«Kłopoty literackie». Чытаючы, успомніў, як днямі Ніна разгаварылася ў электрычцы Стоўбцы — Мінск з бабуляй з Жукавага Барка.
— У нас жа былі партызаны. Многа, два атрады. Адным камандаваў Янка Купала, а другім Якуб Колас. Цяпер у Беражне астаўся панскі маёнтак, дык яго аддалі ім. Яны там на дачы жывуць. І да іх з Мінска многа прыязджае...
Несть пророка?.. Ды што хацець ад цёмнай бабкі, калі адзін з тых, што калісьці так «аўтарытэтна» вучыў нас з трыбуны, што і як трэба рабіць за пісьмовым сталом,— К. Т. Мазураў у кнізе сваіх камсамольска-партызанскіх успамінаў піша, між іншым, як ён любіць Коласаву «Новую зямлю», «в которой поэт показал людей послереволюционной Белоруссии»...
З выданнем успамінаў аўтару дапамагалі тры рэцэнзенты з высокімі званнямі, у якасці рэдактара значыцца сам загадчык аддзела мемуараў. А пазней, пры выпадковай сустрэчы, былы сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі заслужана пахваліўся мне: «О, з кнігай Кірылу Трафімавічу я нямала дапамог!»
Словам, усё рабілася на найвышэйшым узроўні [57].
* * *
Зноў прыгадаўся стары Сяменікаў, нямоглы ветэран заходнебеларускага камуністычнага падполля. «На першым допыце ўвесь тынк на сцяне ў кабінеце следчага быў абабіты маёй галавою...» А потым: «Партыя знайшла мяне і ў тайзе!..»
Так і карцела спытацца: «А хто ж вас запякаў туды?..»
* * *
Строгасць маскоўскіх рэдактараў, дакладней — рэдактарам «Прежде всего забудьте, что это где-то печаталось». «Где-то» азначае друкаванне ў арыгінале, на роднай мове. А потым, калі пачынаеш зусім справядліва і неабвержна аспрэчваць што-небудзь, яна з пажылым адчаем паварочвае на чалавечнасць: «Не лишайте меня куска хлеба!..»
У кнігу «Немного о вечном» раздел «Из записных книжек» я дасылаў асобна. Першы экземпляр рукапісу недзе заваляўся ў рэдакцыі, не знайшлі, рэдактар узяла дахаты другі экземпляр, там працавала над ім. Колькі было накрэмзана!.. А потым, у карэктуры, гляджу — усё па-мойму! Спачатку было шчаслівае здзіўленне, пасля прыйшла здагадка: малодшы рэдактар знайшла той першы экземпляр і сунула яго ў адрэдагаваны рукапіс, каб лішне не перадрукоўваць. Рэдактар карэктуру чытала, цэнзар усё чытаў — усе засталіся са сваім куском хлеба. Недаскублены аўтар — таксама.
* * *
Думаў не так даўно, а потым і гаварылі пра гэта з Караткевічам (нават ён і пачаў), што ўсе нашы капітальныя выданні — тамы фальклорнай серыі, энцыклапедычныя шмат- і аднатомнікі — як быццам падбіванне вынікаў, баланс перад закрыццём...
Толькі літаратура жыве ў развіцці, сяк-так трапечацца.
ВЯЧЭРНЯЕ
Памёр Алесь Руляк, мой даўні сябар па кнігах, нашмат старэйшы за мяне настаўнік-пенсіянер. Праз паўгода наведаўшы яго самотную ўдаву, знаёмлюся з тым, што засталося ад яго архіва, перабіраю змесціва старога чамадана. Я не сабраўся прыехаць раней, і гаспадыня паспела ўсе пісьмы спаліць. А іх, я ведаю, было нямала. З такой далечыні, як Польшча, Англія, Аўстралія, ад сваякоў, якіх віхураю вайны разнесла па вялікім свеце, ну, вядома, і бліжэйшыя пісьмы, ад сяброў па наваградскай беларускай гімназіі, ад іншых людзей, у тым ліку і мае, за ўсе пасляваенныя гады.
Часта такое паўтараецца — спальванне, «чтобы не захламлять квартиру», як пісала мне з паўночнага Урала дачка абруселага педагога Сяргея Гайко, у трыццаць трэцім годзе сасланага туды беларускага пачынаючага літаратара, інтэлігентнага, высакароднага чалавека, з якім я перапісваўся больш за дзесяць гадоў.
Ды вось жа ў старым чамадане, сярод сякіх-такіх рукапісаў і кніг, якія не толькі на этажэрцы, ацалела запіска. Цытую дакладна:
«Каханыя! Прыехалі за позна, разлучились, не пажагнаўшыся з Вами. Просьба: беражыце здароўе! Бывайце — цалуем Вас усіх моцна-моцна — Кахаючыя Вас Сярожа і Аня. 21.VI.41».
Беларуска-руская малапісьменнасць з польскім ухілам — kochani, kochający, żegnać się — зразумелыя таму, хто ведае, што аўтары гэтай пісулькі — абое з польскай сярэдняй асветай, мясцовая моладзь, якая з восені трыццаць дзевятага да палавіны сорак першага перараблялася на беларускі савецкі лад. Палавіна сшыткавага ліста, складзеная ў восем столак, на станцыі Гародзей нейкім цудам перададзеная ў адзін з бясконцых запыленых таварных вагонаў тымі, што асмеліліся праводзіць. А гэтыя яшчэ ж і спазніліся. А дата, дата якая — адзін толькі дзень да пачатку Вялікай Айчыннай, да працягу другой сусветнай вайны ў яе далейшым, найбольшым напале...
З тымі, каму яна была адрасавана, каму так удала трапіла ў рукі, запіска гэтая вярнулася з далёкай ссылкі пасля вайны. Сябру майму, можна сказаць, пашанцавала: з бацькамі, жонкай і маленькім сынам Алесь апынуўся ў Пензенскай вобласці, працаваў у саўгасе, спачатку загадчыкам гаспадаркі, потым бухгалтарам. Смяяўся неяк у ацалелай бацькавай хаце, што павінен падзякаваць Богу,— каб не выслалі (з-за малодшага брата, які жыў у Польшчы), дык праз нейкі месяц, а то і хутчэй, акупанты з памагатымі расстралялі б або павесілі як актывіста, або пазней уцягнулі б сілай у сваю паліцыю, як гэта здарылася з некаторымі сябрамі, знаёмымі і мне.
57
У другім выданні кнігі папраўлена на «предреволюционной Белоруссии», а глыбіня разумення засталася.