Мы ўжо за Палярным кругам. Тая самая вялікая, сур'ёзная вада, чыстае неба і тундра замест тайгі. Бераг — «тэрасамі»: ад паводак. І ўспамінаецца, як учора капітан, зайшоўшы ў нашу каюту, зноў гаварыў пра красу паўночнага ззяння:
— Стоишь, окоченеешь, а глаз оторвать не можешь...
Гэта яму — за чыстае сэрца, такое бачанне красы.
На досвітку была Курэйка, дзе Сталін зрабіў мясцовай бабе сына, які ўжо ў шасцідзесятых гадах, набуяніўшы недзе, пачаў абараняцца сваім паходжаннем. Позна. А было і зарана.
Зусім па-новаму думалася ўчора пра генія ўсіх часоў і народаў — як пра чалавека, што так глыбока стаў нечалавекам. Я толькі адчуваннямі дакрануўся да таго, што перажывалася тымі, каго калісьці вазілі сюды інакш, чым едзем мы.
* * *
На берагах Волгі былі шкілеты цэркваў, а тут — цэлых пасёлкаў, пакінутых людзьмі... Тайга — пустыня, у якой можна нават знайсці (з самалёта, адхіліўшыся ад курсу) цэлы манастыр, які існуе па-за часам і прасторай, не ведаючы пра рэвалюцыі і войны.
Пра гэта расказваў нам капітан.
...Над вечным спакоем вады і зеляніны абапал яе, пад чыстым небам — пусты павільён, у якім была «ўвекавечана» хата, дзе жыў калісьці Сталін. «Хату расцягнулі на куратнік» (штурман казаў), а з п'едэстала трактарам сцягнулі ідала. Калісьці тут пасажырскія судны спыняліся на дзве гадзіны — абавязковая экскурсія.
Наш рогат: ён узыходзіць са шлюпкі на палубу з мехам гуркоў на плячы...
* * *
...Зноў Коля С. [34] Ён «будаваў» Нарыльск, а ў мяне тут люкс, верталёт... «Цэлы дзень ідзеш побач з возам сена. Па калені ў сцюдзёнай вадзе...» (Гэта, відаць, не тут.) Цяпер мне з ім пагаварыць бы!..
* * *
Лаўлю сябе на тым, што не мне гаварыць такое, што гэта непатрыятычна, але думаю — думкі такія самі лезуць у галаву.
Столькі праліта крыві за гэты Калінінград, за гэтую зямлю, а гаспадарым мы тут — «не вельмі»... Асабліва нудна, прыкра адчуў сябе на «барахолцы». Прастора, пасля сяк-так прыбраных руінаў парослая бур'яном, з усіх старон тырчаць вялізныя цагляна-металічныя шкілеты магутных кірхаў, а тут — квадрат зямлі, заліты асфальтам і прадаецца - купляецца рознае і сапраўды барахло — ад маленькага «пупсіка» да крадзенага вайсковага кажуха... Сыплюць людзі з трамвая, і думаецца: няўжо каб у магазінах усё было і тады было б тое самае выходнае ныццё, сумныя, дробязныя «перажыткі капіталізму»? А для многіх гэта працяг працоўных будняў — дзень адпачынку, і фізічнага, і духоўнага...
Як ні ездзім вакол — на трамваі, на тралейбусе, на таксі,— заўсёды амаль пасярэдзіне свету тырчыць разбіты сабор, каля сцяны якога ляжыць Кант.
* * *
Чытаю пра Рэрыха. Люблю такія кнігі. І даўно. Успомнілася, як у суровы, страшны час акупацыі, у цёмным, ізаляваным ад роднага і ад усяго свету Загоры ці ў такіх жа Маласельцах, начуючы ў Мішы, чытаў Крапоткіна, Герцэна, дарэчы, думаючы, што раблю тое, што трэба.
І другое думаецца, чытаючы. Пра веліч рускай культуры і пра нашу горкую беднасць. І цяпер ніводнай кнігі няма пра ніводнага — пра Скарыну, Каліноўскага, Купалу, Багдановіча... І не відаць, хто мог бы яе зрабіць для той жа серыі «Жизнь замечательных людей». А што будзе далей? Замест нацыянальнай культуры — у сапраўдным, сучасным значэнні гэтага слова і паняцця — застанецца шматпуддзе помнікаў Купалу і Коласу — як успамін?..
* * *
Іграе і пяе мясцовы літоўскі ансамбль. Шэсць юнакоў, прыгожых сваёй шчырасцю. Слоў песень не разумею, але і гукі іх, сплеценыя з гукамі музычных інструментаў, слаўна напамінаюць і велічны Нёман у соснах, і свежую раллю на ўзлеску, каля надрэчных сядзіб, і акуратныя дамы вясковай вуліцы за ракой, куды я хадзіў адвячоркам, і паром, які і мяне адтуль перавёз, і сцежкі над абрывамі, і наш цеплаходзік — з вадою і супраць быстрай вады, і старадаўні дамініканскі касцёл на высокім беразе, з манастырскай турмой у сутарэнні цяперашняй (часова) школы... Словам — усё напамінаюць, што я пабачыў тут, у Друскеніках, за пяць даволі рухавых дзён. Значыцца, ёсць народнае ў гэтых песнях, штосьці ад той гаючай сувязі з родным, што мы ніяк, ніяк не можам выказаць дакладна, да самай глыбіні, і што мы павінны выказаць, каб яно загучала належна ў вялікім хоры агульналюдскай сям'і, не толькі ў нашай савецкай.
Гэтым хорам у пэўнай меры здаецца мне двухтомнік савецкага апавядання, які я чытаю вось ужо некалькі дзён, сям-там з высокім хваляваннем, думаючы пра тое, што трэба рабіць і мне, і радуючыся, што і мой шчыры голас камусьці ў гэтым хоры пачуецца.
* * *
Не запісаў увечары прыкрага, горка-агіднага ўражання ад «национальной гордости»... не «великоруссов», а нашых беларусаў.