Швагра яго, Сярожу, я ведаў вельмі мала. От, акуляры, студэнцкая шапка. А жонка ягоная, Аня, у сямігодцы вучылася на клас раней за мяне і сябравала з маім братам Мішам. У іх нават больш было трохі, чым сябраванне. Смуглявая, высокая, вясёлая красуня.
Над пісулькай успомніўся чэрвеньскі дзень ажно трыццатага года. Аня чамусьці не з'явілася ў школу ў той дзень, калі сямікласнікі ладзілі развітальны вечар. І вось мяне — так, іменна мяне! — з адным сямікласнікам, на чатыры гады старэйшым, паслалі з Турца цераз наша Загора, а потым голаю пашай, няскошаным лугам, па сезонным гарбатым мосце цераз Вушу, зноў лугам і ажно ў леснічоўку — за добрых сем кіламетраў ад школы. Што такое казённы ляснік для вясковага хлапчука, што такое казённы лес у тыя гады? Грозная таямніца. За якою і стрэльба, і сабака, і крык, і штраф бацькам, калі вясковы пастушок паткнецца за нябачныя межы той таямніцы. Аднак мы, пасланцы, не засталі ў тым бярэзніку, што клінам уразаўся ў высокатравяністы луг над звілістай Міранкай, ні самога лесніка са стрэльбай, ні яго дарослага сына, ні іх сабакі, а толькі прыемна смяшлівую Аніну маму, якая частавала нас малаком, пакуль яе красунечка прыбіралася на выхад. А потым мы ішлі ўтраіх, пра штосьці, вядома, гаварылі, з чагосьці смяяліся, ды я не буду цяпер нічога прыдумваць. Годзе таго, што гэта мне светла помніцца.
Мне было трынаццаць, Аня старэйшая на два гады, аднак і я, услед за братам, якому было шаснаццаць, адчуваў сябе закаханым у нашу Аню па-свойму. А значыцца, і шчаслівым у той, такі сонечны дзень. Хоць і без рэўнасці, нават, можа, шчаслівы за брата.
На развітальны вечар сямікласнікаў, у хату аднаго з вучняў, запрошаны былі некалькі дзяўчынак і хлапчукоў з шостага, у тым ліку і я, заслужаны пасланец. У абодвух класах была бадай палавіна пераросткаў, што з-за бясконцых войнаў (царскай, грамадзянскай, бальшавіцка-польскай) вучыцца пачалі хто ў сем, хто ў восем, а хто і ў дзесяць або дванаццаць гадоў. Я быў даволі бойкім смехуном, а ўсё ж ушчэнт збянтэжыўся, калі старэйшая сястра майго аднакласніка і сябра Абрашы (потым Зяма ў «Золаку, убачаным здалёк»), прыгожая Шэйна, пакуль мы штосьці елі-пілі (не гарэлку і нават не піва), устала над сталом, перахілілася і, смеючыся, сказала: «А ну, Ясь, калі ўжо ты такі храбры, пацалуй мяне! Збаішся?..» А я збаяўся, пад дружны рогат, а потым вусны тыя, раскрытыя ў смеху і ўсмешцы, і вялікія карыя вочы, і грудзі не давалі спакою маёй адзіноце.
А каб жа Аня так сказала, так засмяялася!..
Над чамаданам, з пісулькай у руцэ, як і цяпер, запісваючы, я яе, мілую Шэйну (і сапраўды, на ідыш імя Шэйна — красуня) — не магу не бачыць інакш, як праз тое, што адбылося праз адзінаццаць гадоў пасля таго дзіцяча-юначага вечара. Увосені сорак першага і яна, ужо маладая маці, была па-зверску забіта ў нашым мястэчку. Як і іншыя з тых, каго я ведаў, з кім сябраваў, каго сёння — праз цэлую вечнасць — бачу на выцвіла-старой фатаграфіі пятага і чацвёртага класаў, на фоне густой лістоты, што акружала высозную, прыгожую царкву, за якою ціха стаяла наша старая драўляная школа.
Ані на тым здымку няма, яна прыйшла ў нашу школу на адзін толькі год, у сёмы клас, калі бацьку яе перавялі аднекуль у казённы лес за нашаю Вушай. Можа, таму і ўспамін такі востры, што толькі адзін год, што толькі адна сустрэча была пасля, калі яна, студэнтка Нясвіжскай семінарыі, светла-зялёнай павай праплыла па летняй, нядзельнай вуліцы нашага Загора, ідучы ў Турэц, і мы сустрэліся, пагаварылі. Брату было дзевятнаццаць, ёй на год менш, а мне яшчэ на два. Яшчэ не надта, як перад Шэйнай, смялейшы. Яна ж была ў самым дзявочым росквіце, яе чароўная смуглявасць, мілы, іскрысты смех яе мне помніцца...
Пасля бацькі пасаду лесніка, на сваю галаву, заняў Анін брат. У саракавым, калі яна была ўжо замужам, жыла ў мястэчку, брата з сям'ёю вывезлі. Цераз армію Андэрса ён трапіў пасля ў Англію, куды пазней, з Польшчы, аўдавеўшы, пераехала і Аня з дзецьмі. А ўжо адтуль, за сынам, рушыла ў Аўстралію. Пісала адтуль залоўцы і швагру, майму Алесю.
Ды вось і тых пісьмаў няма...
А зрэшты — ці сказалі б яны мне больш за гэтую пісульку?..
* * *
Не толькі ў мяне гэта — жаль, што нечага не зрабіў, у час не спытаўся ў кагосьці, не схадзіў, не паехаў, не напісаў... Бездапаможны жаль і непазбежны!..