Выбрать главу

Бацькі гэтага «Пячорына», кожнае па-свойму, тлумачаць, што гэта цяпер такая моладзь, што яна, бедная, не ведае, куды ёй імкнуцца, што яе не «цягне да класікі» і г. д.

Другі такі сынок, апрануты, вядома, па апошняй модзе, напіўшыся, падышоў да міліцэйскай будкі і пачаў салапіць язык паставому, лаяць яго. Той ціха пазваніў сябрам, хлопцы ціха падышлі і «наклеілі» «Пячорыну», колькі ўлезе. Крычаў: «Я буду скардзіцца!..»

* * *

Выйшаўшы з партызанскай пушчы, Ж. К. быў чыстым, наіўным хлопцам. Працаваў рэдактарам райгазеты. На баранавіцкім вакзале паважаны работнік абкома, знаёмы, папрасіў яго апекавацца ў дарозе п'яным сябрам, яшчэ больш важным работнікам. Гэта быў усёмагутны Ф. Р., памочнік сакратара ЦК Гарбунова. У вагоне ён хапаў дзяўчат і жанчын за грудзі, патрабаваў гарэлкі. Дома, у кватэры, загадваў жонцы цалаваць яму рукі, з цесця-калгасніка, што начаваў праездам, садраў коўдру: «Самагону прывёз?!» А хмель прайшоў ужо ў дарозе.

* * *

У Сіняўцы, у Валодзевага [2] хроснага, пакуль смажылася рыба і потым, за чаркай, шмат гаварылі пра партызанскія справы. Павел Арсенавіч [3] са слязьмі ў вачах расказваў, як акружаны атрад сядзеў у забалочаным гушчары, а малы дзіцёнак, галодны, бо ў маці прапала малако, плакаў і нельга яго было супакоіць. Бацька, плачучы, пытаўся: можа, яго... забіць, бо ўсіх выдасць?.. А ўсе абурыліся і пачалі збіраць, што ў каго было — якая крошка для маці на малако малому...

* * *

У вёсцы няма амаль ніводнага без старой або новай мянушкі. Рыгорка П. пазней за ўсіх пайшоў у калгас. Таму, што ён адкалоўся, яго празвалі Ціта (1949 год). Цяпер Ціта рэабілітаваны. Рыгорка таксама стаў калгаснікам, але касцы ўсё роўна кажуць: «Выйшаў і Ціта — пакасіць для апяціта!»

Неяк Ціта і яшчэ адзін вясковы мудрэц, Пеця Б., сустрэліся ў Мінску, у магазіне, вечарам з нейкім, як горда кажа Рыгорка, «работнікам ЦК па паліцічаскай часці». Ён пачаставаў іх чамусьці бутэлькай віна і цукеркамі (400 грамаў), ці нават шакаладам, і раіў заставацца на працу ў Мінску, у якасці рэдакцыйнага «канфіскатара газеты номяр тры, які паследкі чытае газету». «Номяр яго ціліфопа ёсць у мінскім анальфабэце».

Пасля гэтага мудрацы пайшлі начаваць да Колі П., які працуе кладаўшчыком на трактарным. Той сказаў: «Не бойцеся, ён на вас аддаў 18 рублёў, а на службе дапіша да гэтых 18 нуль і палучыць з касы 180!..»

А побач з гэтай ганарлівай цемрай — моладзь, якая працуе і вучыцца ў вячэрняй школе.

* * *

Былы партызан, ненармальна нярослы С., трынаццаць гадоў пасля выхаду з пушчы раптам чамусьці расказаў мужчынам на вячорках пра сям'ю, якую ён калісьці замардаваў, на котлішчы якое, толькі новую хату зрабіўшы, ён жыве. Развітаўся, пайшоў адзін дахаты і ноччу павесіўся ў хляве...

1958

Брыдка мне за той час, калі не быў у партызанах, а ўсё пісаў, вельмі хацеў быць пісьменнікам... А за той, калі сядзеў у «Раздавім фашысцкую гадзіну»? «Заклікаў палкім словам»?..

* * *

Грамадаўскі герой, беларускі пасол у польскім сейме — стары Павел Крынчык многа гадоў адсядзеў у нашых турмах ды лагерах, а цяпер, рэабілітаваны, жыве ў Слоніме, у малой хаціне, трымае казу і ўсё сварыцца з жонкай. Прыехаў у Мінск, «пахлапатаць, каб тэлефон паставілі».

— Навошта ён табе? — пытаецца вясёлы сябар, таксама былы падпольшчык.

— Як навошта? А раптам хто-небудзь пазвоніць?..

Піша, заяўляе, бегае, злуецца...

— Напісалі б вы лепш успаміны,— параіў я яму.

— Правільна, трэба. Але ж няма калі з-за грамадскай работы!..

* * *

Раённы начальнік, падвыпіўшы ў гасцях:

— У мяне будзе толькі той працаваць, хто працуе на мой аўтарытэт. А не — прэч!..

Калі яму запярэчылі — пачаў спасылацца на рэспубліканскія аўтарытэты.

* * *

Ярэмічы. Лета 1941 года. Паліцаі змушалі старую, хворую яўрэйку ўзбірацца на тэлеграфны слуп... Вясковыя хлопцы, што яшчэ ўчора, здаецца, былі звычайнымі, спакойнымі, нявіннымі рабацягамі.

Яўрэйская дзяўчына, што раней вучылася з Колем Б., прыбегла да яго, хаваючыся ад гвалтаўнікоў-паліцаяў.

«Каб яшчэ хто людскі прапанаваў такое, а то... Не, лепш ужо мне памерці!..»

1959

У Ленінградзе праглынуў «Несвоевременные мысли», і Горкі, з яго «памылкамі», стаў мне яшчэ бліжэйшы, больш поўны, жывы і вялікі.

1960

Чаму я з нейкім скепсісам, недаверам, нават як быццам непрыязню адношуся да герояў?.. Сам я не быў ні героем рэвалюцыйнага падполля, ні героем вайны, цяпер таксама вельмі далёкі ад гераізму ў працы. Патрэбна толькі скромнасць, прызнанне праўды за праўду, факта за факт — і ўсё стане на сваё месца. Калісьці я пісаў, здаецца, так: як бы нізка ні трэба было апускацца, шукаючы цвёрдага грунту для фундаменту,— трэба апускацца, бо гэта і глыбіня, і самы надзейны пункт апоры — тая самая скромнасць.

вернуться

2

Уладзімір Калеснік.

вернуться

3

П. А. Жалезняковіч, першы сакратар Карэліцкага РК КПБ.