Выбрать главу

У камеру смяротнікаў («хто спадзяваўся вышкі») да яго аднойчы прыгналі Браніслава Тарашкевіча. Есці яму прынеслі на талерачках (які цынізм!), а ён, Сяменікаў, ужо ведаў, што гэта — перад расстрэлам. Пачаў распытваць, што і як, і, пачуўшы, што Тарашкевіч усё падпісаў, сказаў: а як жа праўда, якая не будзе вядома? І Тарашкевіч пачаў грукаць у дзверы, прасіцца да следчага. Каб абвергнуць свае, вымушаныя, паказанні. Яго пусцілі да следчага, і ён не вярнуўся. Рэчы прыйшлі забралі...

І другое.

Па камерах мінскай турмы хадзіла тады... Вера Харужая, угаворваючы таварышаў усё падпісваць, як загадваюць, бо гэта... «патрэбна партыі»...

Калі мы з Максімам засталіся адны, ён гаварыў пра гэтую трагедыю, пранікаючы ў яе здагадкай, што Вера таму пасля і пайшла ў партызаны, пакінуўшы маленькае дзіця, бо адчувала сваю віну... Во тэма!..

* * *

Пра наша хамства за мяжой. Нямецкім дзецям, калі яны ідуць у школу, дома даюць па марцы на абед. Наш старшына выходзіў з кустоў і забіраў у малых гэтыя маркі. Пакуль яго не падпільнавалі і не накрылі гэдээраўскія жандары. Што ж, адправілі на радзіму.

Стронга ў матачніках найбольшая, і нашы два вышэйшыя афіцэры, палкоўнік і падпалкоўнік, панадзіліся «рыбачыць» іменна там. Зноў жандармерыя...

Колькі ж трэба контрпрапаганды, з прыцягненнем вялікіх імёнаў, каб давесці, што мы адтуль, дзе Кастрычнік, Ленін, Талстой!..

Той, што расказваў мне гэтую гнюсь, сказаў, што паблізу ад савецкіх гарнізонаў цяжка было гаварыць немцам пра нашу прагрэсіўнасць, значна лягчэй — далей ад ваенных гарадкоў.

Усё залежыць ад усіх.

* * *

Даць свайму і ўсесаюзнаму чытачу аповесці Жука і Быкава, раманы Казько, Адамчыка (з усімі агаворкамі да іх), трэці раман Чыгрынава — і ўсё гэта амаль у адзін час,— такое вельмі нядрэнна сведчыць пра сталасць нашай літаратуры.

А ў іншых? У маленькай Літвы — адзін толькі Марцінкявічус чаго варты. Не на ўвесь голас пачуты «Дзённік без дат». Малдоніс гаварыў мне на Танкавым юбілеі, што ў арыгінале кніга гэтая разышлася маланкава — 30 тысяч за дзень!.. А цяпер я вось толькі што прачытаў яго міфалагічны фарс «Ікар». Якая дужая іронія, якая сталасць думкі!.. Гаворыць жрэц:

«Мы все идем вперед. Наше солнце светит все ярче и ярче. Наш виноград — все крупнее и крупнее. Скоро виноградина станет такой, что и в рот не влезет. И тогда со всей остротой встанет вопрос — как увеличить объем человеческого рта».

Хіба ж у гэтым не сучаснасць?

Гэты... хлопец — прыемны сваёй сціпласцю. Так ён учора вітаўся са мной, калі мы, беларусы, ужо афармляліся ў гасцініцы, а яны, літоўцы, прыехалі з вакзала. У красавіку ён абяцаў прыслаць мне «Литературную Литву» са сваім дзённікам і не прыслаў. Я прачытаў яшчэ больш скарочаную публікацыю ў «Нёмане». Сказаў яму ўчора, што прачытаў, ды з прыемнасцю, і ён, як быццам збянтэжана: «Спасибо на добром слове». Цяпер яшчэ ўсё ноч, а я прачытаў яго «Ікара» і думаю, што таксама можна было б сказаць Юсцінасу добрае слова, аднак жа можна і надакучыць чалавеку сваёй ліпкасцю. Такое часамі даводзіцца адчуваць і самому, і самому не давяраць, абараняцца шчырай сарамлівасцю.

* * *

На прыпынку таксі за намі, Драчом і мною, і яшчэ трыма незнаёмымі, стаў Макашын. Увосень 1964-га, калі я пазнаёміўся з ім у Ленінградзе, ён быў элегантны ў сваёй... не старасці яшчэ, а толькі на яе пачатку. А сёння ён ужо грузна стары, магчыма, і нямоглы. Мы ўжо віталіся з Сяргеем Аляксандравічам на пленуме, і я, пакінуўшы Івана з двума ленінградцамі, што якраз падышлі да яго, адступіўся да Макашына і гутарку нашу пачаў з удзячнасцю за «Яснапалянскія запіскі».

Між іншым, стала канчаткова ясна, чаму яны так доўга не выдаваліся: «антысемітызм» Макавіцкага, які яму не маглі дараваць усёмагутныя ў свой час яўрэі, што і цяпер яшчэ, у сямідзесятых гадах, спрабавалі не дапусціць да гэтага выдання. Нягледзячы, што тое, няхай сабе не зусім здаровае, у Макавіцкага перакрывалі «все люди — братья» ў Льва Мікалаевіча.

Цяпер Макашын заняты спадчынай Герцэна. Сабраў усё, што было за мяжой, рыхтуе да выдання. І з сумам гаворыць, як мала цікавіць Герцэн — Герцэн! — сённяшняга чытача... Такія вялікія справы робіць гэты чалавек, С. А. Макашын, а побач з яго старэчай дзябёласцю на асфальце тратуара распаўзлася «авоська» з банкамі зялёнага гарошку і яшчэ чагосьці. «Заказ получил»,— растлумачыў ён, а мне яшчэ раз падумалася пра нашу незразумелую і зразумелую беднасць...