Выбрать главу

* * *

К., якога я нават вельмі прасіў быць рэдактарам рамана, выкрасліў з яго тое месца, дзе Руневіч — упершыню перад партрэтам Сталіна. Спаслаўся на «галоўную рэдактуру», а потым я даведаўся, што тут не «галоўная рэдактура», а «место было завопрошено»... карэктарам. І яны да гэтага падключаны.

Адразу пасля атрымання весткі я пры сустрэчы паплакаў у камізэльку Ніліну. І Павел Піліпавіч пацешыў мяне тым, што побач з яго апавяданнем у «Новом мире», якое я яму пахваліў, было яшчэ два, якія зарэзала цэнзура.

— Мудро говорил Кербабаев,— сказаў ён.— «Сензур у нас нет. Правильно пишешь — нет сензур, неправильно пишешь — есть сензур. Я пишу правильно — у меня нет сензур...»

* * *

Філосаф, работнік ЦК КПСС, а можа, і праўда «падпалкоўнік»:

— Хватило бы вам и 10%. Это все выдумка интеллигенции.

10% — гэта для беларускага ў планах нашых выдавецтваў, а «выдумка интеллигенции»... наша мова.

Дык вунь ажно адкуль яно ідзе!..

З цвярозай асцярожнасцю я адказаў яму:

— На эту тему лучше говорить с утра.

У сэнсе — праспіцеся. Бо вячэралі мы з віном [41].

* * *

Пасля граната, які на хаду па алеі непрыстойна сарваў наш шахцёр, фінікі на пальме былі для яго завысока. Спалучэнне прастаты з новай, сучаснай якасцю — самаўпэўненай развязнасцю «гегемона».

1975

Дастаеўскі. «Бесы»:

«Человек несчастлив потому, что не знает, что он счастлив».

Гэта я ўжо чытаў даўно, у загорскім адрыўным календары, і сустрэў цяпер як знаёмае, нават неяк усцешана.

А гэта гучыць як прароцтва:

«Все они, от неумения вести дело, ужасно любят обвинять в шпионаже».

* * *

Лепш ужо адкрыты, шчыры капіталізм, з яго супрацоўніцтвам з народнай уладай, чым такія «марксісты», што едуць у Кракаў на адпачынак, каб там патаемна адмольваць, выспаведваць свае, «неабходныя для кар'еры», грахі.

Пан Г. у кракаўскім аддзяленні «паксу», расказваў мне пра такіх «зусім без выразнай пазіцыі», але праўдзіва.

* * *

Думаў здалёк [42] пра бедную Беларусь, што так і не ўмее, так і не можа быць сама сабой, хоць і не горшая — ні мовай, ні талентамі, ні шчырай душою — за іншых. (Нават пісаць такое як быццам баюся.)

* * *

Смоляр [43] у Ізраілі як быццам піша пра... «антысемітызм» у партызанах.

А мне ўспамінаецца, як нас на нейкі час перавезлі былі з «Камсамольца» ў «25 беларусаў», у атрад імя Будзённага. Кухар, калі мы рэдакцыйным гуртам прыйшлі да катла: «Гэтаму хлопцу дам, а гэтаму жыдку — не». Мне і Смоляру. Ён адышоўся, лёг пад сасною і плакаў: «Котелок супу, е. т. м.!..» А я пайшоў да мясцовага камісара. Вусаты настаўнік гісторыі Лукашэвіч, з якім я потым рад быў сустракацца (першы раз пасля вызвалення — на стагоддзі Міцкевіча, калі ён, Лукашэвіч, быў старшынёю калгаса), загадаў тады паклікаць таго кухара і сказаў яму пры мне:

«В первую очередь, самого густого, жирного, и еще по котелку свежего молока три раза в день! Ты знаешь, что это люди вредной профессии?..»

Такі антысемітызм я памятаю.

Памятаю і тое, як ён, Смоляр, крычаў на другога яўрэя, Мар'яна: «Што, без цябе не было каму' ехаць у раён, трапіць там на засаду?» І сёе-тое іншае. А такі ж цвёрдакаменны быў камуніст!..

* * *

Сястра вядомага партызана, і сама сувязная, красуня «выйшла» (па-ваеннаму) за камісара брыгады. Добры чалавек, якога мы паважалі больш за ўсіх іншых начальнікаў. Ад'ютант, чаркес Хачукоў, запрагае сівую, у яблыках, камісарскую Лізу. Потым з зямлянкі выходзіць злосна заплаканая камісарша, садзіцца на воз і — паехалі, пагрукалі па карэнні. Камісар стаіць каля свае зямлянкі, я — каля нашай, разведчыцкай. Я нашмат маладзейшы за яго, кадравага афіцэра з акружэнцаў, ён ведае, што я пішу, і ён мне кажа:

— Видал, Ваня, третий раз потрошить повезли.

Яна паехала ў яўрэйскі сямейны лагер, рабіць аборт.

І сама была не такая бяскрыўдная. Ідзе пасяджэнне штаба міжрайцэнтра, начальства ў нас — з пяці брыгад, з самім Царуком на чале. А яна зварыла на вогнішчы абед і гукае ў прастору:

— Саш-ша, иди иску-шай!

За трэцім разам ён адгукаецца са штабное хаты:

— Мне некогда, здесь заседание штаба!

— А чтоб ты там лопнул вместе со своим штабом!..

Пасля вызвалення, ужо ў райцэнтры, на брыгаду прыслалі трохі партызанскіх медалёў. Што там яна гаварыла свайму камісару сам-насам — можна здагадвацца па тым, што яшчэ і на ганак выйшла следам і прасіпела:

вернуться

41

Запісана ў Іспаніі.

вернуться

42

Запісана ў польскім гарадку Картузы.

вернуться

43

Гірш Смоляр (1906—1993) — яўрэйскі публіцыст.