэлефоне, сказаў: «А колькі ў нас польскіх сяброў, што думаюць па-марксісцку правільна, а не зрабілі для нас, беларусаў, нічога. У той час, калі «блытанік» ці проста шчыры чалавек Гушча, дзісненскі фальварковец, якому верасень 39-га прынёс смерць бацькі ў нашай турме, ссылку і адарванасць ад родных мясцін, за два гада зрабіў анталогію нашай паэзіі і кніжку Багдановіча. Напачатку бывае слова, але застаецца справа».

* * *

Уранні зайшоў у маленькі касцёл на Placu Trzech Krzyzy, паслухаў слова з кнігі пра Іова, з Евангелля ад Лукаша — як паэзію. А потым, калі малады ксёндз пачаў папулярна ды на сучаснай мове тлумачыць бабулям trwogę Matki Boskiej przed niepokalanym poczęciem [27] — я выйшаў ад смешнай нудоты.

* * *

Быў беларускі хлопец з-пад Нясвіжа, наш вясковы цясляр, от сабе целяпень, які, увайшоўшы ў хату, раней чым прывітацца — шморгаў носам і выціраў яго ад губы сподам далоні, а сам наіўна, нават хораша ўсміхаўся... Блакітнавокі, даволі прыгожы і сардэчны хлопец Валодзя Ж. Разам былі мы калісьці ў войску, на фронце і ў палоне.

Сёння ён пазваніў мне, дачуўшыся па радыё, што я ў Варшаве, і вось я толькі што ад яго прыехаў. Былі ўспаміны. Сёе-тое і пра мяне ў палоне, што мне хацелася, каб ён сказаў пры сведках. Чыстая кватэра, бойкая «пані дому», ветлівая дачка, чорны пудзель (за 4000 зл.) на акне, нават прыемная гутарка пад лёгкую чарачку. І прыкрае, да сцішнаты прыкрае адчуванне: як жа ўсё-такі лёгка асімілюецца беларус!.. Так і не змог я збіць яго на родную мову, і не настойваў вельмі, хоць і прыкра было гаварыць з ім па-польску, нават сам-насам...

Так і цягаюць нас — то на ўсход, то на захад. «У Аргенціне круглы год свежая фрухта», як казала нам баба на камвольным камбінаце. «Што там мова, абы народу быў хлеб», як кажа наш мудры прэзідэнт...

1971

Заглянуўшы ў папку з газетнымі выразкамі, убачыўшы там маю «публіцыстыку», саракавых і пяцідзесятых гадоў, стала і горка і брыдка... Хто сказаў, што мы мала пісалі? Мы пісалі, я па сабе мяркую, многа, але вельмі многа напуста, верна, слепа, натужна «дапамагаючы партыі і народу», часцей за ўсё шчыра стараючыся верыць у тое, што пішам, гаворачы агульнай, штампаванай мовай бяздушнай газетчыцы, і трэба здзіўляцца той, жалю вартай, працавітасці, цярплівасці, з якой усё гэта рабілася, і той жывучасці, якая не дала нам пры гэтай нагрузцы на душу, пры гэтай самумнай навале пустаслоўя засохнуць, засохнуць тым крыніцам, што ўсё-такі сяк-так прабіліся наверх сапраўдным словам, што неяк апраўдваюць нас, даюць нам права лічыць саміх сябе слугамі народа хоць часткова...

вернуться

26

Брат пісьменніка Ігнат Антонавіч, праваслаўны свяшчэннік, у 1931-1933 гг. адбываў тут «перавыхаванне».

вернуться

27

Трывогу Багародзіцы перад бязгрэшным зачаццем.