Потым прыйшоў адзін наш «пісьменнік». З парога сказаў, што ён па ордэны і медалі. Нават не заглянуў туды, дзе ляжыць старэйшы калега, ветэран вайны, нават кажуха не зняў, не тое каб выказаць сям'і спачуванне... «Пасля зможаце забраць іх у саюзе»,— сказаў пра ўзнагароды ў скрыначцы. І пайшоў у сваёй дублёнцы, прывезенай з замежнай камандзіроўкі.
Другі падобны з'явіўся на ўчарашняй ёлцы. У гурт малечы, мам, бабуляў і трохі нас, дзядоў, ён, мінуўшы гардэроб, увайшоў у кажусе ды ў шапцы — паглядзець на свайго. Так і чуецца, так і прэ з яго: «Пішу новы раман, е.я.м.!»
А трэці, зноў жа работнік апарата СП, па тэлефоне, самой удаве: «Не думаю, што выйдзе так, як вы хочаце — пахаваць на Маскоўскіх: ранг не той...»
І ўсё гэта, усе тры — нядаўнія «маладыя, таленавітыя», з вышэйшай асветай...
* * *
Маскоўскія рэдакцыйныя дзеўкі і цёткі займаюцца такім літаратурным браканьерствам: устаўляюць у чужыя артыкулы свае «думкі». Радасць І., што К. назваў яе пераклад выдатным, а слова гэтае ўставіла Т., якой трэба, каб І. надрукавала яе ў сваім часопісе. А Г.— проста з сімпатыі да мяне і антыпатыі да Н. наставіла ў яго артыкул пахвальных слоў у мой адрас. Во дзе ён пляваўся!.. Але ж і змоўчаць трэба. А мне таксама было прыкравата.
* * *
«В свете последних решений...» і г. д.
Напісаны дваццаць год таму назад, раман мой выдаецца, з улікам перакладаў і перавыданняў, ужо чатырнаццаты раз, і трэба зноў штосьці выкідаць, з нейкіх часовых, злабадзённых «палітычных» меркаванняў... Як гэта ўжо, кажучы па-караткевічаўску, астабрыдла!..
* * *
Мужыка беднага, хоць ён ужо і калгаснікам стаў, столькі кешкалі, папіхалі ў чаргу за рабочым, што ён сказаў нарэшце: пайшлі вы да д'ябла, і сам паехаў у горад. Нарабіце хлеба, наешцеся без мяне!..
Задалёка мы зайшлі ў падкрэсліванні значэння рабочага класа — у бяскласавым грамадстве. «Самая высокая свядомасць!» Калі і пад плотам ляжыць?.. «Найцяжэйшы ў маральным сэнсе раён», гаварылі нам, дэпутатам, на праверцы правоў аховы мацярынства і маленства ў Заводскім раёне Мінска...
* * *
«Лепта ўдавіцы».
Успомніў яе, гледзячы па тэлевізары вечар Гамзатава. Увесь збор ад вечара — у «фонд міру». І тут жа старшыня гэтага фонду, шахматыст Карпаў, выдае яму за гэта ўзнагароду...
Так было і ў нас, з дваіма ахвярадаўцамі.
Калі ў наш лагер ваеннапалонных прыгналі першых югаславян, загналі іх у загарадку для «штрафкампані», мы, лагерныя ветэраны, стаім каля тых дратоў, перагаворваемся з новымі, а хто дык і крошку хлеба ім падасць. Вельмі мала, бо не было яго і самому сабе.
І тут праз наш натоўп пачаў праціскацца француз, адзін з тых «арыстакратаў», што трымаліся на багатых пасылках з дому. Пагарда і нецярплівасць — такое было ў яго словах, позірках, жэстах: мы перашкаджалі яму як найхутчэй зрабіць высакародную справу. Ён нёс у кацялку гарачы напітак, не што-небудзь, а шакалад! Ён урачыста, высакамерна падаў свой кацялок цераз дрот і штосьці — па тону можна было меркаваць — адпаведнае моманту прамовіў. Не памятаю якой-небудзь звышасаблівай радасці таго шэрага, змардаванага югаслава, у чые першыя рукі трапіў той кацялок,— больш помніцца французава важнасць...
* * *
У вясковай школе, у сталовай пасля выступлення.
Крышку захмялеўшы, яна, пажылая настаўніца, пачала застольны спеў з гэтай, дваццацігадовай даўнасці, студэнцкай песні. І на сустрэчы, калі яна сядзела ў першым радзе, і калі фатаграфаваліся, галава яе прыкметна траслася і вочы чырвона слязіліся. Цяпер шырокі рот раскрываўся сутаргава і, дурань сказаў бы, смешна.
Потым малады дырэктар школы расказаў, што жывецца гэтай жанчыне пры п'яніцы-мужу, фельчару, вельмі нялёгка. І цяпер ужо гэты спеў яе мне чуецца, а сама яна бачыцца — праз той дырэктараў расказ.
* * *
Увечары ўчора ўспомніў рэдагаванне ў «Советском писателе» маёй кнігі «Мир далекий и близкий». Прадстаўнік галоўнай рэдакцыі, ціхі яўрэйскі паэт Б.:
— Эту мысль мы с вами давайте повернем так... (З жаданнем дапамагчы, відаць, шчырым, бо потым кнігу сваю прыслаў.)
— Ну, мысли вы будете поворачивать свои,— адказаў я яму,— или идет, как есть, или снимайте...
* * *
Зноў «истасканный, истерический хлюпик...» [54]. Як гэта несправядліва пра таго, хто столькі і так працаваў, і разумова, і фізічна, жыў здаровым вясковым, сямейным жыццём! Трэба сказаць, сцвердзіць сваё — кажы, сцвярджай, але навошта ж бэштаць другога?.. А нас гэта, сказанае «в пылу полемики», абавязвае амаль па-рэлігійнаму, з той розніцай, што паспрабуй аспрэчыць — і кара падзе адразу ж, тут жа, не чакаючы страшнага суда і пекла.