Выбрать главу

Пра самотнасць, ізаляванасць. Я ў іх адчуў яе на нейкіх дзесяць год раней, калі з панічом Лёлікам ехаў аднойчы з лесу. Апошні сын у вялікай панскай сям'і, юнак, які вярнуўся з настаўніцкай семінарыі, каб ратаваць ужо не маёнтак, а жыццё — ад звычайнай беднасці, звычайнага голаду, які маскаваўся былой фанабэрыяй.

Ці быў у іх герб? Напэўна ж быў які-небудзь. Як у Путрамант як у Дзяржынскага. Першы з гэтых двух сам сабе яго шукаў і ў сваім «Półwieku» паказваў чытачу, не абціраючы ад фамільнага нафталіну, а другому той несмяротны герб ахвотна і радасна знайшлі біёграфы, якім і ў Народнай Польшчы гэта — ах як імпануе! Вялікі рэвалюцыянер, друг самога Леніна — і як жа тут можна без герба? Яе з чэрні — са шляхты — у гэтым асаблівы смак.

Зрэшты і наш, савецкі барын Катаеў у сваім «Кладбище в Скулянах», па-старэчы занудліва шукае сам сабе і дэманструе нам сваіх дваранскіх продкаў.

* * *

Карл Лібкнехт, з пісьма сыну: «Рядом со мной все грохочет, гремит,— против нас выпущены все силы ада. Я не буду стрелять...» Чалавек, што быў мужным, у рэйхстагу выступаў адзін супраць усіх. З пісьма жонцы: «Унтер-офицер недоволен. Я бранюсь с ним, но не очень злобно, так как он добрый парень, хотя очень ограниченный и чересчур боязливый. Я заявляю ему, что стрелять не буду, даже если прикажут. Пусть меня расстреляют...»

Вайна і чалавек, як асоба. Той, што ўсвядоміў яе злачыннасць.

А каб Леніна, як Лібкнехта, у акопы — страляў бы ён ці не? Пацыфізм?..

* * *

Ад старонак Леніна, дзе ўсё так ясна, лагічна, неабвержна, вяртаешся ў наш час, дзе так многа нявырашаных пытанняў, якія зноў жа, як і яму тады, нам трэба вырашаць самім. Вайна з Кітаем — як яе назваць? Пра якую грамадзянскую вайну можна думаць пасля атамнай? Як асобе, вызваленай, разумнай асобе з адным непаўторным жыццём паводзіць сябе ў будучай бойні — не тэарэтызуючы здалёк, а апынуўшыся ў акопе, як Лібкнехт?

А самае страшнае сёння — усенароднае п'янства і ўсенародная абыякавасць?.. А жывучая і ў марксізме рэлігійная спадчыннасць — культ асобы, у неглыбокім сваім падтэксце бяздумна цынічны, абыякавы да лёсу рэвалюцыі, да яе заваёў і ахвяр, панесеных за яе?..

* * *

У чым філасофія ваеннай (ці антываеннай) прозы Быкава і чаму я сяды-тады быў і ў нечым застаюся з ім нязгодным? «Дажыць да світання», «Яго батальён» — ці гэта ўжо стомленасць ад спеву на адзін матыў, ці тут у пэўнай меры агалілася штосьці з таго, з чым я нязгодны? Праўда пра вайну — так. І ўсё? А калі вайна не свяшчэнная, калі нас штурхануць на іншую?..

* * *

Розных адценняў чырвань, жаўцізна, зеляніна кляновых лістоў (у вазачцы пад бяросту) на фоне чыстага шкла, за якім і чыстае неба, і сонечная зеляніна, і зіхатлівае мора — жывы асенні вітраж.

І хуліганістае: неймаверныя зады ў спартыўных портках — хоць ты вазьмі ды мелам пішы на іх: «Хозяйство Икса», «Хозяйство Игрека»... Як на ваенных «студэбекерах» было. А наша маці сказала б, па-народнаму: «Во дзе сракі панаядалі!.»

* * *

Другі раз пасля 1952 года быў у доме-музеі Астроўскага. Не растлумачыш нікому, што мне бывае неяк няёмка ад сустрэчы з ім, амаль заўсёды. Сёння падумаў: так вось калісьці стваралі святых угоднікаў... І разумею, што гэта сорамна, так думаць, але — думаю. І пра яго паслядоўнікаў думалася, пра тых, што таксама былі пакутнікамі, высакароднымі, гарачымі людзьмі, але таленту не мелі нават і такога, і таму так шкада іх бывае, і так няёмка пры іх...

...Што прыкра, дык гэта здымак Астроўскага на ложку,— у зашпіленым кіцелі, з ордэнам. Для фатаграфавання, а нібы ён так, пры такім парадзе, і заўсёды ляжаў...

* * *

С. А. расказаў, што ім было проста загадана не запрашаць на тэлебачанне Адамовіча, Быкава, мяне і... п'яніцу N. Прыгадалася з расказаў Ж. і іншых заходнебеларускіх падпольшчыкаў, як у турме палітычным падсаджвалі крымінальных. І перадачу ў семдзесят другім годзе па «Я з вогненнай вёскі...», заказаную нам і ўжо гатовую, знячэўку, нібы з-за вугла, няўдала і груба сарвалі — таксама па загаду зверху. І з Адамовічавай карцінай «Хатынь, 5 км» — тое ж самае. «Если хотите давать, то уберите Брыля»... Трэба гэта — каб дурань сядзеў наверсе, бервяном валіўся пад ногі? Будзе такое і яшчэ? Вядома ж, будзе. «А ты, сіраціна, жыві!»

Заканамернасць нейкая, як быццам абавязковая: за савецкую ўладу змагацца... з савецкай уладай, з яе адказнымі прадстаўнікамі, якія павінны былі б дапамагаць нашаму руху наперад. Разнавіднасць іх і няспыннае папаўненне. Жывеш і не ведаеш, які сціпляк заўтра ці паслязаўтра стане тваім начальнікам, будзе гадзіць, а потым знікне, і ўсе як быццам толькі што ўбачаць, якое гэта было дзярмо.