Некалькі дзён таму назад былая красуня, худзенькая юрыстка-яўрэйка, у шчырай гутарцы «паміж інтэлігентамі» гаварыла Ч. і мне, што хутка сюды, у Літву, будзе прыслана значна больш рускіх, «чтобы растворить этих противных националистов». На маё абурэнне яна адказала, хітранька баронячыся: «Напрасно вы, Иван Антонович, никто так, кроме вас, не думает».
Што ж, «яўрэі заўсёды ўсё ведаюць». Я і сам неяк чуў, што так маецца быць. Для ўмацавання дружбы народаў?..
А ўчора нашы беларусы, ідучы са сталовай пасля сытай вячэры, мне, беларускаму пісьменніку, высмейвалі нашу родную мову... Што мы за нацыя?.. А нехта ж па гэтым халуйскім смеху робіць вывады пра «дабравольны пераход», пра «дзве родныя мовы», з якіх адна, беларуская, ужо ледзь-ледзь сям-там трымаецца.
Сцяпан Алейнік, адпачываючы ў другім санаторыі «Белоруссия», у Сочы, зрабіў Кастрычніцкі даклад... на беларускай мове. Ён рагатаў, расказваючы мне пра гэта, а адзін з нашых шакіраваных тады, былых вяльможаў гаварыў мне другім разам пра тое самае ЧП: «Напрасно он это! Да что, они ведь все националисты...» Такім чынам і ўкраінец быў беларускім нацыяналістам.
А што ўжо было б сказана пра гэтыя мае разважанні?..
* * *
І. Мерас, «На чем держится мир».
Спала з немцам, каб выпусціў з гета яўрэйскага хлопчыка, якога яна ратавала. Родны сын рос у чужой, мнагадзетнай сям'і сіратою, а яна, як роднага, палюбіла сынка сваіх гаспадароў. Родны сын быў больш падобны на яўрэя, чым хлопчык-яўрэй. Бацька яе хлопчыка, паліцай, прызнаў сваім хлопчыка-яўрэя, а роднага, удвух з немцам (другім, радавым, не камендантам) застрэлілі. Пры ёй. А яна, маці, што спала з немцам-камендантам за чужое дзіця, не пайшла ў ложак з паліцаем, якога раней любіла, які быў бацькам яе дзіцяці,— не пайшла за гэтае дзіця. І не кінулася на такога бацьку хоць з кіпцюрамі, каб разам з сынам загінуць. Тут, да роднага, любві было менш, чым да чужога. Бо ён яўрэй?..
Якая схема! Як яны любяць, — і героі, і аўтар,— каб іх любілі выключнай любоўю! Які непрыемны дух звышчалавечасці,— «Nur fur Juden!..» [35].
* * *
Спачатку фашыст, а потым нацыянальнасць. Гэта — да таго клопату, які мы будзем мець у сваёй кнізе з паліцаямі, уласаўцамі, «народнікамі», пра якіх нам па ўсёй Беларусі гаварылі часамі больш, як пра немцаў... Умелі, сволачы, дзяліць і нацкоўваць.
* * *
Можа, парагатаць і з таго, што пра мяне, супраць мяне так многа напісана паганага «туды, куды трэба», што ажно двое з тых, «каму трэба» вырашаць, савецкі я пісьменнік ці несавецкі, вымушаны былі, у розны час, але на тым самым службовым узроўні, прачытаць увесь мой чатырохтомнік?
Пачуў пра гэта днямі ад таго, каму яны давяраюць і хто часамі не ведае, давяраць мне ці не.
* * *
Яшчэ раз — пра значэнне дэталі. Калі тут дарэчы, прыстойна так сказаць — у адносінах да чалавека, які пакутуе.
Здаецца, у Леаніда Валынскага («Новый мир», гадоў дзесяць ці больш таму назад), было праўдзіва, з рэдкай праўдзівасцю напісана, як пачынаўся для нашых нямецкі палон.
Маёр, наш афіцэр, афіцэр наогул, якому, як толькі ён, на полі бою, трапляе ў палон, адразу ж загадваюць разуцца. І ў гэтым, пакуль дойдзе да пакутаў большых, можа, і смяротных, пра што ніхто спачатку не думаў,— першая абраза, першая крыўда, несправядлівасць, пачатак усяго, што нёс Савецкай Арміі фашысцкі палон.
Марцалеў стукае алоўкам па стале, калі сярод кірэўнікоў Сэюзэ пісьменнікэў, якіх ён прымае ў ЦК, пачнецца якое-небудзь ажыўленне. А сярод іх Танк, Панчанка, Мележ... Колькі разоў хацелася сказазць яму: — Э, на каго ты стукаеш?!
Чытаю артыкул Валодзі Калесніка пра Тэнка і думаю: «Божа мой, і навошта паэтаў прызначаць старшынямі, намеснікамі старшыняў?! Знарок, каб нашкодзіць літаратуры?..»
* * *
Каб маглі з'явіцца Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў — павінна была існаваць самастойная Расія.
Праўда, Міцкевіч і іншыя з вялікай польскай літаратуры з'явіліся ў Польшчы паняволенай, аднак — даўно народжанай і моцнай незалежнасцю.
Як жа тут, паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі, было не быць беларускаму толькі фальклору?..
* * *
Учарашняя гутарка на палубе з Сяргеем Круціліным. Ці гэта нізавая злосць ды горыч ад пэўных няўдач, ці гэта справядлівы гнеў у нас (ён пачаў) на фальш і цынізм, якіх хапае і тут, у справе найважнейшай? Другое, вядома. Колькі тут едзе тых, замест каго трэба было б паслаць літаратараў, мастакоў, архітэктараў, перш за ўсё — маладых. А тут або праз меру заслужаныя, або ўсюды спрытныя, для якіх гэта толькі адпачынак з тоўстым кашальком ці жыраванне за кошт народны. Сумная нарада ў Осла і вузкія прыёмы, то ў гарадах, то на караблі — вось і барацьба за мір... Ёсць, ёсць і большае, сапраўднае, аднак нягоднае лезе ў вочы само, і мы на яго не вельмі відушчыя...
35
«Толькі для яўрэяў!..» (Ням.)«Гора народам, якія знішчаюць сваіх прарокаў!..» З верша Адама Міцкевіча «Да рускіх сяброў».