* * *
У бібліятэцы з цікавасцю пераглядаў дзве статыстычныя кнігі з 1876 і 1889 гадоў — пра землеўладальнікаў Мінскай губерні. Вышукваў толькі тое, што з «Новогрудского уезда», маёнткі найбліжэйшыя да нашага Загора.
У першай кнізе — «землевладельцы», пачынаючы з нейчых пяцідзесяці дзесяцін, цераз Кашыцавы дзевяцьсот («зямля — як яечня!» гаварылася пра той наднёманскі раўнінны чарназём) і да — ажно не верыцца! — 669 тысяч 527 дзесяцін у Вітгенштэйна, папярэдніка князя Святаполк-Мірскага. Праўда, апроч Наваградскага, яшчэ ў шасці паветах Мінскай губерні.
А ў другой кнізе, пазнейшага выдання, вельмі выбарачна, выпадкова, з рознымі памылкамі «землевладельцы» зніжаюцца аж да лічаных дзесяцін.
Скажам, такі мой сямейны цуд:
«Янчук Иван Григорьевич, крестьянин, православный, деревня Малосельцы. Две десятины».
Мой дзед па маме.
Не памятаю ўжо, колькі гадоў таму назад, але перад знаёмствам з тымі кнігамі, я надыбаў на маласельскіх могілках на ягоны помнічак. Літары ў камені выдзеўбаны так надзейна-глыбока, што няпроста было, пры дапамозе травянога вехця ды галінкі, дацерціся, дакалупацца, каб прачытаць і ўсцешыцца з яшчэ аднаго сямейнага адкрыцця.
* * *
Можа, каб у мяне была яна, глыбока эшаланіраваная генеалогія, дык і я ганарыўся б тымі з продкаў, кім можна было б ганарыцца? А так — так мае высокую, агульначалавечую рацыю кубінец Нікалас Гільен:
«Я сын, і ўнук, і праўнук нявольніка. Няхай саромеецца іхні пан!»
* * *
Учора пачаў чытаць яшчэ адну гістарычную аповесць, і, можа, таму; што тэмпературыў, падумалася з прыкрасцю, што ўсе народы ўжо даўно адбразгацелі ў літаратурах рыцарскімі метамі ды латамі, а мы цяпер — наўздагон. Калі ўжо трэба перш за ўсё думаць пра тое, як уратаваць людзей ад узаемазнішчэння, як унармаваць нянавісць, варажнечу паміж народамі, каб не было такога беспрасвецця. Бо не толькі ж ядзерная зброя страшная, але і ўсе тыя «часці асобага прызначэння», у якіх маладыя людзі даводзяцца да жахлівага азвярэння...
«Барацьба за мір — да пачатку вайны». Штосьці так гаворыцца. А пачнецца вайна і ўсім нам, пісьменнікам, трэба будзе ўздымаць нянавісць, культываваць яе, што і мне ўжо даводзілася рабіць. Пераступіўшы цераз сваё чалавекалюбства.
* * *
Меншы сынок майго Кураўкі з «Ніжніх Байдукоў», па бацьку дасціпны, у адзін з дзён акупацыі «не даў», як гаварылася ў вёсцы, іменна не даў немцу забраць іхняга парсючка. Стаў, распасцёршы рукі, якіх ужо амаль хапала на шырыню дзвярнога праёма, і з плачам крычаў, што не дасць. Немец той пастаяў і — відаць, таму, што іншых немцаў, а тым больш начальства блізка не было,— дарослы, узброены рабаўнік, адступіўся, моўчкі пайшоў з двара.
Пра гэта ўвосені сорак трэцяга года ў мяне было запісана, амаль апавяданне цэлае, але яно не захавалася, бо і пазней, ужо не ў вайну, такое было, як тэма, зусім не па часе...
* * *
Ці я ад Талстога набраўся антываеннага духу, які жыве ўва мне з дзён ранняга юнацтва, ці гэта быў ва мне такі мірны пачатак, які ахвотна адгукнуўся на талстоўскае?.. Адчуванне жаласці, любові, спачування — трэба яго абуджаць, падтрымліваць, гэта важна. Пытанні — пытаннямі, сумненні — сумненнямі, а тое, што ў табе ёсць — яно не прыдумана.
* * *
Чаму я не думаю, у каго траплялі кулі з таго станковага кулямёта, пры якім я, у верасні трыццаць дзевятага, быў другім нумарам, а то і першага падмяняў, і з гарачкі пускаў усю стужку старога «максіма» — дзвесце пяцьдзесят патронаў — адным націскам?..
* * *
А як гэта хораша — зноў пайшоў спорны, роўненькі дождж, ад якога ўнізе, пад маім акном на гарышчы, па траве ўцякаюць на веранду вясёлыя, загарэлыя, босыя ўнукі.
* * *
Учора перад сном, калі мы ўжо начыталіся казак і яна не хацела яшчэ на свой ложак, а «давай пагаворым», я любаваўся яе загарэлымі ножкамі, ручкамі, тварыкам, любаваўся і... страшна падумалася, што і гэта ўсё — не вечнае.
Адна з пажылых сябровак калісьці казала мне з лёгкаслязлівай шчырасцю, што гэта ж так страшна, так крыўдна — нараджаць, гадаваць дзяцей, каб яны пасля паміралі. Як памёр яе адзіны сын, дарослы.
Так яно і задумана, жыццё. Ходзіш па могілках, дзе столькі ўжо знаёмых і сяброў, і нібы не думаецца, каб зусім зблізку, што гэта ж не толькі для іх, такі бясконцы эпілог, але і для цябе...
* * *
Амаль кожную раніцу прачынаюся з нейкім новым, можна сказаць, болем. Яшчэ штосьці нібыта само па сабе згадаецца, нейкі промах ці грэх, і пачынаеш разглядаць яго буйным планам, з самай павышанай ды паглыбленай пільнасцю... І навошта гэта патрэбна? Ці не адгэтуль ідуць яны — рай, пекла, чысцілішча? Царкоўная споведзь, патрэба ў ёй, хоць і не на ўсю шчырасць,— ёю ж і сёння карыстаюцца. Хто верыць. А нам нічога не падыходзіць, адно толькі самаедства...