Выбрать главу

І прывучванне сыноў да працы (Пятраса і старэйшых, адзін з якіх — студэнт-архітэктар), і пашана да хлеба, і нянавісць да гультаёў, зладзеяў і п'яніц,— здаровае, па-народнаму мудрае, сурова чыстае, што перадаецца ў пакаленнях, не раствараецца ў славутай урбанізацыі і цяпер.

«Літовец вельмі не любіць здымацца са свайго месца, а рускія — валочацца, як цыганы...»

...А каб я не быў беларусам, а сынам народа з вялікай гісторыяй, вялікай літаратурай, гарантаванай мовай,— рускім, палякам... нават літоўцам,— як я адносіўся б да такіх слабакоў, як мы, беларусы?..

* * *

Упершыню, пасля тыднёвай спячкі, прачнуўся гадзін каля чатырох ад таго, што мяне асудзілі на пажыццёвае зняволенне «с лишением всех прав и состояния» — іменна ад гэтага «всех прав»... Горка падумалася, што і Г., такі надзейны адвакат, састарэў — не будзе каму абараняць,— не ведаю, ці ў сне, ці ўжо наяве падумалася... А ўжо зусім наяве, пад кукаванне зязюлі, згадаўся Коля С., яго колішні расказ, як ён, перабраўшыся цераз зялёную граніцу, са слязьмі радасці бег насустрач першаму савецкаму чалавеку — пагранічніку, а праз два дні яго неслі па калідоры мінскай турмы і ён крывёю з рота паліваў падлогу...

* * *

Спусціўшыся з групай памочнікаў на калгасны луг верталётам, Машэраў не збянтэжыўся, што луг далей мокры: разуўся, падкасаўся і пайшоў. Памочнікі — таксама. І тут прыбег старшыня калгаса. Зняў гумавыя боты, падкасаўся і за ім. Гэта — найцікавейшае.

* * *

«Добра ты робіш, што не едзеш на гэтыя святы. Няхай ужо самі панадзімаюцца ды сапуць адзін на аднаго...» Гэта — пра тое, што я ўсё «выкручваюся» ад удзелу ў раённых партызанскіх гадавінах, куды мяне клічуць як пісьменніка і мала хто паклікаў бы як радавога партызана. А «сапуць» былыя камандзіры, і як людзі, як грамадзяне ў многіх выпадках былыя, расчулена закаханыя ў тое сваё, што нібы не абавязкам іхнім было, а суцэльным геройствам. Адзін (не хочацца называць) наогул дасабачыўся да выключэння з партыі, а другі (таксама не хочацца называць) — так злачынна лез у камандзіры, што і пра маладзецтва яго думаць не хочацца...

* * *

Ідзем з сельмага, а з ганка дома, што стаіць да вуліцы ўпоперак, выходзіць нажыла» жанчына і, пакуль адказаць на маё прывітанне, кажа, ледзь не весела: «Ой, пачакаю я з пустымі вёдрамі!..» Мы смяемся, што ў нас затое поўная торба (цукру і хлеба), што будзе добра і нам, і ёй; яна адказвае нешта накшталт таго, што ёй ужо нічога не паможа і не трэба,— і тут я ажно сагнуўся, дагадаўшыся, хто гэта...

Жанчына гэтая — маці таго «спакойнага, добрага хлопца», дваццацішасцігадовага дзецюка, што днямі павесіўся ў адрыне — «без дай прычыны», а пахаваны ўчора. А Ж. сказаў пасля пра прычыну (гэта яго сваяк): «облучение» ў ракетных войсках...

Чацвёрты выпадак — з вядомага толькі мне.

Ужо цяпер, загадзя, ціха шматлікія ахвяры будучай вайны, якіх ніхто не падлічвае, пра якіх ведаюць толькі іх сямейнікі і найбліжэйшыя землякі.

* * *

У Магілёўскай губерні палякам належала 41,9 % памешчыцкай зямлі, у Мінскай — 54, у Гродзенскай і Віленскай — 60 %.

А вось і Лойд Джордж:

«Права народаў самім акрэсліваць сваю прыналежнасць было неадкладна а дні пута польскімі лідэрамі. Яны сцвярджалі, што гэтыя розныя нацыянальнасці належаць палякам па праву заваявання, ажыццёўленага іхнімі продкамі. Накшталт старога нармандскага барона, які выхапіў з ножнаў меч, калі яго папрасілі даць доказы сваіх правоў на маёнтак, Польшча размахвала мечам сваіх ваяўнічых каралёў, які ўжо стагоддзямі «іржавеў у іхніх грабніцах». (Лойд Джордж. «Правда о мирных договорах». Том 1, с. 268-269.)

Самае смешнае, што і сёння гэтым размахваюць. Процьмай маленькіх іржавых мечыкаў. Не паўтараючы таго, што чуў і адчуваў у чэрвені ў Польшчы, можна згадаць «папраўку» ў «Życiu literackim» наконт Хатыні, што гэта «polska wieś», а таксама заўвагу ў дужках з дарожных нататак Махэйка, які як быццам гутарыў з тымі, што рэстаўруюць Мірскі замак, і заўважыў між іншым, што яны былі, вядома ж, палякі... Гэта проста мана, бо я тады быў разам з ім і ніякай падобнай сустрэчы і гутаркі не было, а такое — нават у думках, між іншым — таксама памахванне іржавым мечыкам... Успомнілася, пішучы гэта цяпер, як я ў 1969 годзе праводзіў групу польскіх Таварышаў і на пероне вакзала гэты, амаль штодня ачмурэлы ад гарэлкі «борзописец» сказаў мне, з усмешкай паказаўшы на свой распёрты барахлом і звязаны нейкім мотузам чамадан: «Stoję, jak jakiś Białorusin». У Беларусі, беларускаму пісьменніку — такое!.. А што ж было б, калі б такім сябрам не трэба было прыкідвацца сябрамі?..